Фрылансеру Змітру Лупачу праз Viber даслалі позву ў суд

2018 2018-12-07T08:43:23+0300 2018-12-07T08:43:23+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/lupach-zmicer_belsat.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Лупач. Фота: belsat.eu

Зміцер Лупач. Фота: belsat.eu

Глыбоцкія міліцыянты 5 снежня склалі чарговы пратакол па частцы другой артыкула 22.9 КаАП на журналіста Змітра Лупача.

Па інфармацыі службы маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", позву журналісту-фрылансеру даслаў на Viber капітан міліцыі, старшы інспектар па дазвольнай рабоце аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Сяргей Цырбан.

Падставай для складання пратакола стаў сюжэт на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” пра ўшанаванне памяці ахвяр нацыстаў і камуністаў на Глыбоччыне.

Сёлета гэта ўжо дзясяты пратакол, складзены на журналіста-фрылансера Змітра Лупача за супрацу з незалежным тэлеканалам “Белсат”.  Тыдзень таму на Змітра Лупача і Таццяну Смоткіну пратаколы склала міёрская міліцыя за асвятленне імі сацыяльных праблем жыхароў аграгарадка Язна Міёрскага раёна.

Як кажа журналіст-фрылансер Зміцер Лупач, апошнім часам улады ўвогуле не прапускаюць па-за ўвагай ніводнага яго сюжэта, асабліва на сацыяльную тэматыку.

— І як яны часам кажуць людзям, каб закрылі раты, як напрыклад гэта было ў Язна, такім чынам спрабуюць уздзейнічаць і на нас. Думаю, што ім цяжка будзе гэта зрабіць, бо сітуацыя ў краіне пагаршаецца, расце напружанне, асабліва ў малых гарадах ды вёсках. Таму я не ведаю, колькі яшчэ людзі змогуць маўчаць, бо цярпенне народа невечнае.

Сёлета над Змітром Лупачам адбылося 6 судоў, агулам ён ужо заплаціў 4 189,5 беларускіх рублёў штрафу за прафесійную дзейнасць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства