Закрытасць адкрытых судоў

2019 2019-02-04T16:27:29+0300 2019-02-05T14:26:19+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/baranovich_tutby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы “Вясны” зноў робяць спробы патрапіць на судовае разбіральніцтва асуджанага за бойку з міліцыянтамі Святаслава Барановіча. 12 лютага суд будзе разглядаць пытанне аб яго пераводзе з калоніі ў турму. На адным з судовых паседжанняў Барановіч заявіў пра жорсткае і бесчалавечае абыходжанне з боку адміністрацыі папраўчай калоніі №1 горада Наваполацка.

Святаслаў Барановіч. Фота Tut.by

У чым праблема?

Суд арганізаваў разбіральніцтва ў сценах калоніі, то бок выязным пасяджэннем. Справа ў тым, што на тэрыторыю калоніі можна патрапіць толькі па дазволу адміністрацыі. Нават на суд. Гэта дазваляе артыкул 22 Крымінальна-выканаўчага кодэкса,  згодна з якім прадстаўнікі СМІ і іншыя грамадзяне маюць права наведваць установы, якія выконваюць пакаранне, па дазволу адміністрацыі ці вышэйстаячых органаў гэтых установаў.

Пры гэтым праваабаронцы настойваюць, што абавязак забяспечыць адкрытасць і публічнасць ускладзены менавіта на суд.

“У дадзеным выпадку абмяжоўваюцца, як мінімум, тры правы, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі актамі: права кожнага грамадзяніна на адкрытае судовае разбіральніцтва, права Святаслава на публічнае судовае разбіральніцтва, і права грамадзян, журналістаў, праваабаронцаў на доступ да інфармацыі. Па сутнасці атрымліваецца закрытае судовае разбіральніцтва, хаця законныя на гэта падставы ў дадзеным выпадку відавочна адсутнічаюць”, — адзначаюць праваабаронцы “Вясны”.

Яны звярнуліся да судовай і выканаўчай сістэмай пакарання з заявамі забяспечыць доступ грамадзян на суд да асуджанага Барановіча. Але іх заявы і бясконцыя адмовы больш нагадвалі замкнёнае кола, з якога няма выйсця.

Што адказалі суды?

Суд горада Наваполацка, які і будзе разглядаць гэтую справу, адказаў праваабаронцам, што разглядаць гэтую справу ў будынку гарадскога суда немэтазгодна. У якасці аргументаў ён прывёў наступныя:

  • спецыфіка справы: разгляд дадзенага пытання звязаны з адбыццём пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі,
  • тэхнічныя праблемы: ў папраўчай установе адсутнічае канвой, этапаванне асуджанага можа быць здзейснена толькі праз СІЗА-2 г. Віцебска, што з'яўляецца працяглай працэдурай і прывядзе да зацягвання працэсу.

Праваабаронцы “Вясны” абскардзілі такі адказ. Віцебскі абласны суд сказаў, што парушэнняў закону ў гэтым няма. Правесці судовае паседжанне на тэрыторыі папраўчай калоніі – гэта прэрагатыва суддзі, якая разглядае справу Барановіча. І ўмешывацца ў справы суддзі недапушчальна.

Вярхоўны Суд зняў з сябе усялякую адказнасць за дзеянні ніжэйстаячых судоў, і паведаміў, што ён “не ў праве ацэньваць дзеянні, рашэнні службовых асоб ці дзяржаўных органаў па-за рамкамі разгляду канкрэтнай справы і даваць ім нейкія даручэнні”.

Дадаткова Вярхоўны Суд паведаміў, што судовае разбіральніцтва адкладзена да 12 лютага.

Пры гэтым суды раілі звярнуцца ў адміністрацыю калоніі з просьбай аб прадастаўленні дазвола прысутнічаць на судовым паседжанні ў калоніі ў парадку 22 артыкула. Праваабаронцы “Вясны” звярнуліся і туды.

Будынак Дэпартамента выканання пакаранняў

А выканаўчая сістэма пакарання што адказала?

Але выканаўчым органам падаецца гэта немэтазгодным. Адразу праваабаронцы звярнуліся да адміністрацыі калоніі №1 г. Наваполацка, каб тыя далі дазвол прысутнічаць на выязным паседжанні на тэрыторыі калоніі. Але начальнік калоніі А.Пальчык без тлумачэнняў адказаў, што наведванне грамадзянамі, прадстаўнікоў СМІ выязнога судовага паседжання ў калоніі немэтазгодна.

Дэпартамент выканання пакаранняў сказаў, што адказ адміністрацыі калоніі з’яўляецца вычарпальным і не супярэчыць патрабаванням закона.

Акрамя заявы ў Вярхоўны Суд і Дэпартамент выканання пакаранняў МУС на забяспячэнне магчымасці прысутнічаць на судовым пасяджэнні Барановіча, праваабаронцы прасілі растлумачыць, увогуле ў якім парадку забяспечваецца адкрытасць судовага паседжання ў калоніі. Аднак яснага адказу атрымана так і не было.

І што, на судовае разбіральніцтва Барановіча ніяк не патрапіць?

Тут магчымы некалькі сітуацый. Першы варыянт: суд горада Наваполацка ўсё ж такі вырашыць разглядаць справу ў будынку суда, і ў такім выпадку можна будзе патрапіць ўсім жадаючым.

Другі варыянт: калі суд вырашыць пакінуць гэтую справу як ёсць, то бок разглядаць у  калоніі, то можна паспрабаваць прасіць дазволу патрапіць на судовае паседжанне ў адміністрацыі калоніі. Як гэта рабілі праваабаронцы “Вясны”. Ёсць верагоднасць, што адміністрацыя папраўчай калоніі №1 нарэшце палічыць прысутнасць грамадзян, журналістаў, праваабаронцаў на судзе ў Святаслава Барановіча мэтазгодным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства