Супрацоўніцу медыяінстута Fojo не пусцілі ў Беларусь праз расійскі "чорны спіс"

2019 2019-01-28T08:25:37+0300 2019-01-28T08:25:36+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vale-fojo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вольга Вале.

Вольга Вале.

Каардынатарка праграм шведскага медыяінстытута Fojo Вольга Вале накіроўвалася ў Мінск па запрашэнні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” на сустрэчу з маладымі журналістамі.

Па інфармацыі прэс-службы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, удзень 25 студзеня Вольга Вале была затрымана супрацоўнікамі памежнай службы знаходзіцца ў спісе асобаў, якім не пажаданы ўезд на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі.

Беларусь з нядаўняга часу мае агульны “чорны спіс” з Расіяй, таму ў нашу краіну Вольгу таксама не пусцілі. Яна вымушана вяртацца ў Рыгу зваротным рэйсам.

 — Мы звярнуліся ў памежную службу аэрапорта і на гарачую лінію Памежнага камітэта Беларусі, дзе пацвердзілі дадзеную інфармацыю. Паводле памежнікаў, Вольга Вале знаходзіцца ў расійскім “чорным спісе”, таму трапіць у Беларусь не можа. Супрацоўнікі памежнага камітэта раяць звяртацца ў афіцыйныя органы Расійскай Федэрацыі, — расказаў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” намеснік старшыні арганізацыі Алег Агееў.

Шведскі медыяінстытут Fojo больш за 15 гадоў супрацоўнічае з журналісцкімі арганізацыямі ў Беларусі, з яго падтрымкаю быў  рэалізаваны шэраг праграм з ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", Беларускім саюзам журналістаў, Інстытутам журналістыкі БДУ.

Раней ніякіх эксцэсаў з наведваннем Беларусі ў супрацоўнікаў Fojo не ўзнікала.

10 кастрычніка 2018 года Вользе Вале адкрылі дзелавую візу на год, а ў лютым 2019-га яна планавала паехаць у Расію.

Гэта не першы раз, калі беларускія ўлады, кіруючыся расійскім “чорным спісам”, дэпартавалі ці не пускалі ў краіну замежных грамадзянаў.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” выказвае абурэнне ў сувязі з інцыдэнтам. На думку кіраўніцтва арганізацыі, меркаванне органаў улады Расійскай Федэрацыі не павінна ўплываць на партнёрскія праграмы і кантакты паміж арганізацыямі Беларусі, Швецыі і іншых краін.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства