Артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу адменены ў другім чытанні

2018 2018-12-20T14:54:09+0300 2018-12-21T11:42:54+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/parlament_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палата прадстаўнікоў 19 снежня ў другім чытанні прыняла шэраг паправак у кодэксы Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, дэпутаты прагаласавалі за выключэнне з Крымінальнага кодэкса арт. 193.1 (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Але ў той жа час замест крымінальнай адказнасці ўводзіцца адміністрацыйная адказнасць — арт. 23.88 КаАП, якая прадугледжвае за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі штраф да 50 базавых велічынь. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы "Цэнтра прававой трансфармацыі LAWTREND".

Для таго, каб набыць сілу закона законапраект яшчэ павінен быць ухвалены Саветам Рэспублікі і падпісаны прэзідэнтам, пасля чаго ён падлягае афіцыйнаму апублікаванню.


Дыскусія аб неабходнасці адмены гэтага сумна вядомага крымінальнага артыкула вялася даўно. Гэтага патрабавалі і міжнародныя арганізацыі, і праваабаронцы. Так, яшчэ ў 2015 годзе прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, зыходзячы з зацікаўленасці ў развіцці беларуска-еўрапейскіх адносін і ўмацавання і абароны правоў чалавека, выступілі з адкрытым зваротам да дзяржавы, адным з пунктаў якога з'явілася патрабаванне аб адмене артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама адмены на забарону на дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый.

За час існавання артыкула 193.1 да крымінальнай адказнасці ў Беларусі было прыцягнута 17 чалавек, з іх пяцёрым было прызначана пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі.

Нагадаем, што аднымі з першых, хто рэальна пацярпеў за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі сталі сябры незарэгістраванага грамадскага аб'яднання "Партнёрства" Цімафей Дранчук, Мікола Астрэйка, Андрэй Шалайка, Эніра Браніцкая. У жніўні 2006 г. суд Цэнтральнага раёна г. Мінска асудзіў іх да розных тэрмінаў пазбаўлення волі па арт 193.1 Крымінальнага кодэкса. Маладыя людзі ставілі сваёй мэтай назіранне за праходзіўшымі прэзідэнцкімі выбарамі.

Эніра Браніцкая пад час суду па артыкуле 193.1 Крымінальнага кодэксу.

Затым пад пераслед патрапілі актывісты «Маладога фронту». У 2006 годзе Эдуард Зелянкоў са Жлобіна быў аштрафаваны, а Зміцер Дашкевіч асуджаны на паўтара гады пазбаўлення волі па арт 193.1 КК.

Траплялі пад гэты крымінальны малох і праваабаронцы. 16 лютага 2011 года старшыню Праваабарончага цэнтру "Вясна", віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесю Бяляцкаму было вынесена афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона за подпісам намесніка Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь М.І. Кукліса. У папярэджанні сцвярджаецца, што дзеянні А. Бяляцкага ад імя праваабарончай арганізацыі "Вясна", якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі, супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Праваабаронца быў афіцыйна папярэджаны, што ў выпадку далейшай дзейнасці будзе разгледжана пытанне аб прыцягненні яго да крымінальнай адказнасці.

Асамблея НДА Беларусі ў 2009 годзе ініцыявала правядзенне кампаніі «Стоп 193.1!», У рамках якой адбылося некалькі запамінальных акцый, адна з якіх — "Дзяды Марозы" супраць 193 артыкула Крымінальнага Кодэкса".

Акцыя супраць артыкула 193.1 КК. Фота: Радыё Свабода.

А месяц таму стала вядома, што ў дачыненні да магілёўскага сябра ПЦ "Вясна" Аляксандра Буракова ўзбуджаная праверка ў рамках крымінальнага працэсу па арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу ( "Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасці"). Пра гэта яму паведаміў лейтэнант Кастрычніцкага РАУС Павал Кот падчас нефармальнай сустрэчы. На думку супрацоўніка міліцыі, Аляксандр Буракоў адмініструе сайт "Правы чалавека ў Магілёве ", што адносіцца да незарэгістраванай арганізацыі ПЦ "Вясна".

Аднак 5 снежня начальнік аддзела ўнутраных спраў Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Магілёва А. Сільвановіч паведаміў Буракову, што праверка прыпыненая ў адпаведнасці з п. 2 ч.1 арт. 173-3 КПК - «неатрымання вынікаў экспертызы альбо праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці».

Чытаць таксама:

Артыкул 193.1: што было, што ёсць, што будзе? (Каментары праваабаронцаў Паўла Сапелкі і Валянціна Стэфановіча)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства