Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Кастрычнік 2018

2018 2018-11-02T12:21:53+0300 2018-11-05T10:59:12+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vokladka_kastrychnik_2018.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • 8-9 кастрычніка ў Жэневе пачала працу 124-я сесія Камітэта па правах чалавека ААН, на якой была прадстаўленая першая за 20 гадоў афіцыйная справаздача Рэспублікі Беларусь аб выкананні палажэнняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). Сваю альтэрнатыўную справаздачу ў КПЧ ААН прадставіла і кааліцыя дванаццаці праваабарончых арганізацый Беларусі. У ходзе слуханняў у Камітэце прадстаўнікі МЗС Беларусі заявілі аб адмове ад выканання меркаванняў Камітэта, прынятых па індывідуальных паведамленнях грамадзянаў Беларусі, і аб адмове ад выканання іншых, у тым ліку і тэрміновых, працэдур Камітэта. Дадзеная заява прадстаўнікоў Беларусі была расцэненая сябрамі КПЧ ААН як адмова ад супрацоўніцтва з Камітэтам і парушэнне абавязальніцтваў, што вынікаюць з Першага факультатыўнага пратакола да МПГПП, ратыфікаванага Беларуссю;
  • 24 кастрычніка, у сувязі са сканчэннем тэрміну адбыцця пакарання, з папраўчай калоніі № 2 г. Бабруйска выйшаў на свабоду палітвязень і прызнаны Amnesty International вязнем сумлення Дзмітрый Паліенка;
  • у месцах пазбаўлення волі, такім чынам, застаўся адзін палітвязень — Міхаіл Жамчужны;
  • працягваліся следчыя дзеянні ў дачыненні да шэрагу журналістаў незалежных інтэрнэт-выданняў БелаПАН і TUT.BY па раней распачатай крымінальнай справе па ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды);
  • на працягу месяца былі зафіксаваныя шматлікія факты ціску на незалежных журналістаў-фрылансераў і блогераў, факты затрыманняў і адміністрацыйных арыштаў удзельнікаў мірных сходаў;
  • таксама на працягу месяца былі зафіксаваныя факты ціску на праваабаронцаў у сувязі з ажыццяўленнем iмi праваабарончай дзейнасці. Так, у прыватнасці, да адміністрацыйнай адказнасці была прыцягнутая сяброўка ПЦ “Вясна” ў г. Светлагорску Алена Маслюкова і распачаты адміністрацыйны працэс у дачыненні да брэсцкага праваабаронцы Рамана Кісляка;
  • з пачаткам восеньскага перыяду працягвалася традыцыйная для Беларусі практыка прыцягнення работнікаў прадпрыемстваў і ўстановаў, у тым ліку навучэнцаў сярэднеадукацыйных і вышэйшых навучальных установаў, а таксама ваеннаслужачых тэрміновай службы, да сезонных работ па ўборцы ўраджаю;
  • такім чынам, сітуацыя з правамі чалавека цягам месяца істотна не палепшылася, а негатыўныя тэндэнцыі, якія назіраліся ў жніўні, захоўваліся і атрымалі сваё далейшае развіццё.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

24 кастрычніка пасля заканчэння тэрміну адбыцця пакарання ў папраўчай калоніі №2 у Бабруйску выйшаў на свабоду палітвязень і прызнаны Amnesty International вязнем сумлення Дзмітрый Паліенка.

Такім чынам, у месцах пазбаўлення волі працягвае знаходзіцца толькі адзін палітвязень —Міхаіл Жамчужны.

На працягу месяца працягваліся следчыя дзеянні па раней распачатай крымінальнай справе па ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды) у дачыненні да шэрагу журналістаў вядучых незалежных інтэрнэт-парталаў БелаПАН і TUT.BY.

Праваабаронцам “Вясны” стала вядома, што разгляд апеляцыйных скаргаў лідараў незалежнага прафсаюза Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка Мінскі гарадскі суд прызначыў на 9 лістапада.

Яны абскарджваюць прысуд ад 24 жніўня 2018 г., якім іх прызналі вінаватымі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры). Суд Савецкага раёна г. Мінска прысудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП на 4 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 гадоў. У скарзе лідары прафсаюза просяць адмяніць прысуд і спыніць вытворчасць па крымінальнай справе.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і праваабарончая супольнасць Беларусі, якая таксама заклікае ўлады перагледзець прысуд і спыніць крымінальны пераслед Фядыніча і Комліка.

У чарговай рэзалюцыі, прынятай 4 кастрычніка, Еўрапарламент адзначыў, што ў Беларусі працягвае пагаршацца сітуацыя са свабодай СМІ. Прыкладам гэтага еўрапарламентарыі назвалі “сур'ёзны пераслед рэдактараў незалежных навінавых парталаў і журналістаў”.

Еўрапарламент згадвае ператрусы, якія адбыліся ў жніўні ў рэдакцыях tut.by і БелаПАН у сувязі са “справай БелТА”. Затрыманні журналістаў і рэдактараў па гэтай справе Еўрапарламент разглядае як неадпаведную меру і заклікае беларускія ўлады зняць з іх усе абвінавачанні.

Таксама дэпутаты Еўрапарламента заклікалі вызваліць беларускіх палітвязняў Міхаіла Жамчужнага і Дзмітрыя Паліенку і выказалі шкадаванне ў сувязі з прысудамі кіраўнікам незалежнага прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку.

Парушэнне права на жыццё. Смяротнае пакаранне

З 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі прайшоў традыцыйны штогадовы Тыдзень супраць смяротнага пакарання. На гэты раз праваабаронцы і прыхільнікі адмены смяротнага пакарання прыцягнулі ўвагу грамадскасці да ўмоваў утрымання зняволеных у камерах смяротнікаў. Кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” правяла шэраг мерапрыемстваў: адбыліся канцэрты ў Віцебску і ў Мінску ў рамках фестывалю “Рок за жыццё”. У в. Вішнева ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася імша, прысвечаная святому Амброзію Медыяланскаму (340-397 гг.), вядомаму выступамі супраць смяротнага пакарання. У межах тыдня прайшоў паказ фільмаў па тэме смяротнага пакарання з абмеркаваннем і удзелам актывістаў кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” і валанцёрскі службы “Вясны”. Прайшла прэзентацыя выставы “Кожны мае права ведаць свае правы”.

Ціск на праваабаронцаў

9 кастрычніка, праз тры судовыя паседжанні, праваабаронцу са Светлагорска Алену Маслюкову аштрафавалі на 25 базавых велічыняў (612,50 рублёў). Суддзя раённага суда Руслан Царук палічыў Маслюкову арганізатаркай флэшмоба супраць працы завода беленай цэлюлозы і прызнаў яе вінаватай у парушэнні часткі 2 артыкула 23.34 КаАП (арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства).

Суд над Аленай Маслюковай і экалагічным актывістам Анатолем Змітровічам пачаўся 24 верасня. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў флэшмобе супраць экалагічна шкодных выкідаў завода беленай цэлюлозы 15 верасня, палічыўшы яго несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам (ч. 1 арт. 23.34 КаАП). Падчас працэсу суддзя Царук нечакана вырашыў выклікаць у суд сведкаў і перанёс пасяджэнне на 3 кастрычніка.

1 кастрычніка Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў распаўсюдзіла тэрміновы зварот, у якім заклікала зняць усе абвінавачванні супраць светлагорскіх актывістаў.

Аднак пратэсты жыхароў Светлагорска не былі марнымі: Міністэрства прыродных рэсурсаў адказала на зварот жыхароў наконт шкодных выкідаў з заводу сульфатнай беленай цэлюлозы. Як вынікае з дакумента, “смуродныя пахі” з прадпрыемства не прадугледжваліся праектам. Будзе новая экалагічная экспертыза.

Міністэрства абяцае ў выпадку парушэння заканадаўства “прыняць меры”.

У судзе Ленінскага раёна Брэста 24 кастрычніка пачаўся разгляд матэрыялаў справы па ч. 1 арт. 23.34 КаАП у дачыненні да праваабаронцы Рамана Кісляка. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода 14 кастрычніка на плошчы Леніна абласнога цэнтра. Міліцыя палічыла, што Кісляк, знаходзячыся ў натоўпе, падтрымліваў тых, хто там сабраўся.

У той дзень яго даставілі ў РУУС разам з іншымі затрыманымі. Там ён знаходзіўся да вечара. Затым праваабаронцу абвясцілі, што ў дачыненні да яго складзены пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, і змясцілі ў ІЧУ. 15 кастрычніка “хуткая дапамога” павезла праваабаронцу ў бальніцу: у яго падняўся ціск. У той жа дзень пасля аказання дапамогі і абследавання Кісляка адпусцілі.

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў заклікала ўлады Беларусі пакласці канец любым формам пераследу, у тым ліку на судовым узроўні, супраць Рамана Кісляка.

Падчас традыцыйнага шэсця на Дзяды ў Курапаты 28 кастрычніка супрацоўнікам міліцыі Л.С. Жураўскім на некаторы час былі затрыманыя два назіральнікі ControlBY — сумеснай службы назірання за правядзеннем масавых мерапрыемстваў БХК і ПЦ “Вясна”.

Свае дзеянні супрацоўнік міліцыі патлумачыў тым, што назіральнікі “перашкаджалі дзейнасці міліцыі” і маглі іх справакаваць.

Парушэнне права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў

Працягваецца ціск на актывістаў у сувязі з арганізаванымі імі пікетамі ля забаўляльнага комплексу “Поедем, поедим”, адкрытага ў непасрэднай блізкасці да месца нацыянальнай памяці і смутку, месца масавых расстрэлаў і пахаванняў перыяду масавых палітычных рэпрэсій 30-40-х гадоў — урочышча Курапаты; яны прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе буйных штрафаў і адміністрацыйнага арышту без абгрунтавання пастановаў дапушчальнымі абмежаваннямі ў ажыццяўленні права. Пры гэтым увесь час супрацоўнікі міліцыі, якія дзяжураць непадалёк, пакідаюць без належнай рэакцыі рознага роду правакацыйныя ўчынкі наведвальнікаў забаўляльнага комплексу.

Так, 4 кастрычніка, у судзе Мінскага раёна была разгледжаная адміністрацыйная справа палітыка і грамадскага актывіста Паўла Севярынца. Суддзя Віктар Шаўцоў аштрафаваў яго на 50 базавых велічынь (1 225 рублёў). 29 кастрычніка быў аштрафаваны Віталь Рымашэўскі.

У Брэсце актывізаваліся рэпрэсіі ў дачыненні да жыхароў горада, якія пратэставалі супраць адкрыцця побач з горадам шкоднай вытворчасці.

4 кастрычніка Канстанцін Астапук, удзельнік так званых “кармленняў галубоў” — формы мірнага пратэсту, арганізаванага гараджанамі, — быў аштрафаваны на 14 базавых велічынь суддзём Святаславам Калінам.

Суды па справах удзельнікаў акцый у Брэсце праходзілі 8 кастрычніка, калі былі вынесеныя 3 пастановы; 10, 15, 16 кастрычніка прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 11 чалавек, 22 і 26 кастрычніка — яшчэ 4 чалавекі.

У Светлагорску суддзя Руслан Царык палічыў Анатоля Змітровіча арганізатарам флэшмоба, які прайшоў 15 верасня пад назвай “Светлагорск — за чыстае паветра”, і аштрафаваў яго на 450 рублёў.

Да ціску на актывістаў у Брэсце і Светлагорску падключыліся і раённыя пракуратуры.

Непадалёк ад будынка Генеральнага штаба Рэспублікі Беларусь 16 кастрычніка затрымалі актывістаў “Моладзі БНФ”. Яны праводзілі пікет супраць дзедаўшчыны ў войску ў рамках новай грамадскай кампаніі “Квіток на той свет”. Дзяніс Мандзік і Ганна Смілевіч пакараныя буйнымі штрафамі.

Парушэнне права на інфармацыю. Ціск на журналістаў

Падчас акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, якая атрымала назву “кармленне галубоў”, 30 верасня ў Брэсце супрацоўнікі міліцыі затрымалі блогера Сяргея Пятрухіна. 4 кастрычніка ён быў пакараны штрафам у 45 базавых велічынь за ўдзел у мірным сходзе.

Паводле інфармацыі БелаПАН, суд Жабінкаўскага раёна аштрафаваў журналістаў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву адпаведна на 1 225 і 490 рублёў. Іх абвінавацілі ў працы на замежны СМІ без рэгістрацыі. У прыватнасці, гаворка ішла пра выраб для тэлеканала «Белсат» сюжэту, у якім былі раскрытыя масавыя выпадкі свіной чумы ў Жабінкаўскім раёне ў канцы жніўня гэтага года. Іх жа за сюжэт пра «Дажынкі» аштрафавалі ў судзе Камянецкага раёна ў агульнай складанасці на 2 205 рублёў. Такое рашэнне вынесла суддзя Аксана Скеля.

Гэтых жа журналістаў і Яўгена Скрабца аштрафавалі ў Брэсце.

Усяго за год Беларуская асацыяцыя журналістаў налічвае больш за 90 выпадкаў прыцягнення журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 2 арт. 22.9 КаАП; агульная сума штрафаў за год склала 81 169,5 беларускіх рублёў.

Прымусовая праца

Ваеннаслужачых пад прыкрыццём бязвыплатнай дапамогі ва ўборцы ўраджаю прыцягнулі да прымусовай працы на сельгаспрадпрыемствах Сенненшчыны. Аб гэтым паведамляецца на сайце Віцебскага аблвыканкама.

Яшчэ 27 ліпеня зводны ўзвод з 45 вайскоўцаў прыбыў у Віцебскі рэгіён, каб ад шостай раніцы і да позняга вечара перавозіць збожжа, рапс і салому.

Гэта не адзінкавы выпадак прыцягнення да ўборкі вайскоўцаў, а Сенненшчына — не адзіны рэгіён, дзе выкарыстоўваецца прымусовая праца. Ваеннае ведамства сёлета таксама “дапамагала” у Мінскім і Мсціслаўскім раёнах, дзе ў агульнай складанасці на палях былі задзейнічаны 114 вайскоўцаў і 70 адзінак тэхнікі.

У сувязі з гэтым праваабаронца Валянцін Стэфановіч накіраваў заяву Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь, у якім просіць правесці пракурорскую праверку фактаў прыцягнення вайскоўцаў да прымусовай працы і прыняць меры пракурорскага рэагавання, скіраваныя на абарону правоў дадзенай катэгорыі грамадзян.

На сайце “Воранаўскай газеты” быў змешчаны артыкул аб прыцягненні працаўнікоў розных прадпрыемстваў да ўборкі ўраджаю на палях саўгаса “Воранаўскі”.

На бульбяным полі працавалі 90 чалавек — работнікаў РУП ЖКГ, Пераганцаўскага цэнтра культуры, тэхперсанал Воранаўскай сярэдняй школы, спецыялісты, паляводы і работнікі складоў гаспадаркі, супрацоўнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і работнікі Пераганцаўскай школы. Людзі капалі бульбу па два дні на тыдзень на працягу месяца.

Праваабаронцы “Вясны” ў чарговы раз адзначаюць, што сельгасработы, на якія накіроўваюцца работнікі іншых прадпрыемстваў, ёсць нішто іншае, як прымусовая праца. Як правіла, райвыканкамы выдаюць незаконныя распараджэнні аб накіраванні людзей на дапамогу ва ўборцы ўраджаю, якія прама парушаюць працоўнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь і міжнародныя дамовы, ратыфікаваныя нашай дзяржавай.

Валянцін Стэфановіч накіраваў чарговую заяву па факце прымусовай працы ў пракуратуру Воранаўскага раёна.

Адміністрацыйны пераслед ў кастрычніку (інфаграфіка)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства