Жыхары Вейна запатрабавалі ад уладаў абараніць іх ад «Омск Карбону»

2019 2019-01-11T09:31:28+0300 2019-01-11T09:32:21+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bodzileu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Каардынатар кампаніі «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў. Фота: bchd.info

Каардынатар кампаніі «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў. Фота: bchd.info

Некалькі дзясяткаў чалавек накіравалі подпісы ў Адміністрацыю прэзідэнта, санстанцыю і дэпутату парламента, патрабуючы  правесці экалагічную экспертызу мясцовасці, дзе размясціўся завод па вытворчасці тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон Магілёў».

Каардынатар кампаніі «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў, які адным з першых публічна заявіў аб забруджванні сажай аграгарадка Вейна пад Магілёвам, паведаміў сайту mspring.online аб накіраванні трыццаці подпісаў у розныя інстанцыі улады.

– Усяго мы сабралі 90 штук, але пакуль накіравалі 30. Зараз мы масава збіраем подпісы для наступнага звароту, – распавёў актывіст.

Паводле яго слоў, вейнянцы падпісаліся пад патрабаваннем правесці экалагічную экспертызу мясцовасці, дзе размясціўся завод па вытворчасці тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон Магілёў».

Акрамя гэтага, жыхары аграгарадка папрасілі ліквідаваць парушэнні ў фільтрацыйных і ачышчальных збудаваннях вытворчасці, а таксама праінфармаваць іх аб экалагічнай сітуацыі ў іх раёне.

Зварот быў накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўнаму санітарнаму ўрачу Магілёва, а таксама дэпутату Палаты прадстаўнікоў Анатолю Хішчанку.

Сам Бодзілеў упэўнены, што пры пабудове і запуску завода не былі выкананыя элементарныя экалагічныя нормы.

У канцы снежня жыхары Вейна ўбачылі на сваіх падваконніках пласт сажы. Пазней паведамлялася, што завод у першы ж месяц сваёй працы перавысіў нарматыў цвёрдых макулінак ў 40 разоў: 690,17 мг/м³ пры нарматыве ў 17,01 мг/м³. У дадзены момант праца завода прыпыненая да вясны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства