viasna on patreon

Паштоўкі “Міжнароднай амністыі” аператыўнікі дэманстратыўна рвалі на шматкі на вачах у Паліенкі Фота Аўдыё

2018 2018-10-25T15:55:32+0300 2018-11-15T13:37:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palienka_na_voli3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Паліенка на волі. Фота: ПЦ "Вясна".

Зміцер Паліенка на волі. Фота: ПЦ "Вясна".

Сацыяльны актывіст і ўдзельнік анархісцкага руху Зміцер Паліенка, які па адбыцці пакарання выйшаў на волю 24 кастрычніка,  сустрэўся з праваабаронцамі “Вясны”. Цяпер ужо былы палітвязень выказаў падзяку ўсім, хто яго падтрымліваў за кратамі, пісаў лісты падтрымкі, праводзіў акцыі салідарнасці, распавёў пра акалічнасці зняволення і падзяліўся першымі ўражаннямі ад знаходжання на волі.

palienka_na_voli4.jpg
Зміцер Паліенка на офісе ПЦ "Вясна".

Пакаранне Зміцер Паліенка адбываў у Папраўчай калоніі №2 Бабруйска, там жа, дзе і старшыня Праваабарочага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі. Былым палітвязням было пра што ўзгадаць, параўнаць умовы ўтрымання і адносіны турэмнага персаналу да “небяспечных сядзельцаў”.

Былыя палітвязні Бабруйскай калоніі Зміцер Паліенка і Алесь Бяляцкі. Фота : ПЦ
Былыя палітвязні Бабруйскай калоніі Зміцер Паліенка і Алесь Бяляцкі. Фота : ПЦ "Вясна".

Паліенка асабліва не наракае на кіраўніцтва калоніі, але прызнае, што адносіны з персаналам былі нацягнутыя, прэсінг з боку адміністрацыі быў у большай ступені маральным. Але ціснулі таксама на тых, хто спрабаваў мець з ім нейкія стасункі, браў у яго пачытаць газету, альбо спрабаваў разам папіць гарбаты.

“Была верагоднасць таго, што могуць “раскруціць” за розныя парушэнні па 411-м артыкуле Крымінальнага кодэкса («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі ). Аднак, з-за статуса палітвязня, пра які ўсе добра ведалі, і вялікага розгаласу, да гэтага не дайшло", - распавядае Зміцер.

Тройчы Паліенку каралі змяшчэннем у штрафны ізалятар, у асноўным за нейкія дробязі і звычайна перад тым, як павінна адбыцца спатканне з блізкімі.

Алесь Бяляцкі, Марына Насенка і Зміцер Паліенка. Фота: ПЦ
Алесь Бяляцкі, Марына Насенка і Зміцер Паліенка. Фота: ПЦ "Вясна".

 Адзін з тэрмінаў у ШІЗА ён адбываў разам са Станіславам Ганчаровым, вядомым наёмнікам па мянушцы «тэрор-машына», які быў асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі за раздзіманне расавай і нацыянальнай варожасці і злоснае хуліганства. Пакідаючы зняволеных палярных поглядаў сам-насам у камеры, нехта, відаць, разлічваў на нейкі канфлікт, альбо правакацыю. Аднак зняволеныя гэта добра разумелі і ўсё абыйшлося спакойна.

Сябры і знаёмыя дасылалі Зміцеру шмат кніг, апроч гэтага ў калоніі ёсць даволі нядрэнная бібліятэка, было што пачытаць у вольны час. Таксама была падпіска на газеты “Народная Воля”, “Новы час” і іншыя.

"Здараліся выпадкі, - кажа Зміцер, -  што нейкія артыкулы ў газетах выразалі нажніцамі, двойчы знішчалі асобнікі газет і аднойчы дасланую кнігу, Цэнзура заўсёды адчувалася.”

Ён распавёў аб тым, што многія лісты не даходзілі да адрасатаў, гэтак жа як і ягоныя паштоўкі знікалі бясследна. Асабліва негатыўна ставіліся да паштовак салідарнасці, якія палітвязню з усяго свету дасылалі актывісты “Міжнароднай амністыі”. Іх паказвалі Паліенку і на ягоных вачах цынічна раздзіралі ў шматкі.

Ніякіх абмежаванняў і прафілактычнага нагляду ў дачыненні да Паліенкі не ўсталявана і таму ён будзе спрабаваць знайсці працу, агледзеўшыся нейкі час. Апроч гэтага, Паліенку “чакае” неадбыты ў 2017 годзе арышт тэрмінам 7 сутак.

На развітанне Алесь Бяляцкі падпісаў Зміцеру сваю кнігу “Турэмныя сшыткі”, напісаную фактычна ў сценах Бабруйскай калоніі і некалькі іншых кніг з серыі  з “Беларуская турэмная літаратура”. 

Валянцін Стэфановіч, Зміцер Паліенка, Алесб Бяляцкі і Сяргей Сыс. Фота пЦ
Валянцін Стэфановіч, Зміцер Паліенка, Алесь Бяляцкі і Сяргей Сыс. Фота ПЦ "Вясна".

Падрабязна: Хто такі Зміцер Паліенка і чаму ён спазнаў пераслед?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства