Буда-Кашалёва: украінца высылаюць шляхам добраахвотнага выезду, сям'ю пакідаюць у Беларусі

2018 2018-11-25T08:23:21+0300 2018-11-25T08:25:26+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pracenka-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Працэнка. Фота Леаніда Судаленка, gomelspring.org

Сяргей Працэнка. Фота Леаніда Судаленка, gomelspring.org

У Гомельскае прадстаўніцтва ПЦ "Вясна" па юрыдычную дапамогу звярнуўся жыхар райцэнтра Буда-Кашалёва Сяргей Працэнка, які мае від на жыхарства ў Беларусі. Грамадзяніна Украіны высылаюць з краіны на тры гады ў інтарэсах грамадскага парадку.

Па інфармацыі “Гомельскай Вясны”, на прыёме ў праваабаронцы Леаніда Судаленкі 40-гадовы мужчына распавёў, што ў 2014 годзе ён атрымаў від на жыхарства ў Беларусі. Працэнка шматдзетны бацька, трое дзяцей і жонка з'яўляюцца беларускімі грамадзянамі. Мае крэдытныя абавязацельствы перад банкам, працуе грузчыкам цэха абвалкі на мясцовым прадпрыемстве «Мясакамбінат Кашалёва», па месцы працы характарызуецца як добрасумленны супрацоўнік.

17 кастрычніка начальнік АУС Буда-Кашалёўскага райвыканкама Віталь Падзерун паведаміў мужчыну «аб высылцы шляхам добраахвотнага выезду з Рэспублікі Беларусь у інтарэсах грамадскай бяспекі".

Скарга ва ўпраўленне па грамадзянстве і міграцыі УУС Гомельскага аблвыканкама выніку не прынесла - 1 лістапада начальнік абласной міліцыі Аляксандр Васільеў пакінуў скаргу аб высылцы без задавальнення.

21 лістапада суддзя суда Буда-Кашалёўскага раёна Святлана Лупічэнка адхіліла скаргу Працэнка, паколькі той у верасні быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па ч.1 арт.17.3. КаАП (з'яўленне ў грамадскім месцы ў п'яным выглядзе), што адносіцца да катэгорыі правапарушэнні супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці. Суд таксама ўстанавіў, што раней ужо разглядалася пытанне аб яго высылцы, аднак тады, у 2016 годзе былі ўлічаны яго сямейнае становішча, наяўнасць пастаяннага месца працы і крэдытных абавязацельстваў.

Са слоў самога С. Працэнка міліцыянты спынілі яго на вуліцы і не праводзячы агляд абвінавацілі ў з'яўленні ў грамадскім месцы ў п'яным выглядзе. Пастанову пра штраф мужчына не абскардзіў.

Пасля кансультацый з прадстаўніком ПЦ "Вясна" прынята рашэнне падаць апеляцыйную скаргу ў Гомельскі абласны суд. У суд першай інстанцыі накіравана заява на выраб матывіровачнай часткі рашэння суда. Па словах праваабаронцы Л. Судаленка, для выратавання сітуацыі, і каб бацька мог застацца ў сям'і, яму давялося задзейнічаць усе магчымыя механізмы абароны ад высылкі.

«Сяргей уступіў у наш незалежны прафсаюз РЭП, што дасць мне права прадстаўляць яго інтарэсы пры разглядзе апеляцыі ў судовай калегіі па грамадзянскіх справах абласнога суда. Будзем прасіць перадаць нам мужчыну на парукі, бо калі хто і выйграе ад яго высылкі, то дакладна не яго сям'я і малалетнія дзеці, і нават не беларускі банк, дзе ён мае крэдытныя абавязацельствы», - заявіў Л. Судаленка.

Згодна пастановы аб высылцы С. Працэнка павінен быў пакінуць краіну ў добраахвотным парадку да 31 кастрычніка.

У сувязі з падачай скаргі цяпер яго лёс вырашыцца ў апеляцыі па ўступленні ў законную сілу рашэння суда першай інстанцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства