Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Люты 2019

2019 2019-03-01T12:35:44+0300 2019-03-01T12:35:44+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vokladka_feb_2019.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • на працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны;
  • з 12 лютага суд Заводскага р-на г. Мінска працягвае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да галоўнай рэдактаркі незалежнага інфармацыйнага партала tut.by Марыны Золатавай;
  • 1 лютага Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта вынес пастанову аб прыцягненні брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна ў якасці абвінавачанага па крымінальнай справе. Блогера абвінавачваюць па ч. 2 арт. 188 («Паклёп») і ч. 2 арт. 189 («Абраза») КК. Падставай для распачынання крымінальнай справы супраць С. Пятрухіна сталі яго відэаролікі, у якіх ён заявіў аб датычнасці шэрагу супрацоўнікаў міліцыі Ленінскага РУУС г. Брэста да збіцця ў 2016 г. жыхара горада П. Камінскага;
  • на працягу месяца працягваўся пераслед журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі;
  • працягваюцца рэпрэсіі супраць абаронцаў навакольнага асяроддзя ў Брэсце; ўдзельнікі акцый пратэсту падвяргаюцца адміністрацыйным спагнанням;
  • на працягу лютага зафіксаваныя выпадкі прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд так званых «экстрэмісцкіх матэрыялаў», у тым ліку ў інтэрнэце. У большасці выпадкаў гэта з’яўлялася неправамерным і непрапарцыйным абмежаваннем свабоды выказвання меркаванняў;
  • істотных паляпшэнняў сітуацыі з правамі чалавека ў лютым зафіксавана не было.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

1 лютага Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь вынес пастанову аб прыцягненні брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна у якасці абвінавачанага па крымінальнай справе па ч. 2 арт. 188 («Паклёп») і ч. 2 арт. 189 («Абраза») КК.

Падставай для прыцягнення блогера да крымінальнай адказнасці сталі відэаролікі, які былі знятыя яшчэ ў сакавіку і красавіку мінулага года ў будынку суда Ленінскага раёна Брэста, а таксама па месцы жыхарства Пятрухіна і трансляваліся на відэахостынгу YouTube. У дадзеных роліках С. Пятрухін заявіў аб датычнасці шэрагу супрацоўнікаў Ленінскага РУУС г. Брэста да збіцця ў дадзеным міліцэйскім участку ў 2016 г. грамадзяніна П. Камінскага.

Варта адзначыць, што збіты супрацоўнікамі Ленінскага РУУС г. Брэста П. Камінскі звярнуўся з заявай у СК аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, указаных у роліках С. Пятрухіна. Нягледзячы на ​​тое, што экспертыза зафіксавала нанесеныя П. Камінскаму пабоі, СК вынес пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. За перыяд з 2016 па 2019 гг. было вынесена восем пастаноў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, сем з якіх адмянялася вышэйстаячымі органамі СК і пракуратуры ў сувязі з непаўнатой праведзенай праверкі па заяве.

Брэсцкі блогер Cяргей Пятрухін — сталы ўдзельнік акцый пратэсту супраць будаўніцтва экалагічна шкоднага акумулятарнага завода, раней неаднаразова затрымліваўся ў сувязі з гэтым супрацоўнікамі міліцыі. Таксама Сяргей Пятрухін стаў вядомы дзякуючы шматлікім відэаролікам, якія крытыкуюць дзейнасць прадстаўнікоў мясцовай улады, у тым ліку і органаў унутраных спраў.

З 12 лютага працягваецца судовы разгляд крымінальнай справы, узбуджанай па ч. 2 арт. 425 КК («Бяздзейнасць службовай асобы») у дачыненні да галоўнай рэдактаркі незалежнага інфармацыйнага партала tut.by Марыны Золатавай. Золатава засталася адзінай абвінавачванай па «справе БелТА», астатнія фігуранты — 14 супрацоўнікаў розных СМІ — былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў журналісты былі абавязаны кампенсаваць прад'яўленую шкоду на суму ад 3 да 17 тысяч рублёў. СК двойчы адмовіў Золатавай ў задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу паводле артыкула 86 Крымінальнага кодэкса.

На працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны.

Ціск на праваабаронцаў

16 лютага ў Брэсце быў затрыманы праваабаронца “Вясны” Уладзімір Вялічкін. Вядома, што да яго дадому супрацоўнікі міліцыі прыйшлі 15 лютага, але праваабаронцы дома не было. Затым яго па тэлефоне запрасілі наведаць аддзяленне міліцыі ў 15:00 у суботу, дзе ён быў затрыманы. У дачыненні да праваабаронцы быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.34 КаАП (“арганізацыя або ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”) за яго ўдзел у масавым мерапрыемстве 10 лютага супраць будаўніцтва экалагічна небяспечнай вытворчасці. Да панядзелка У. Вялічкін утрымліваўся ў ІЧУ.

Суд Ленінскага раёна г. Брэста, разгледзеўшы адміністрацыйную справу У. Вялічкіна, прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні правапарушэння і падвергнуў спагнанню ў выглядзе штрафу ў памеры 15 базавых велічынь.

ПЦ “Вясна” выступіў з адмысловай заявай у сувязі з рэпрэсіямі ў дачыненні да сябра арганізацыі У. Вялічкіна.

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, створаная ў партнёрстве FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), таксама заклікае тэрмінова ўмяшацца ў гэтую сітуацыю ў Беларусі.

Дыскрымінацыя

Праваабарончы цэнтр “Вясна” за подпісам старшыні Алеся Бяляцкага і юрыста Валянціна Стэфановіча накіравалі заявы ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт з тым, каб гэтыя дзяржорганы правялі праверку па факце дыскрымінацыйных выказванняў міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча па тэлебачанні.

Гаворка ідзе пра інтэрв'ю міністра, у якім ён выказаўся адносна грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія належаць да супольнасці ЛГБТК +, назваўшы іх “дзіравымі”.

Следчы камітэт не палічыў патрэбным разгледзець гэтую заяву: як лічаць у ведамстве, у заяве “няма аб'ектыўных дадзеных, якія паказваюць на наяўнасць прыкмет злачынства”, а ў названых у заяве інфармацыйных рэсурсах “фармулёвак, фраз і (або) выразаў, накіраваных на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці, не выяўлена”.

Раней Генеральная пракуратура таксама адмовілася праводзіць праверку па факце выказванняў міністра ўнутраных спраў.

Савет міністраў, у які В. Стэфановіч таксама звярнуўся з заявай аб прыцягненні І. Шуневіча да дысцыплінарнай адказнасці, у сваю чаргу перанакіраваў заяву зноў у Генеральную пракуратуру.

Жорсткае абыходжанне

Дзмітрый Паліенка накіраваў заяву ў Заводскі раённы аддзел Следчага камітэта (г. Мінска) аб узбуджэнні крымінальнай справы па фактах жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з боку супрацоўнікаў Заводскага РУУС падчас яго трохсутачнага затрымання па крымінальнай справе: пры затрыманні Паліенку абражалі, спрабавалі зняважыць, перавозілі ў аўтамабілі стоячы на ​​каленях, пазбавілі медыцынскай дапамогі і ежы.

Пад ціскам праваабаронцаў, Цэнтральны апарат Следчага камітэта адмяніў пастанову УСК па Заводскім раёне Мінска аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця амапаўцамі ў навагоднюю ноч актрысы Святланы Сакалоўскай.

Мультымедыйны праект #БезПраваНаРасправу, які з'яўляецца часткай дзейнасці Праваабарончага цэнтра “Вясна” па выяўленні выпадкаў катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання з боку органаў улады і іншых дзяржаўных структур, працягнуў публікацыю гісторый жорсткага абыходжання.

Парушэнне свабоды меркаванняў і іх выказвання, свабоды мірных сходаў

16 лютага быў затрыманы і змешчаны да суда ў ІЧУ яшчэ адзін актывіст пратэстных акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода Віталь Казак; 18 лютага суддзя вынес пастанову па арт. 23.34 і пакараў яго штрафам у 40 базавых велічынь (1 020 беларускіх рублёў).

17 лютага ў горадзе Бярозе супрацоўнікі міліцыі затрымалі за ўдзел у акцыі ў Брэсце 10 лютага актывіста і блогера Аляксандра Кабанава.

Актывіста Змітра Казакевіча аштрафавалі на 30 базавых велічыняў (765 рублёў) за вядзенне стрыму з ускладання кветак да помніка Тарасу Шаўчэнку: у судзе Цэнтральнага раёна Мінска палічылі, што відэаздымкі — гэта і ёсць удзел у несанкцыянаванай акцыі. Вольгу Нікалайчык і Дзяніса Урбановіча за гэтую ж акцыю суддзя суда Цэнтральнага раёна Шабуня пакарала штрафамі ў 50 і 40 базавых велічынь.

Мірная акцыя дэмакратычных актывістаў «Свабоду палітвязням!» адбылася ў Мінску 26 лютага. Некалькіх актывістаў затрымалі да акцыі, а таксама пасля яе правядзення.

Валанцёры “Вясны” прааналізавалі выдзеленыя гарадскімі ўладамі Мінска месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў, дзе можна будзе праводзіць мірныя сходы па паведамляльным прынцыпе, і прыйшлі да высновы, што яны не прызначаныя для гэтых мэтаў.

Парушэнне свабоды асацыяцыяў

Заснавальнікі грамадскай арганізацыі «Дзея» абскардзілі ў Вярхоўны Суд адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі аб'яднання. У канцы студзеня Мінюст па фармальных прычынах — у дакументах для рэгістрацыі былі знойдзеныя некалькі апісак і недакладнасцяў — адмовіў аб’яднанню ў рэгістрацыі, не абгрунтаваўшы яе дапушчальнымі абмежаваннямі свабоды асацыяцыяў.

Ціск на журналістаў

У Горадні 1 лютага асудзілі журналістаў-фрылансераў Алеся Кіркевіча і Аляксандра Дзянісава. Як паведамляе “Гарадзенская Вясна”, абодвум былі прызначаныя штрафы па 30 базавых велічынь.

Штрафам за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат» пакараны журналіст з Глыбокага Зміцер Лупач.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства