Дваццаць гадоў на варце свабоды веравызнання

2018 2018-10-22T08:19:09+0300 2018-10-22T08:19:08+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/shaucova-dziana-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзіяна Шаўцова. Фота: humanrightshouse.org

Дзіяна Шаўцова. Фота: humanrightshouse.org

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава працягвае серыю інтэрвію з выпускнікамі навучальнай праграмы ILIA-By. Гераіня гэтага матэрыяла – Дзіна Шаўцова, прадстаўніца Ініцыятывы FORB, выпускніца навучальнага курса EHREL – і кіраўніца самой праграмы.

 «Па прафесіі я юрыст. Нават не магу сказаць, праваабаронца я ці не», – сціпла прэзентуе сябе Дзіна Шаўцова, кіраўніца навучальнай праграмы ILIA-By, у межах якой яна і сама некалі вывучала міжнароднае права правоў чалавека; і ўжо амаль дваццаць гадоў Дзіна Шаўцова прасоўвае і абараняе свабоду веравызнання ў Беларусі.

«Правазнаўства да гандлю не мела ніякага дачынення і выпускала не прадаўцоў, а юрыстаў-практыкаў»

Часта прафесія бывае вызначаная сям’ёй; аднак бацькі Дзіны былі інжэнерамі, а рашэнне паступаць на юрфак з’явілася ў яе ў школе, у дзявятым класе: дзякуючы схільнасці настаўніцы англійскай мовы паразважаць аб старонніх рэчах:

– Настаўніца спытала, хто кім хоча быць. І аднакласнік заявіў: «Я хачу быць юрыстам». Інтрыга… Што гэта за прафесія? Што ў савецкія часы можна было пачытаць на гэтую тэму? Хіба што кніжкі Чаргінца – і паглядзець серыял «Следствие ведут знатоки».  Так я і вырашыла: пайду на юрыдычны!

Дзіяна Шаўцова. Фота: humanrightshouse.org

У год яе паступлення на юрфак БДУ быў шалёны конкурс; а ў Дзіны Шаўцовай – адна чацьвёрка ў атэстаце. І яна, па яе ж словах, «здрэйфіла» і падала дакументы ў тэхнікум савецкага гандлю на аддзяленне правазнаўства. Правазнаўства да гандлю не мела ніякага дачынення і выпускала не прадаўцоў, а юрыстаў-практыкаў. Дзіна распавядае, што ні разу не пашкадавала аб рашэнні пайсці ў тэхнікум:

– Я паўсонная чытала прысуды, у мяне гэтыя карцінкі плылі перад вачыма, і валасы на галаве варушыліся ад жудасці гэтых злачынстваў.

– Мы выпускаліся адтуль з паўнавартаснай кваліфікацыяй «юрыст», і спецкурсы былі адпаведныя, якія давалі навыкі работы судовым выканаўцам, сакратаром судовага паседжання, інспектарам па кадрах і юрысконсультам у сістэме спажывецкай каамерацыі. Былі і вельмі практычныя прадметы: друкаванне на машынцы – друкавалі ўсляпую 22 удараў у хвіліну; сценаграфія – потым на юрфаку ўсе пляваліся ад маіх канспектаў, бо я іх сценаграфіравала; і мы разбіралі гаспадарчыя дамовы, умелі іх пісаць, пісалі прэтэнзіі, позвы – пазоўную работу я цудоўна ведаю. Быў прадмет “Стылістыка дзелавога маўлення. Рэдагаванне службовых дакументаў”. Тое, чаго зусім не даваў юрыдычны факультэт. З чырвоным дыпломам я паступіла на юрыдычны.

На вытворчую практыку Дзіну Шаўцову накіравалі ў Мінскі абласны суд. Ішоў 1984 год. Старшынём суда тады быў Валянцін Алегавіч Сукала:

– Я прыйшла на практыку – пасля апошняга званка, бяссоннай ночы; і мяне адразу адправілі знаёміцца з практыкай суда – далі падшыўку прысудаў. Я паўсонная чытала прысуды, у мяне гэтыя карцінкі плылі перад вачыма, і валасы на галаве варушыліся ад жудасці гэтых злачынстваў. Гэтыя справы мелі высокую падсуднасць – абласны суд разглядаў цяжкія злачынствы.

 «І забойствы былі, і згвалтаванні, і даведалася, як робяць сыр»

Пасля практыкі Дзіне Шаўцовай прапанавалі застацца працаваць у судзе, а яна ўжо паступіла ў БДУ. Тады было прынята рашэнне пайсці на вячэрняе аддзяленне:

– Пазіцыя мая ў Абласным судзе называлася вельмі крута: сакратар Прэзідыума Мінскага абласнога суда. Я адказвала за выкананне прысудаў у частцы грамадзянскіх позваў. Але, апрача гэтага, мяне яшчэ адпраўлялі раз-пораз пісаць пратаколы судовых паседжанняў. Я ездзіла на розныя справы: і забойствы, і згвалтаванні, і службовая крыміналка была – па Халопніцкім масласыразаводзе. Я даведалася, як гатуюць сыр, і потым месяц яго не ела – бо паўсюль бачыла так званыя заганы якасці: паху, крашлівасці, адслаення парафінавай абалонкі… Юрыст – унікальная прафесія; ты можаш у любую сферу ўвайсці, толькі вывучы спецыфіку заканадаўчага рэгулявання.

 «Уяўляла царкву як месца, дзе шмат бабулек, якім трэба дапамагаць па сацыяльных пытаннях. Але пытанні ўзніклі зусім іншыя»

Абарону і прасоўванне свабоды думкі, сумлення і рэлігіі Дзіна Шаўцова не абірала так, як студэнты абіраюць тэму курсавой, ацэньваючы «за» і «супраць» – да гэтага яе прывялі жыццёвыя акалічнасці:

– Недзе з года 1995, ад таго, як я прыйшла ў царкву, я хацела зразумець: чым я магу быць тут карыснай як юрыст? У маім разуменні царква была як месца, дзе шмат бабулек, ім трэба дапамагаць, магчыма, па нейкіх сацыяльных пытаннях… Але пытанні з’явіліся зусім іншыя – першыя ластаўкі вялікіх праблем.

У пераходны перыяд паміж дзьвюмя эпохамі, у дзевяностыя гады, у Беларусі паспела яшчэ запанаваць сапраўдная свабода: ішоў бурлівы рост колькасці арганізацый, фармальных і не, з самымі рознымі перакананнямі:

– Па горадзе ходзіш – там улётка Белага брацтва, там – крышнаіты, на стадыёнах нешта адбываецца… Я ўжо не кажу пра Кашпіроўскага і астатніх «экстрасэнсаў». А напрыканцы дзевяностых у дзяржаве пайшоў працэс зваротны: трэба было ўсё гэта паставіць пад кантроль. Ужо праявіліся рэальныя праблемы рэлігійных арганізацый. У дзяржаўнай прэсе пачалі друкавацца дыфамацыйныя матэрыялы. «Народная газета» апублікавала два вялікіх артыкулы: «Беларусі пагражае перспектыва ператварыцца ў пратэстантскую рэспубліку».

Ад таго, як з’явіліся першыя весткі будучага наступу на свабоду веравызнання, Дзіна Шаўцова з мужам, таксама юрыстам, пачалі шукаць спецыялістаў у гэтай галіне – і не знайшлі. Давялося закасаць рукавы і разбірацца сваімі сіламі.

Дзіяна Шаўцова. Фота: humanrightshouse.org

У 2002 годзе паднялася вялікая хваля супраць прыняцця ў новай рэдакцыі заокна «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях»; гэтую хвалю падымалі і грамадскія актывісты, і самыя розныя рэлігійныя арганізацыі. З іх утварыўся касцяк – чалавек 15-20 найбольш актыўных; так з’явілася грамадзкая ініцыятыва «За свабоднае веравызнанне», якая ў 2013 годзе набыла форму простага таварыства і назву «Ініцыятыва FORB» (FORB – скарот ад Freedom Of Religion or Believe), якую сёння і прэзентуе Дзіна Шаўцова.

“На шыльдзе напісана “Дом культуры”, а не “Дом малітвы”

Замест дапамогі бабулькам давялося вырашаць праблемы зусім іншага парадка. Па справах, якія вяла Дзіна, можна прасачыць, як дзяржава крок за крокам наступала на свабоду веравызнання:

– Мы з мужам як юрысты кансультавалі, актыўна хадзілі па судах. Звярталіся вернікі і рэлігійныя арганізацыі. Усе трапілі пад раздачу ў 1999 годзе, калі быў прыняты Дэкрэт № 36, калі закон аб масавых мерапрыемствах сталі прымяняць і да рэлігійных. Калі мерапрыемства рэлігійнай арганізацыі, рэлігійнага характару, ладзіцца ў будынку, які па тэхпашпарце не ёсць культавым, – значыць, ідзіце і атрымайце дазвол. Перад 36 Дэкрэтам, да верасня 1999 года, гэта было не трэба. Арэндаваў – і ладзіш усё, што заўгодна. Напрыклад, богаслужэнні пратэстантаў па сваёй мадэлі вонкава выглядае як канцэрт і дэкламацыя са сцэны. І тут рэзка памяшканні ператварыліся ў «не прызначаныя», бо на шыльдзе напісана “Дом культуры”, а не “Малітоўны дом”. У 2000 годзе многія рэлігійныя арганізацыі страцілі магчымасць арэндаваць памяшканні, бо выканкамы не давалі дазволы.

– Менавіта ў рэлігійным асяродку ўпершыню пачалі прыцягваць да адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

У красавіку 2018 года ў Беларусі прагучала абсурдная справа «Пра піццё гарбаты» – калі васьмёх жыхароў Віцебска аштрафавалі за тое, што яны збіраліся ў прыватнай кватэры «выпить чаю и обсудить интеллект и развитие человека». Аказваецца, штрафы за такія сходы – зусім не навінка для Беларусі: у практыцы Дзіны Шаўцовай упершыню аналагічная справа была ў 2002 годзе:

– Менавіта ў рэлігійным асяродку ўпершыню пачалі прыцягваць да адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У Адміністратыўным кодэксе быў артыкул, па іроніі лёсу таксама пад нумарам 193. І вось у 2002 годзе паводле пастановы адміністратыўнай камісіі групе вернікаў выпісалі штраф. 15-20 чалавек, моладзь, рэгулярна збіраліся ў кватэры. І аднойчы – званок у дзьверы, хто там, участковы, на вас скарга паступіла; адкрываюць – а за ўчастковым яшчэ чалавек шэсць увальваюцца: І АВІР, і гарвыканкам, і два таварышы ў цывільным, адзін з камерай… Усіх развялі па пакоях, націснулі, склалі акт, забралі рэлігійную літаратуру…

Гэты штраф Дзіна Шаўцова абскардзіла ў судзе, дзе спасылалася не толькі на 31 артыкул Канстытуцыі, але і на 18 артыкул Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах:

– Прыйшла ў суд – памірала ўсярэдзіне, падрыхтавалася да найгоршага. Але што дзіўна: суд скасаваў пастанову адміністратыўнай камісіі! Усё зайшло: і Канстытуцыя, і норма наўпроставага дзеяння, і аргументы пра тое, што закон не прадугледжвае абавязковую рэгістрацыю!

Дзіяна Шаўцова. Фота: humanrightshouse.org

 «Ён дзьве перадачы па 40 хвілін распавядаў, як пяцідзясятнікі прынеслі ў ахвяру чалавека»

Сярод справаў, якія вяла Дзіна Шаўцова, быў і суд з Белтэлерадыёкампаніяй і вядучым перадачы БТ:

– Была позва, па якой я цэлы год хадзіла ў суд, прадстаўляючы інтарэсы рэлігійнага аб’яднання ХВЕ, рэлігійнай абшчыны і яе пастара. У 2002 годзе па БТ прайшла перадача Яўгена Новікава «Правы чалавека: погляд у свет». Ён дзьве перадачы па 40 хвілін распавядаў, як пяцідзясятнікі прынеслі ў ахвяру чалавека.

– За справу ўзяўся Новікаў: запрасіў, выслухаў, пачытаў, пранікся – і зрабіў дзьве праграмы, у якіх распавядаў жудасныя гісторыі пра секты. Тут ужо цярпенне скончылася

– Перадгісторыя такая. У адной царкве ў раённым горадзе прэсвітар памёр у веку 35 гадоў. У яго была слабая пячонка з-за таго, што ён перахварэў гепатытам; ён нечым атруціўся, вельмі хутка развіўся цыроз пячонкі, і ён памёр. А яго маці не магла з гэтым замірыцца; на царкву яна мела нейкую крыўду, канфлікт, і яна дамагалася адкрыцця крымінальнай справы: была ўпэўненая, што яе сына атруцілі, прынеслі ў ахвяру. Пісала ў розныя інстанцыі, нават дамаглася эксгумацыі для паўторнай экспертызы. Нават на тэлебачанне напісала. За справу ўзяўся Новікаў: запрасіў, выслухаў, пачытаў, пранікся – і зрабіў дзьве праграмы, у якіх распавядаў жудасныя гісторыі пра секты. Тут ужо цярпенне скончылася, і падалі позву аб абароне гонару і кампенсацыі маральнай школы. Новікаў усё не прыходзіў і не прыходзіў у суд; у рэшце рэшт яго прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці і прымусовага прыводу. Суд задаволіў нашыя пазоўныя патрабаванні; праўда, не цалкам. Хадзілі мы ў суд разам з Алегам ГулакомГары Пятровіч Паганяйла збіраўся ўдзельнічаць, але так і не далучыўся, бо быў заняты. А я пагадзілася толькі таму, што Гары Пятровіч узяўся быць адвакатам; я мелася адно паперкі падносіць. І ў выніку з заміраннем сэрца рыхтавалася да кожнага судовага паседжання…

 «Пад кантроль гэтай дзяржавы мы не ідзем»

Дзіна Шаўцова як юрыст аналізавала новую рэдакцыю закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» яшчэ ў статусе законапраекта, і ўжо тады бачыла, што калізіі, закладзеныя ў ім, спрарадзяць на практыцы шмат праблем. Нажаль, з часам спраўдзіліся найгоршыя чаканні:

– І самі рэлігійныя арганізацыі памыляліся, мяркуючы, што не павінны падпарадкоўвацца законам дзяржавы. І мы, як юрысты, прыкладалі ўсе намаганні, каб патлумачыць: калі ёсць рэлігійная арганізацыя як юрыдычная асоба, то на яе распаўсюджваюцца ўсе нормы і правілы, якія рэгулюць адпаведныя прававыя дачыненні юрасобы: падатковыя, грамадзянска-прававыя, працоўныя… А вось пытанні рэгістрацыі – гэта з міжнародных стандартаў, паводле якіх рэгістрацыя не павінна быць абавязковай умовай дзейнасці рэлігійнай супольнасці. У выпадку Беларусі гэты стандарт парушаецца, то бок права на свабоду рэлігіі абмяжоўваецца. Так, канструкцыя закона такая, што з 2002 года патрабуе абавязковай рэгістрацыі. І ў Беларусі аказалася шмат незарэгістраваных рэлігійных суполак. Напрыклад, паводле перакананняў. Ёсць такая рада баптысцкіх цэркваў – яны не рэгіструюцца прынцыпова! Пад кантроль гэтай дзяржавы, кажуць яны, мы не ідзем. Ёсць і такія арганізацыі, якія не могуць сабраць дваццаць чалавек, патрэбных для рэгістрацыі. Напрыклад, у вёсцы жыве 100 чалавек, з іх 15 – вернікі. Або ў іудзееў для першаснай ячэйкі дастаткова дзесяці чалавек – і яны ўважаюць, што маюць абшчыну.

«Што такое адміністратыўная адказнасць? – яe нашмат прасцей прымяніць»

Нягледзячы на тое, што Беларусь ужо практычна адмовілася прымяняць крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імені незарэгістраванай арганізацыі, Дзіна Шаўцова скептычна ставіцца да дэкрыміналізацыі артыкула 193.1:

– Я, шчыра кажучы, нават не ведаю, што лепш. Канешне, калі вісіць крымінальная адказнасць – гэта страшней: бо могуць і пазбавіць волі. Але крымінальную адказнасць прымяніць складана. На практыцы, як я ведаю, да рэлігійных арганізацый артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса прымянялі, з узбуджэннем крымінальнай справы, – два разы, і абедзьве справы не дайшлі да суда: справа Царквы Аб’яднання (Муна) і ў дачыненні да Аляксея Шчадрова. Абедзьве справы былі спыненыя. Замест крымінальнага артыкула 193.1 уводзяць адміністратыўную адказнасць. А што такое адміністратыўная адказнасць? – яе нашмат прасцей прымяняць! Узровень грамадскай небяспекі іншы – а штрафы там да 50 базавых! З улікам таго, што нашая дзяржава папаўняе бюджэт і такім чынам, можна чакаць, што гэта будзе рабіцца з большай лёгкасцю, чым узбуджался крымінальныя справы. Дзяржава будзе даваць справаздачу: мы выдалілі з Крымінальнага кодэкса артыкул 193.1. А пра тое, што з’явіцца адміністратыўка, будуць маўчаць…

«У лютым я паехала вучыцца… І сям’я страціла мяне на год. У мяне плавіліся мазгі»

Калі ў 2002 годзе Дзіна Шаўцова аналізавала закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных аб’яднаннях», ужо тады яна заўважыла неадпаведнасць закона міжнародным дакументам:

– Я разумела, што тут нешта не так: у тым, як заканадаўча рэгулюецца гэтая сфера. Я стала сама вывучаць дакументы па свабодзе рэлігіі, якія былі ў зборніках АБСЕ, рэкамендацыі экспертаў па аналізе рэлігійнага заканадаўства, і разумела, што сістэмных ведаў у мяне няма. Я стала шукаць магчымасць недзе павучыцца. І тут… У 2009 годзе, у лістападзе, праз нейкую рассылку абвестка дыстанцыйнага курса «Электроннае навучанне адвакатаў/юрыстаў правам чалавека». Гэта быў курс EHREL у межах праграмы Сеткі дамоў правоў чалавека «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў» (International Law in Advocacy, скарочана ILIA ). Я думаю: гэта для багоў, ну, дай паспрабую! Папрасіла рэкамендацыі ў калег, запоўніла даўжэзную анкету, і – мяне ўзялі на курс. Я паехала вучыцца… і сям’я страціла мяне на год. Гэта было поўнае заглыбленне ў міжнароднае права! У мяне плавіліся мазгі: філасофія правоў чалавека… тэсты… задачы… форумы… Мы пісалі эсэ па кожным курсе; а я ніколі не пісала эсэ! У жыцці такога фармата не сустракала. Я на той момант ужо 20 гадоў як скончыла ўніверсітэт і забылася, як гэта – вучыцца. Было цяжка. Пазнаёмілася з калегамі з іншых краінаў, якія таксама вучыліся на курсе: з Расеі, Грузіі, Азербайджана – разам з Беларуссю ўдзельнічалі чатыры краіны. Было вельмі цікава! Я была ў такім захапленні! Зусім іншыя падыходы да навучання; гэтая камунікацыя, гэтыя цудоўныя людзі – матываваныя; а выкладчыкі! – гэта іншы сусвет. Я нават марыць пра такое не магла.

 «За сталом побач сядзяць: крышнаіты, каталікі, бахаі, прэс-сакратар рымска-каталіцкай царквы, прадстаўнікі амбасадаў»

– Яшчэ быў адзін цікавы момант, для мяне вельмі важны. З нашай тэмай – праблемы рэалізацыі рэлігійнай свабоды – мы меліся правесці міжнародную канферэнцыю. Падалі заяўку ў IBB – і нам адмовілі: гарвыканкам не ўзгадніў. А назва была кшталту «Праблемы ў сферы свабоды рэлігій у Беларусі». Але калі я пачала вучыцца правам чалавека, я ўбачыла іншы бок тэмы. Я ўбачыла, што можна гаварыць пра праблемы, паказваючы, як павінна быць. Паглядзець на стандарт свабоды рэлігій і на практыку іншых дзяржаваў. Бо калі ў Беларусі прымалі закон, то рыторыка дзяржавы была такой: “Наш закон адпавядае міжнародным актам і стандартам, а практыка ў Беларусі ў параўнанні з іншымі ледзь не прагрэсіўная”. І мы вырашылі развянчаць гэтыя два міфы: паглядзець на стандарты і на практыку ў іншых краінах; і ў мяне нарадзілася назва. Гучала яна так: “Права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі: міжнародна-прававыя стандарты і іх імплементацыя ў нацыянальна-прававыя сістэмы еўрапейскіх дзяржаваў”. Гэта я паўгады павучылася і змагла сфармуляваць такую разумную назву! Падалі чарговую заяўку – і канферэнцыю дазволілі.

Ішоў 2010 год, набліжаліся прэзідэнцкія выбары.

– На канферэнцыю прыехалі калегі з розных краін, класныя эксперты, тады яшчэ місія АБСЕ была ў Беларусі, старшыня місіі адкрывала нашую канферэнцыю… І так было цікава: чалавек 70 удзельнікаў, за сталом сядзяць: крышнаіты, каталікі, прэс-сакратар рымска-каталіцкай царквы, прадстаўнікі амбасадаў, бахаі, яшчэ нехта… Тады быў такі трэнд дзяржавы: прасоўвалі «еўрапейскія каштоўнасці»; розным дзяржаўным інстытуцыям загадалі займацца гэтым.

«Барыс Ігаравіч распавядаў, што мы павінны адукоўваць людзей у сферы правоў чалавека»

У 2011 годзе Дзіна Шаўцова стала выпускніцай праграмы ILIA-By, а ўжо ў 2012 годзе заняла пазіцыю яе кіраўніка:

– Я не стаяла ля вытокаў BISH. Я даведалася аб праграме, калі сама пачала вучыцца. З Барысам Ігаравічам Звозскавым (Барыс Звозскаў – беларускі праваабаронца, першы Прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека)   мы пазнаёміліся ў 2011 годзе, а ў 2012 яго не стала. Нажаль, я з ім вельмі мала камунікавала! У Доме правоў чалавека ў Вільні я бачыла яго як каардынатара, эксперта. А ўпершыню ўбачыла яго на Другім праваабарончым форуме; там была панэль, прысвечаная адукацыі ў сферы правоў чалавека. Барыс Ігаравіч распавядаў, што мы павінны як мага болей навучаць людзей правам чалавека, механізмам абароны… Гэта была такога высокага палёта думка; сам ён быў вельмі інтэлігентны і вельмі пераканаўчы. Тады ён мяне вельмі ўразіў; я сядзела і сама сабе казала: «Так, так! Гэта тое, што трэба!» Гэта ўва мне прамаўляў мой юрыст, які меў вялікі прагал у ведах датычна правоў чалавека.

 «Цяпер юрысты і праваабаронцы навучаюцца разам»

Дзіна Шаўцова згадвае, як праходзіла адно з першых сумоўяў, калі ёй прапанавалі разгледзець магчымасць працы на пазіцыі каардынатара (далей гэта перарасло ў кіраўніка) адукацыйнай праграмы ILIA-By Беларускага дома правоў чалавека:

–  Гэта была скайп-канферэнцыя, і Барыс Ігаравіч задае такое пытанне: вы разумееце, што трэба будзе працаваць з адвакатамі? І я думаю: але ж адвакаты таксама людзі! Я тады не зразумела гэтага пытання. І толькі потым даведалася, што калі пачынаўся BISH, была ідэя “пажаніць” адвакатаў і праваабаронцаў, бо яны працуюць на адным полі, але ў іх няма ўзаемаразумення, агульнай мовы; і ідэя навучальнай праграмы была ў тым ліку даць агульныя веды і адной, і другой групе, і потым, на выніковай сэсіі – а яны навучаліся асобна – “пажаніць”. Былі баталіі, але нарэшце ўсё прыцерлася. І вось з чацьвертага цыкла BISH юрысты і праваабаронцы вучацца разам. Мы зразумелі, што няма сэнсу іх падзяляць. І гэта нават карысна для адвакатаў і юрыстаў, бо той прававы пазітывізм, які закладае акадэмічная юрыдычная адукацыя, трэба пераплаўляць. Я сама была такая. BISH – гэта пераплаўка мазгоў, гэта іншыя погляды, гэта ўменне з іншага боку глядзець на звыклую з’яву – складана, цяжка, але вельмі карысна.

«Нават самую цудоўную ідэю немагчыма рэалізаваць, калі паміж людзьмі няма давера»

Так у 2012 годзе Дзіна Шаўцова разам з Алегам Агеевым – выпускніком BISH, адвакатам, які страціў ліцэнзію пасля абароны кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча – прынялі кіраўніцтва адукацыйнай праграмай, заснаванай Барысам Звозскавым і Людмілай Ульяшынай. У той час Барыс Звозскаў ужо працяглы час змагаўся з хваробай…

– Барыс Ігаравіч ужо не мог з такой актыўнасцю працаваць, і ён Алега Агеева рыхтаваў на змену, перадаваў паціху справы… Так атрмалася, ніхто не чакаў, але Барыс Ігаравіч не паспеў усё перадаць. І вось мы разам з Алегам павінны рэалізоўваць праграму… Гэта быў для нас складаны досвед, цяжкі, але мы ўсё адолелі. Пры актыўным удзеле супрацоўнікаў Беларускага дома правоў чалавека наладжвалі арганізацыйныя і кіраўнічыя працэсы. Выпусцілі дзве групы трэцяга цыкла BISH, атрымалі вынікі вонкавай ацэнкі, упарадкавалі ўсё, стала значна прасцей, каманда пашырылася. Сфармаваліся кампаненты падтрымкі пасляадукацыйнай дзейнасці выпускнікоў, бо і выпускнікоў робіцца ўсё болей, і нэтваркінг развіваецца, што вельмі важна: праваабаронцы павінны ведаць адзін аднога і ўзаемадзейнічаць. Нават самую цудоўную ідэю немагчыма рэалізаваць, калі паміж людзьмі няма даверу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства