Віктар Сазонаў: Ці дазволена на Гарадзеншчыне праваабарончая дзейнасць?

2019 2019-01-09T13:33:21+0300 2019-01-09T13:48:44+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sazonau_vikta.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Віктар Сазонаў.

Праваабаронца Віктар Сазонаў.

Ці дазволеная на Гарадзеншчыне праваабарончая дзейнасць? Для адказу на гэтае пытанне гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў накіраваў скаргі ў Свіслацкі РАУС і пракуратуру Свіслацкага раёна. Сутнасць скаргаў зводзіцца да патрабавання правесці праверку дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі Свіслацкага РАУСа, якія 27-га кастрычніка мінулага году склалі на Віктара Сазонава пратакол па частцы 1 артыкула 23.34, звінаваціўшы яго ў парушэнні правіл правядзення масавага мерапрыемства.

Насамрэч у той дзень праваабаронца выконваў свае праваабарончыя абавязкі і праводзіў назіранне, паколькі у апошнія выходныя кастрычніка ў Свіслачы па традыцыі ўшаноўваецца памяць паўстанцаў 1863-64-га гадоў, і штогод на ўдзельнікаў гэтага ўшанавання складаюцца пратаколы.

І хоць суд Свіслацкага раёну, а таксама Гарадзенскі абласны суд прызналі пратакол міліцыі абгрунтаваным, асудзіўшы Віктара Сазонава да штрафу, праваабаронца перад падачай скаргі ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь хоча атрымаць прававую ацэнку ўсіх інстанцый па гэтай справе.

Бо, як лічыць Віктар Сазонаў, пытанне зводзіцца да таго, ці можна ўвогуле займацца на Гарадзеншчыне праваабарончай дзейнасцю?

Праваабаронца ў сваёй скарзе да пракуратуры звярнуўся з наступнай просьбай:

  • Правесці пракурорскую праверку ў дачыненні незаконных дзеянняў прадстаўнікоў Свіслацкага РАУС;
  • Устанавіць, хто са службовых асобаў і на якой падставе аддаў загад старшаму інспектару прафілактыкі ААПП МОБ Свіслацкага РАУС Кацярыне Радзівонік скласці ў дачыненні да Віктара Сазонава пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне;
  • Прыцягнуць да адказнасці вінаватых у складанні неправамернага і па-сутнасці сфальшаванага пратаколу;
  • Ініцыяваць адмену пастановы суддзі суда Свіслацкага раёна Аляксандра Шыліна ад 23.11.2018 як незаконную і не ўступіўшую ў сілу, а вытворчасць па справе спыніць;

Да Свіслачскага РАУСа - патрабаванні тыя ж самыя, акрамя апошняга пункту.

Пасля атрымання адказаў праваабаронца збіраецца звярнуцца ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, а затым, калі гэты не прынясе вынікаў, накіраваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Ён спадзяецца на гэтым высокім судовым узроўні атрымаць для сябе адказ на пытанне, ці дазволеная дэ-факто на Гарадзеншчыне праваабарончая дзейнасць, альбо яна знаходзіцца па-за законам, а праваабаронцы пад пераследам ужо па факту самой праваабарончай дзейнасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства