Віцебская міліцыя незаконна знішчыла бела-чырвона-белы сцяг

2019 2019-01-17T13:09:13+0300 2019-01-17T13:13:11+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/keshanuk_andrus.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрусь Кешанюк. Фота: Радыё Свабода

Андрусь Кешанюк. Фота: Радыё Свабода

Як паведамляе Радыё Свабода, віцебскі актывіст Андрусь Кешанюк здолеў часткова аспрэчыць судовае пакаранне, накладзенае на яго за святкаванне 100-годдзя БНР: Вярхоўны суд пастанавіў вярнуць яму бела-чырвона-белы сцяг, забраны міліцыянтамі. Але ў Першамайскім райаддзеле ўнутраных спраў Віцебску ягоную маёмасць знішчылі і нават не прапануюць яе кампенсаваць.

Канфіскаваць бела-чырвона-белы сцяг пастанавіла суддзя Першамайскага райсуду Наталля Карабліна.

Андрусь Кешанюк спрабаваў абскардзіць яе рашэнне ў абласным судзе, а потым вышэй, і толькі старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала заўважыў судовую памылку. Ён пастанавіў выключыць з пастановаў згадку пра канфіскацыю рэчавых доказаў, бо гэта не прадугледжана артыкуламі пра незаконнае пікетаванне (ч. 2 арт. 23.34 КаАП) і непадпарадкаванне міліцыянтам (23.4 КаАП), паводле якіх актывіста пакаралі.

Аднак на сваё патрабаванне вярнуць незаконна забраную маёмасць Андрусь Кешанюк атрымаў адмову з подпісам начальніка Першамайскага райаддзелу МУС Аляксандра Чарняўскага. Маўляў, вярнуць не можам, бо выканалі пастанову суду ў частцы канфіскацыі маёмасці «на карысць дзяржавы» — знішчылі сцяг разам з бамбукавым тронкам.

Актывіст будзе патрабаваць кампэнсацыі за страчаную маёмасць, а праваабаронца Павал Левінаў упэўнены, што звяртацца трэба не толькі ў органы МУС, але і ў Следчы камітэт, і ў пракуратуру.

Павел Левінаў

«Усё пачалося з некампетэнтнасці суддзі Карабліной. Прычым не толькі ў самой пастанове: чамусьці яна накіравала яе „для выканання“ ў міліцыю, хаця мусіла ў аддзел выканання пакаранняў. У Першамайскім РАУС таксама прадэманстравалі некампетэнтнасць: узяліся яе выконваць. І знішчылі чужую маёмасьць „на карысць дзяржавы“. Гэта не проста адсутнасьць логікі — гэта праява службовай неадпаведнасці як віцебскіх суддзяў, так і міліцэйскага кіраўніцтва», — лічыць праваабаронца.

На яго думку, за такія службовыя пралікі трэба жорстка караць. Бо «сёння яны знішчаць "на карысць дзяржавы" сцяг, а заўтра — аўтамабіль» і потым напішуць «вярнуць няма магчымасці».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства