Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Слова праваабаронцам. Частка 4

2018 2018-12-08T17:16:00+0300 2018-12-10T10:40:11+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/70gadkou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

10 снежня святкуецца Сусветны дзень правоў чалавека. У гэтым годзе гэтая дата знамянальная яшчэ тым, што роўна 70 год таму быў прыняты адзін з самых важных дакументаў па правах чалавека — Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.  Яна прасякнута духам барацьбы з дыскрымінацыяй, перакананнем, што ўсе людзі роўныя і маюць роўныя правы.

Хоць Беларусь і з’яўляецца яе ўдзельнікам, у нашай краіне ўсё роўна шырока парушаюцца фундаментальныя правы чалавека, абвешчаныя Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека. На абарону кожнага права, абвешчанага Дэкларацыяй, у Беларусі ёсць свой праваабаронца, а то і цэлая праваабарончая арганізацыя. Яны змагаюцца кожны дзень, каб дамагчыся правоў чалавека і захаваць іх. “Вясна” спытала ў беларускіх праваабаронцаў Андрэя Палуды і Генадзя Фядыніча, чаму Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека застаецца такой жа актуальнай, як і 70 год таму.

Артыкул 3 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.
Кожны чалавека мае права на жыццё, на свабоду i на асабiстую недатыкальнасць.

Андрэй Палуда правааборонца “Вясны” з’яўляецца каардынатарам кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. Дарэчы, гэтая кампанія ў гэтым годзе намінавана ў штогадовай Нацыянальнай прэміі на званне найлепшай “Праваабарончай кампаніі/ініцыятывы года”. Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца 10 снежня 2018 года, у дзень прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Каментуючы трэці артыкул Дэкларацыі ён адзначае:

"Варта адзначыць, што права на жыццё адносіцца да катэгорыі першага пакалення правоў чалавека. Права на жыццё — адно з фундаментальных правоў чалавека. Сутнасць гэтага права ў тым, што ніякі чалавек не можа быць пазбаўлены жыцця супрацьпраўна.

Калі казаць пра права на жыццё ў кантэксце нашай краіны, то яно вельмі актуальнае ў сувязі з наяўнасцю смяротнага пакарання. На сённяшні дзень мы маем каля дзесятка разгледзеных справаў у Камітэце па правам чалавека ААН, які прызнаў парушэнне дзяржавай права на жыццё. Гэта звязанае не толькі з тым, што людзей расстралялі. Гэта звязана з тым, што ў адносінах гэтых людзей былі парушаныя іншыя грамадзянска-палітычныя правы і свабоды, у тым ліку, права на справядлівы суд, прэзумпцыя невінаватасці, свабода ад катаванняў. І ўсё гэта прывяло да таго, напрыклад, што людзі не мелі магчымасці абараніць сябе да канца ў судзе, але пры гэтым ім быў вынесены смяротны прысуд. На падставе гэтага КПЧ ААН і прызнае факт парушэння права на жыццё. Акрамя гэтага, Камітэт прызнае факт бесчалавечага абыходжання, у першую чаргу, у адносінах да сваякоў, а таксама тых, хто чакае выкананне смяротнага прысуду.

Калі ўвогуле казаць пра актуальнасць Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, то варта звярнуцца да гісторыі яе стварэння. Першапачатковы яе дакумент складаўся з чатырохсот старонак, бо яна адгукалася на ўсе выклікі ў таго часу. Правы былі сфармуляваны накшталт “права мець дах над галавой”. Пазней дакумент структуравалі. Цяпер ён змяшчае 30 артыкулаў.

Трэба мець на ўвазе, што ў кантэксце міжнародных стандартаў права на жыццё парушаецца і тады, калі парушаюцца іншыя правы. Бо ўсе правы, змешчаныя ў Дэкларацыі, узаемасвязаныя і ўзаемадапаўняльныя. Не дарэмна існуе назва “сістэма правоў і свабод”. Дэкларацыя стала ўсеагульнай магчымасцю прывесці да агульнага знамянальніка прававыя сістэмы ва ўсім свеце".

Артыкул 23 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

  1. Кожны чалавек мае права на працу, на свабодны выбар работы, на справядлiвыя i добрыя ўмовы працы i на ахову ад беспрацоўя.
  2. Кожны чалавек, без якой-небудзь дыскрымiнацыi, мае права на роўную аплату за роўную працу.
  3. Кожны, хто працуе, мае права на справядлiвую i здавальняючую ўзнагароду, якая забяспечвае вартае чалавека iснаванне для яго самога i яго сям’i, i дапаўняецца, пры неабходнасцi, iншымi сродкамi сацыяльнага забеспячэння.
  4. Кожны чалавек мае права ствараць прафесiянальныя саюзы i ўступаць у прафесiянальные саюзы для аховы сваiх iнтарэсаў.

Генадзь Фядыніч, лідар незалежнага прафсаюза РЭП, у гэтым годзе быў асуджаны да 4 гадоў “хатняй хіміі”, як многія адзначаюць, за сваю актыўную прафсаюзную дзейнасць. Але дагэтуль ён актыўна працягвае дапамагаць абараняць людзям свае працоўныя правы. Сумесна з Ігарам Комлікам ён вылучаны на намінацыю “праваабаронцу года” ў Нацыянальнай прэміі беларускіх праваабаронцаў, якая адбудзецца 10 снежня. Адзначаючы актуальнасць артыкула 23 Дэкларацыі, Генадзь Фядыніч падкрэслівае:

“Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека была прынята 70 гадоў таму, але і цяпер шмат артыкулаў з’яўляюцца актуальнымі асабліва для Беларусі.

Што тычыцца артыкула 23 Дэкларацыі, то там пазначана, што кожны чалавек менавіта мае права на працу, а не абавязак, як гэта трактуюць беларускія ўлады. Аб гэтым гаворыць і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Па-свойму тлумачыць дзяржава і “ахову ад беспрацоўя”. На жаль, у Беларусі гэта бачыцца ў тым, каб працаўладкаваць усіх куды-небудзь і як-небудзь. Пры гэтым, не думаючы аб тым, якім будзе памер заробак і жыццёвы ўзровень сваіх грамадзян.

Мы ведаем шмат фактаў, калі людзі за аднолькавую працу атрымоўваюць розныя грошы. У першую чаргу, таму што гэтыя людзі маюць свой погляд на тое, што адбываецца на прадпрыемстве, і на тое, што абываецца ў краіне. За гэта яны атрымоўваюць меншы заробак.

Сёння гэтая Дэкларацыя павінна быць у кожнага чыноўніка, асабліва ў гэтых “камісіях па дармаедам”. Няхай пачытаюць і нарэшце зразумеюць, што іх дзеянні не адпавядаюць сутнасці права. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека для Беларусі з’яўляецца першаснай крыніцай права, а дэкрэты і ўказы маюць ужо іншае значэнне.

Я бы заклікаў усіх, хто хоча быць годнымі, пачытаць Дэкларацыю і абараняць свае правы. Яны проста так не даюцца, правы чалавека прадэкларываныя, але за іх заўсёды трэба змагацца".


Чытаць таксама:

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Слова праваабаронцам (Алесь Бяляцкі і Дзіна Шаўцова)

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Слова праваабаронцам (Павел Сапелка і Наста Лойка)

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Слова праваабаронцам (Валянцін Стэфановіч і Андрэй Бастунец)

Партнёрства

Сяброўства