Тры дні ў Чачні: місія салідарнасці беларускіх праваабаронцаў з Аюбам Ціціевым Фота

2018 2018-11-26T11:28:55+0300 2018-11-26T12:31:31+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/titieu-sud-20.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі і праваабаронца Сяргей Сыс пабывалі з місіяй салідарнасці ў Чачні, дзе пяты месяц у Шалінскім гарадскім судзе разглядаецца крымінальная справа кіраўніка Грозненскага аддзялення “Мемарыялу” Аюба Ціціева. Праваабаронцу вінавацяць у незаконным захоўванні наркотыкаў у буйным памеры, што пагражае  максімальным пакараннем - 10 гадоў пазбаўлення волі. Сайт spring96.org змяшчае падрабязны рэпартаж аб паездцы і гучным судовым працэсе над чачэнскім праваабаронцам.

Аюб Ціціеў на судзе 20 лістапада 2018 года. Фота: ПЦ “Вясна”.

Землякі Аюба: “Яго вінавацяць у тым, што ён не рабіў і не мог зрабіць”.

Шлях да райцэнтра Шалі, дзе з 19 ліпеня праходзіць судовы працэс над кіраўніком Грозненскага аддзялення “Мемарыялу” Аюбам Ціціевым, займае крыху болей за 40 хвілін.

На дарожных перакрыжаваннях – узброеныя пасты, шмат супрацоўнікаў ДПС і камер відэафіксацыі хуткасці. Зрэдку мільгане ў вакне аўтамабіля сустрэчны БТР, праедзе калона вайсковай тэхнікі федэралаў.

Шалі моцна пацярпеў пад час першай чачэнскай вайны, у горадзе загінулі сотні людзей, былі разбураныя дамы і прамысловыя будынкі. Зараз слядоў разбурэння практычна не заўважна. У цэнтры знеслі дзесяткі прыватных дамоў, людзей гвалтоўна перасялілі на ўскраіны горада, а на тым месцы пабудавалі амаль бязлюднае Шалі-сіці. Побач завяршаецца будаўніцтва самай вялікай мячэці ў Чачні імя Рамзана Кадырава. Яна будзе змяшчаць дваццаць тысячаў вернікаў.

Шалі-сіці, пабудаванае ў райцэнтры на месцы зруйнаваных уладамі дамоў Фота: ПЦ “Вясна”.
Шалі-сіці, пабудаванае ў райцэнтры на месцы зруйнаваных уладамі дамоў Фота: ПЦ “Вясна”.

Непадалёк ад сіці, у арандаваным памяшканні Бізнес-цэнтру, часова месціцца Шалінскі гарадскі суд, дзе і адбываецца працэс над праваабаронцам Аюбам Ціціевым. Вулічка, на якой знаходзіцца суд, упіраецца ў вялікі будынак раённага аддзялення паліцыі і ізалятар. Яна моцна ахоўваецца узброенай паліцыяй і перакрываецца ланцугом.

У судзе нас з Алесем Бяляцкім сустракае ўзброеная аўтаматамі ахова, праходзіць дагляд рэчаў, насцярожана і з цікавасцю вывучаюцца беларускія пашпарты. І вось можна прайсці ў судовую залу, дзе ўжо збіраюцца сваякі Аюба Ціціева, ягоны брат Якуб, аднавяскоўцы. Аюб стаіць у металічнай клетцы ў атачэнні канвою.  Акрамя аховы пад час працэсу ў памяшканні знаходзяцца судовыя прыставы. Адзін з іх, акрамя табельнага пісталету, трымае за рукаятку аўтамат з падствольным гранатамётам.

“Ці можна фатаграфаваць у залі?” – запытваюся ў журналісткі з Масквы. 

“Можна, толькі асцярожна глядзі,  каб у кадр не патрапілі людзі ў форме, бо могуць выдаліць усе фотаздымкі, і гэта ў лепшым выпадку. Таксама непажадана здымаць суддзю і пракурораў. Хаця гэта і не забаронена, але можа скончыцца ізноў жа выдаленнем кадраў”, - патлумачыла яна.

Шалінскі гарадскі суд. Фота: ПЦ “Вясна”.

19 лістапада на суд прыехалі адвакаты Аюба Ціціева з Масквы Пётр Заікін,Марына ДубровінаіІлля Новікаў, старшыня камітэта “Грамадзянскага садзеяння” з Масквы Святлана Ганушкіна, намеснік старшыні партыі “Яблоко” Мікалай Рыбакоў,  журналістка “Новай газеты” Алена Мілашына.

У панядзелак працэс, які доўжыцца роўна чатыры месяцы, пачаўся з допыту сведкаў з боку абароны. Гэта аднавяскоўцы Аюба, жыхары самай вялікай у Чачні вёскі Курчалой, дзе жыве праваабаронца.

На судзе Аюба Ціціева намеснік старшыні партыі “Яблоко” Мікалай Рыбакоў,  журналісты Сяргей Сыс (Беларусь),  Алена Мілашына “Новая газета” і праваабаронца Святлана Ганушкіна. Фота: ПЦ “Вясна”.
На судзе Аюба Ціціева намеснік старшыні партыі “Яблоко” Мікалай Рыбакоў, журналісты Сяргей Сыс (Беларусь), Алена Мілашына “Новая газета” і праваабаронца Святлана Ганушкіна. Фота: ПЦ “Вясна”.

Дапытваюць суседку Ціціева Айшат Магамадаву. Яна распавядае пра аднавяскоўца толькі добрае, кажа, што Аюба паважалі, ён займаўся спортам, наведваў спортзал, дапамагаў іншым, строга выконваў мусульманскія традыцыі, трымаў пост, маліўся. Шкодных звычак за ім не заўважала. Кажа, што Аюб увогуле ніколі не спажываў алкаголь, не курыў.

Пракурорка Мілана Байтаева пытаецца, ці ведае сведка, у чым абвінавачваецца Ціціеў:

- Яго вінавацяць у тым, што ён не рабіў і не мог зрабіць, яму нешта падкінулі, нейкі пакунак, людзі кажуць, нешта забароненае.

- А што менавіта было ў пакеце?

- Не магу ведаць, вам жа лепей вядома, што там у вас бывае. Людзі кажуць, што нейкі марыхуан”, - адказвае жанчына.

Не вераць у вінаватасць Аюба і іншыя сведкі, дапытаныя ў судзе: Пецімат Дзенісламава, Руміса Магамадава, Зарэта Габаева і Хаваж Гітаеў. Усе яны ведаюць Аюба па 20- 30 год, жывуць па суседству, распавядаюць пра вялікі аўтарытэт Ціціева сярод аднавяскоўцаў, пра штодзённыя заняткі ў спартовай залі, і катэгарычна не згодныя з абвінавачваннем. Маральны аўтарытэт Аюба быў такім высокім, што да яго часта прыходзілі аднавяскоўцы каб ён дапамог вырашыць розныя спрэчныя пытанні. І яго меркаванне было для іх законам.

Кіраўнік грозненскага прадстаўніцтва праваабарончага цэнтра «Мемарыял» Аюб Ціціеў. Фота: ПЦ “Вясна”.

"Каб у гэтага дрэва было імя, яно б даўно сыйшло ад гэтага суда ў горы".

Пад час перапынку звяртаю ўвагу не незвычайнае, з доўгімі сухімі струкамі, дрэва, што расце каля ўваходу ў памяшканне суда. Запытваюся ў мясцовага жыхара: “Скажыце, што за дрэва, як называецца?”

“О, каб у гэтага дрэва было імя, яно б даўно сыйшло ад гэтага суда далёка ў горы” – адказвае стары чачэнец.

Па абедзе выйшлі з Алесем Бяляцкім на цэнтральную вуліцу Шалі, якая мае назву Ахмата Кадырава. Культ Кадыравых тут квітнее паўсюль. Аднак не паспелі агледзецца, як пачуліся гучныя каманды і проста на дарогу высыпалі аднекуль з дзесятак узброеных людзей у камуфляжнай форме, пад’ехалі некалькі аўтамабіляў ДПС ГІБДР, пачалі спыняць транспарт, правяраць дакументы і салоны машын. Міжволі ўціснуўся ў сцяну. А побач, па ходніках, спакойна ішлі з заплечнікамі школьнікі, размаўлялі паміж сабой па-чачэнску,  не звяртаючы аніякай увагі на чарговую “спецаперацыю”.

У другой палове дня пачаўся допыт Аюба Ціціева.

“Пачну з таго, як я прыйшоў у “Мемарыял”. Летам 2001 года ў Курчалоі была зачыстка федэралаў. Пяцёра жыхароў было забіта, сотні скалечаных. Да нас прыехалі прадстаўнікі ўлады, прабылі гадзіну ў вёсцы і з’ехалі. На наступны дзень у Курчалоі з’явіліся людзі, якім я дапамагаў збіраць звесткі пра пацярпелых. Пазней яны сталі маімі калегамі. Сярод гэтай групы была і Наталля Эсцемірава,  выкрадзеная і забітая ў 2009 годзе. Пазней мяне запрасілі на працу ў офіс “Мемарыяла” ў Гудэрмесе, а з 2011 года я стаў працаваць у Грозным, узначаліў аддзяленне. За гэтыя сямнаццаць год дзейнасці было шмат пагроз ад сілавых структур, некалькі разоў даводзілася выязджаць з краіны”, – узгадвае Ціціеў.

Старшыня праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі і праваабаронца Святлана Ганушкіна.
Старшыня праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі і праваабаронца Святлана Ганушкіна.

Далей праваабаронца падрабязна распавёў  суду пра сваё першае затрыманне 9 студзеня 2018 года супрацоўнікамі ГБР (група хуткага рэагавання) і пра другое, ужо інсцэнаванае,  з удзелам супрацоўнікаў ДПС і следчай групы, пра тое, як яму двойчы падкідвалі пакунак з невядомым рэчывам у аўтамабіль. Чаму двойчы?

Калі Аюб адмовіўся прызнаць,што наркотыкі належаць яму і дадаў, што “трава”, «знойдзеная» без панятых, ніякай доказнай сілы не мае, яму паведамілі: “Хочаш па законе – зробім па законе!” Ціціева зноў вывезлі на трасу і інсцэнавалі паўторнае затрыманне супрацоўнікамі ДПС і канфіскацыю наркотыкаў з панятымі. Відэарэгістратары ў машынах, якія мусілі фіксаваць гэтыя дзеянні, не працавалі. Распавёў ён аб тым, як начальнік крымінальнага вышуку Курчалоеўскага раённага аддзела паліцыі Джабраілаў пагражаў яму арыштам сына, патрабуючы прызнальных паказанняў:

“Ты папаўся! У цябе наркотыкі. Расказвай давай усё. У нас ёсць шмат спосабаў, каб прымусіць цябе прызнацца. У цябе ёсць сын, а ў нас многія сядзяць па 208 артыкулу (арганізацыя незаконнага ўзброенага фармавання або ўдзел у ім). Вось яны і дадуць супраць цябе паказанні, што ты быў з імі. Сваякоў багата ў цябе, таксама будуць сядзець”.

Затым у кабінет зайшлі супрацоўнікі ГБР разам з камандзірам, таксама прымушалі прызнацца.

Джабраілаў двойчы настойліва выклікаў яго з кабінета, дзе бралі аналізы з рук паліцэйскі Каляда з памочнікам (у выніку на змывах з далоняў Аюба Ціціева экспертыза выявіла сляды наркотыкаў, а на зрэзах пазногцяў, якія цяжэй хутка падмяніць - не).

Ужо пад вечар Аюба павезлі ў Грозны ў наркадыспансэр, каб здаць аналізы на наркотыкі. У Курчалой вярнуліся толькі ў 19 гадзін. Толькі тады яму паведамілі, што пачалося следства, што ён затрыманы і адвезлі нанач у СІЗО ў Шалі.

Раніцай на другі дзень Ціціева даставілі ў Курчалой. Камандзір групы хуткага рэагавання сказаў яму: “Шмат шуму з тваім затрыманнем. Давай прызнальныя паказанні і хутка скончым з гэтай справай”. Аюб адмовіўся.

“Нечакана мяне завялі ў камеру, а праз нейкі час вярнулі ў той самы кабінет. Пасадзілі на офісны стул на колах, рукі завялі назад і скавалі іх кайданкамі. Рот шчыльна абматалі скотчам праз галаву і патыліцу. Сказалі, ну вось цяпер ты прызнаешся. У гэты момант зайшоў іхні камандзір і з крыкамі загадаў зняць скотч. Яго сарвалі разам з часткамі валасоў”, - казаў ён у судзе.

Пад час суда выявілася, што тыя валасы ў матэрыялах справы сталі фігураваць, як нібыта знойдзеныя на пакеце з наркотыкамі.

Самае важнае, што пад час суда сказаў Ціціеў, тычыцца шчыльнага кантролю з боку сілавікоў за дзейнасцю грозненскага аддзялення “Мемарыялу”. Пачынаючы з лета 2017 года вялося назіранне за офісам, з верасня ў двары пачаў дзяжурыць аўтамабіль, у якога часта мяняліся нумары, а некалькі разоў Аюб заўважаў, што праз вакно аўтамабіля ажыццяўляецца відэаздымка.

Адвакат Марына Дубровіна і старшыня “Гражданского содействия» Святлана Ганушкіна на суде Аюба Ціціева. Фота ПЦ “Вясна”
Адвакат Марына Дубровіна і старшыня “Гражданского содействия» Святлана Ганушкіна на суде Аюба Ціціева. Фота ПЦ “Вясна”

 Рамзан Кадыраў: "У Чачні абаронай правоў чалавека займаюся я».

Праз некаторы час быў агучаны выступ старшыні парламента Чачэнскай рэспублікі Магамеда Даудава. Ён абвінаваціў праваабаронцаў, якія шкодзяць і замінаюць працаваць Рамзану Кадыраву  і падвёў рысу: “Калі б у Расеі не дзейнічаў мараторый (на смяротнае пакаранне), то з ворагамі народа варта было б «Салам Алейкум» і ўсё".

У гэты ж час бацькі і сваякі зніклых маладых людзей, якіх меркавана забілі сілавікі, пачалі звяртацца ў “Мемарыял” па дапамогу. Аюб Ціціеў быў адзіным чалавекам, з кім родныя зніклых па "Справе 27"  згаджаліся размаўляць. Напружанне вакол арганізацыі нарастала і Аюб зразумеў, што вось-вось распачнуцца рэпрэсіі. У дзень свайго затрымання 9 студзеня 2018 года, Ціціеў збіраўся абвясціць сваім супрацоўнікам, што з-за небяспекі кожны з іх павінен падумаць пра сябе, і магчыма ім варта сысці. У Грозны тым ранкам ён не даехаў, яго затрымалі на выездзе з Курчалоя, а ў грозненскі офіс “Мемарыялу”, на балкон, потым сапраўды падкінулі некалькі цыгарэт з марыхуанай, хоць так і не адважыліся нікому іх прад'явіць. Праца “Мемарыялу” ў Чачні і расследаванне "справы 27-мі" з арыштам Аюба прыпыніліся.

Сапраўды, пасля выгнання з Чачні аддзялення «Камітэту супраць катаванняў», забойства Наталлі Эсцеміравай, разгрому і падпалу офіса “Зводнай мабільнай групы”, нападу на праваабаронцаў і асуджэння грамадскага дзеяча Руслана Кутаева і журналіста Жалаўдзі Герыева па тым самым “наркатычным” артыкуле, які прад’яўлены Аюбу Ціціеву, праваабарончы рух тут практычна знішчаны. Замест яго Рамзан Кадыраў “прапанаваў”альтэрнатыву: "У Чачні абаронай правоў чалавека займаюся я».

Па завяршэнні чарговага судовага дня мы вярнуліся ў Грозны, прайшліся крыху паўз мячэць "Сэрца Чачні" імя Ахмата Кадырава па малалюдным праспекце імя Уладзіміра Пуціна, аздобленым разнастайнымі партрэтамі прэзідэнта Расійскай федэрацыі, Ахмата Кадырава і Героя Расіі Рамзана Кадырава.

Звычайны від адной з вуліц Грознага. Фота: ПЦ “Вясна”.

Звычайны від адной з вуліц Грознага. Фота: ПЦ “Вясна”.

Звычайны від адной з вуліц Грознага. Фота: ПЦ “Вясна”.

У аўторак раніцай ізноў выбраліся ў Шалі на суд. Кіроўца час ад часу збаўляў хуткасць, пачуўшы сігнал, што наперадзе камера відэафіксацыі хуткасці.

“Чаму ў вас так шмат камер на дарогах, літаральна на кожным кіламетры?” – запытваюся ў барадатага чачэнца.

“Дык па іншаму тут нельга. Любім хуткасць”,– смяецца ён у адказ.

20 лістапада ў судзе будзе працягвацца допыт Аюба Ціціева. Перад пачаткам паседжання Алесю Бяляцкаму ўдалося некалькі хвілінаў паразмаўляць з Аюбам, перадаць прывітанне ад калегаў-праваабаронцаў, якія моцна перажываюць за яго, распавесці пра “Вясну” і свой пераслед, распытаць пра ўмовы ўтрымання ў следчым ізалятары ў Грозным, адкуль яго штодня возяць на суд.

Аюб распавёў беларускаму праваабаронцу, што атрымлівае шмат лістоў. Звычайна іх прыносяць не штодзень, а збіраюць пачкамі. Здараецца, перададуць канверт без ліста, а часам наадварот - ліст без канверта. Было нават, што перадалі ксеракопію ліста, а сам ліст аддалі толькі праз тыдзень.

Газеты, на якія ён падпісаны, не даходзяць, хаця на запыты адвакатаў кіраўніцтва СІЗА паведамляе, што прэсу Аюб атрымлівае.

У камеры – чатыры чалавекі, сукамернікі часта мяняюцца. “Толькі я тут затрымаўся надоўга”, – бадзёра жартуе Аюб.

У яго ёсць магчымасць займацца спортам, у адной з камер ўсталяваная перакладзіна. А вось ролю прагулачнага дворыка выконвае адна з камер, у якой замест столі -- краты.

Алесь Бяляцкі хмурыцца. Нядоўгія па часе прагулкі, не больш, а часам менш за гадзіну, не даюць магчымасці арганізму нармальна функцыянаваць. Не хапае нармальнай нагрузкі, чыстага паветра, усё гэта, ён ведае па сваім вопыце, аслабляе зняволенага.

У камерах СІЗА ніхто не паліць, забаронена. Ды і ўвогуле, як я паспеў заўважыць, чалавека з цыгарэтай у Чачні сустрэць вельмі цяжка. Паляць, хіба што госці з іншых рэгіёнаў Расіі.

Дзве сур’ёзныя чачэнкі сталага веку, якія прыйшлі на суд у гэты дзень, запыталіся, адкуль я прыехаў. Адказваю, што з Мінску. Завязалася размова, пад час якой высветлілася, што гэта родныя сёстры Аюба – Жардат і Хава. Яны моцна перажываюць за брата і не дапускаюць нават думкі, што той мог нешта перавозіць у сваім аўтамабілі.

Сёстры Аюба Ціціева Жарадат і Хава ў судзе. Фота: ПЦ “Вясна”.
Сёстры Аюба Ціціева Жарадат і Хава ў судзе. Фота: ПЦ “Вясна”.

Тым часам распачаўся суд. Аюб Ціціеў працягнуў адказваць на пытанні адвакатаў. У ходзе допыту ён падрабязна распавёў пра сваё жыццё, пра дапамогу ў аднаўленні горных вёсак, пра праваабарончую працу ў Чачні, пра шматлікія пагрозы, якія сыпаліся на яго з розных бакоў, аб прынятых у арганізацыі мерах бяспекі. Таксама распавёў аб тым, што “Мемарыял” распрацаваў адмысловы “Пратакол бяспекі”, правілы паводзінаў у выпадку затрымання ці іншых супрацьпраўных дзеянняў, аднак 9 студзеня 2018 году, па словах Аюба, прытрымлівацца пратаколу было складана, таму што ўсё было жорстка і нечакана.

Ён узгадвае таксама пра свой ліст-заяву на імя прэзідэнта Пуціна, напісаны яшчэ 12 студзеня, у якім праваабаронца паведамляе, што вінаватым сябе не прызнае, а калі якім-небудзь чынам прызнае віну - гэта будзе азначаць, што яго прымусілі агаварыць сябе шляхам фізічнага ўздзеяння або шантажу.

Далей Аюб адзначыў, што ён - чалавек глыбока веруючы, а наркотыкі і алкаголь забароненыя ісламам, і ён нават не мае зносінаў з тымі, хто ўжывае гэтыя рэчывы. 

“Наркотыкі і алкаголь – адно і тое ж, гэта зло. Усім і заўсёды кажу, калі нехта курыць ці выпівае, што гэта забаронена ў ісламе”, - падкрэсліў ён.

На судзе Аюба Ціціева адвакаты Ілля Новікаў, Пётр Заікін, Марына Дубровіна, праваабаронца Святлана Ганушкіна і брат Ціціева Якуб. Фота: ПЦ “Вясна”.
На судзе Аюба Ціціева адвакаты Ілля Новікаў, Пётр Заікін, Марына Дубровіна, праваабаронца Святлана Ганушкіна і брат Ціціева Якуб. Фота: ПЦ “Вясна”.

Адвакаты сталі распытваць пра рэчы Аюба Ціціева, якія зніклі пасля яго затрымання. Усяго ў заяве на імя следчага Хадукаева, які вёў справу,пералічаныя  22 найменні, сярод якіх, - зарэгістраваны дробавы пісталет з дакументамі, 3 тэлефоны, планшэт, электрашокер, фотаапарат, дыктафон, розныя ключы. Да азнаямлення з рэчавымі доказамі Аюб спадзяваўся, што ўсе канфіскаваныя прадметы будуць сярод доказаў, але там іх не аказалася. Тады ён падаў адпаведную заяву. Адказу, куды падзелася маёмасць праваабаронцы – няма і дагэтуль.

Адвакаты зачыталі заяву кіраўніка парламента Магамеда Даудава, якая на іх думку паслужыла кропкай адліку для сілавікоў на татальнае знішчэнне ў Чачні ўсяго праваабарончага руху і папрасілі далучыць яе да матэрыялаў справы. Суддзя Мадзіна Зайнетдзінава, запытаўшыся меркаванне пракурораў, адмовілася:

“Там жа няма прозвішча абвінавачванага, чаму вы вырашылі што размова там менавіта пра Ціціева?”

Далей допыт Аюба Ціціева меліся працягнуць пракуроры,  аднак яны запрасілі час для ўдакладнення пытанняў, таму быў абвешчаны перапынак.

“Аюб, як кажуць у Чачні, сапраўдны мужчына”.

У другой палове дня адвакаты заявілі хадайніцтва аб змене меры стрымання для Аюба на асабістае даручальніцтва. У якасці паручыцеля выступіла Святлана Ганушкіна, да якой абяцаў далучыцца старшыня партыі “Яблоко” Рыгор Яўлінскі.

Святлана Аляксееўна распавяла, што ведае Аюба Ціціева з 2001 года, працавала з ім у камітэце «Грамадзянскае садзейнічанне» і «Мемарыяле».

“Аюб - надзейны, сумленны чалавек, як кажуць у Чачні, сапраўдны мужчына”, - зазначыла яна.

Старшыня “Гражданского содействия» Святлана Ганушкіна на суде Аюба Ціціева. Фота ПЦ “Вясна”.
Старшыня “Гражданского содействия» Святлана Ганушкіна на суде Аюба Ціціева. Фота ПЦ “Вясна”.

Далей Святлана Ганушкіна распавяла аб праекце дапамогі жыхарам Чачні, якія адбываюць пакаранне за межамі рэспублікі, пра тое, што Аюб быў удзельнікам гэтага праекта. Акрамя таго, адзначыла Ганушкіна, Ціціеў не раз, калі ўзнікала небяспека для ягонага жыцця, выязджаў з Расіі і мог бы застацца за мяжой, але не стаў гэтага рабіць.

«Нікуды ён не сыдзе, гэта яго праца, ён прыйдзе ў суд і гэтую працу скончыць», - заявіла Святлана Ганушкіна.

Адвакат Пётр Заікін, падтрымліваючы хадайніцтва, адзначыў, што паколькі матэрыялы справы знаходзяцца ў судзе і ўсе сведкі ўжо дапытаныя, таму матывіроўка абвінавачання аб аказанні ціску на іх, цяпер неактуальная. Адвакат Ілля Новікаў дадаў, што ўсе папярэднія арышты Аюбу прызначалі і працягвалі на адных і тых жа прававых падставах. Цяпер абставіны змяніліся і бок абароны чакае новае абгрунтаванне.

Раней суд двойчы адмаўляў у паручальніцтве за Ціціева спачатку кандыдатам у прэзідэнты Расеі Рыгору Яўлінскаму і Ксеніі Сабчак, пазней - Святлане Ганушкінай і герою Расіі, лётчыку  Сяргею Няфёдаву.

Абодва пракуроры папрасілі ў суда час, каб падрыхтавацца да ацэнкі меркавання і прыняцця рашэння па хадайніцтве. У судзе абвешчаны перапынак да наступнага панядзелка. Развітваемся з Аюбам, які мужна пасміхаецца з-за кратаў.

Кіраўнік грозненскага прадстаўніцтва праваабарончага цэнтра «Мемарыял» Аюб Ціціеў. Фота: ПЦ “Вясна”.

Алесь Бяляцкі згадвае, як некалькі гадоў таму быў у такой самай клетцы ў Мінску, калі судзілі яго. Ён гаворыць пра дзіўныя пачуцці, якія ён перажывае ў гэтыя дні. Кожную ноч яму сняцца сны пра калонію. Ён таксама, як і Аюб Ціціеў, лаўрэат прэміі Савета Еўропы імя Вацлава Гавэла, сумна жартуе пра тое, што праваабаронцы часта атрымліваюць прэміі праз турму. І што лепей бы не было такіх прэмій, але каб можна было вынікова працаваць на волі. Але аўтарытарныя і дыктатарскія рэжымы не даюць нам такой палёгкі. Выпрабаванне турмой кожнага з праваабаронцаў робіць яшчэ бліжэйшым і мы пачуваем сябе братамі.

 Звычайны від адной з вуліц Грознага. Фота: ПЦ “Вясна”.

Аэрапорт “Паўночны” ў Грозным. Фота: ПЦ “Вясна”.

Час пакідаць абноўлены і бліскучы Грозны, напоўнены чачэнскімі мускулістымі барадачамі з учэпістымі поглядамі, абвешанымі імпартнай і расійскай зброяй. Вось і аэрапорт “Паўночны” са славутым надпісам “Грозны - цэнтр свету”. Падымаемся па трапу самалёта, адчуваючы спінамі падазроныя позіркі пераапранутых сілавікоў з відэакамерамі, якія фіксуюць усіх, хто наважыўся прыехаць сюды, у вотчыну Рамзана Кадырава. Над аэрапортам, праз ранішні лістападаўскі туман, прабіваюцца нясмелыя сонечныя промнікі. 

Можа надзеі?

Сяржук Сыс.

Больш пра Аюба Ціціева і ягоную праваабарончую дзейнасць.

Партнёрства

Сяброўства