Сёння Барысу Звозскаву магло б споўніцца 70 гадоў

2019 2019-02-26T12:40:54+0300 2019-02-26T13:43:56+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zvozskau_b2019.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Барыс Звозскаў

Барыс Звозскаў

Сёння магло б споўніцца 70 гадоў заснавальніку Беларускага дома правоў чалавека Барысу Звозскаву.

Вядомы праваабаронца нарадзіўся 26 лютага 1949 года ў Белогорску (Расія). Скончыў Ленінградскі электратэхнічны інстытут па спецыяльнасці «інжынер», а таксама Вышэйшыя міжнародныя курсы па абароне правоў чалавека.

Актыўнай праваабарончай дзейнасцю Звозскаў стаў займацца з 1990-х гадоў. Ён абараняў людзей у палітычна матываваных судовых працэсах, прымаў удзел у экспертызе шэрагу законапраектаў, шмат працаваў з журналістамі і грамадскімі актывістамі па пытаннях абароны ў адміністрацыйных і крымінальных працэсах. Барыс Звозскаў унёс вялікі ўклад у асвятленне і адукацыю па пытанні правоў чалавека сярод моладзі, юрыстаў, журналістаў і праваабаронцаў. У 2008 годзе стаў лаўрэатам прэміі "Праваабаронца года".

З самага пачатку Барыс Звозскаў быў сярод ініцыятараў і актыўных удзельнікаў працэсу стварэння і затым развіцця Беларускага дома правоў чалавека, з 2007 па 2010 быў прэзідэнтам ДПЧ.

Праваабаронца пайшоў з жыцця ў чэрвені 2012 года пасля цяжкай і працяглай хваробы.

Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, даведаўшыся пра смерць свайго сябра падчас знаходжання ў калоніі, напісаў пра яго ў адным са сваіх лістоў на волю:

"Барыс Звозскаў быў надзейным паплечнікам, неверагодна сціплым і сумленным чалавекам. Ягоная дакладнасьць і далікатнасць як у вялікіх, так і ў дробных справах заўсёды дысцыплінавалі і былі прыкладам для мяне. Хаця я часам перапыняў яго, не даваў яму выказацца да канца. Ён, як старэйшы векам і мудрэйшы, ніколі не папракнуў мяне, велікадушна дараваў маю нецярплівасьць.

Барыс Звозскаў вылучаўся надзвычайнай тактоўнасьцю і інтэлігентнасцю. Будучы рускім па выхаванні, ён заўсёды прыхільна ставіўся да беларускай мовы і культуры і, пражыўшы ў Беларусі не адзін дзесятак гадоў, лічыў Беларусь за сваю радзіму. Усе свае інтэлектуальныя здольнасці і намаганні, свой розум і сваю душу ён укладаў у развіццё беларускага грамадства. Моцна хварэючы апошнія тры гады, ён імкнуўся не абцяжарваць сваімі прыватнымі праблемамі сяброў і знаёмых".

Пасля смерці праваабаронцы Барыса Звозскава была афіцыйна зацверджана новая назва беларускага ДПЧ у Вільні – Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.


   Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства