За надпіс «Незалежнасцю не гандлюем!» мазырчуку ўляпілі штраф

2019 2019-03-21T08:19:24+0300 2019-03-21T08:19:24+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mazyr-stela.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Памятны знак, усталяваны ў гонар 33-й гвардзейскай ракетнай дывізіі. Фота: mazyr.by

Памятны знак, усталяваны ў гонар 33-й гвардзейскай ракетнай дывізіі. Фота: mazyr.by

На жыхара Мазыра Васіля Васько, які ў студзені размясціў на памятнай стэле, усталяванай у памяць аб ракетнай дывізіі, надпіс «Незалежнасцю ня гандлюем!», 14 сакавіка склалі пратакол па артыкуле 21.14 КаАП (парушэнне парадку добраўпарадкавання населеных пунктаў).

Стэла была ўсталяваная ў Мазыры ў памяць ракетчыкаў, якія дыслакаваліся тут у савецкі час. На памятным знаку з гергіеўскімі стужкамі і выявай расейскага трыкалора, размешчаны савецкі сцяг, малюнак ракетнага комплексу і надпіс «Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння - гарант міру і бяспекі».

21 лютага яго з дому даставілі ў міліцыю, дзе канфіскавалі тэлефон і праверылі яго змесціва. Там былі знойдзены фотаздымкі з надпісам на стэле.

«Мне пагражалі, што пасадзяць, я прызнаўся, што сапраўды пакінуў гэты надпіс», - распавёў жыхар Мазыра.

Тэлефон у яго забралі, але пасля скаргі ў пракуратуру вярнулі.

У Мазырскім райаддзеле унутраных спраў нядаўна  быў разгледжаны пратакол правапарушэння і вынесеная пастанова аб прыцягненні Васіля Васько да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 2 базавыя велічыні.

Цікава, што сайт раённай газеты "Жыццё Палесся" яшчэ задоўга да вынясення адміністрацыйнай пастановы зрабіў Васько вінаватым і абвінаваціў тады яшчэ невядомага грамадзяніна ў крымінальным злачынстве, прадугледжаным арт. 341 КК Рэспублікі Беларусь (апаганьванне будынкаў і збудаванняў цынічнымі надпісамі або малюнкамі).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства