Мікалай Салянік абскардзіў рашэнне суда першай інстанцыі

2018 2018-08-27T07:30:00+0300 2018-08-27T08:54:12+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/salianik-zatrymanne.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Жорсткае затрыманне Мікалая Саляніка. Фота: "Гарадзенская Вясна".

Жорсткае затрыманне Мікалая Саляніка. Фота: "Гарадзенская Вясна".

24-га жніўня старшыня гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Мікалай Салянік абскардзіў рашэнне Кастрычніцкага суда Гародні які пакараў яго на 25 базавых велічынь. Вялікае абурэнне грамадска-палітычнага актывіста выклікала вядзенне судовага працэсу, дзе не задаволілі яго просьбу праглядзець відэа, якое Мікалай Салянік трактаваў як матэрыял, які цалкам апраўдвае яго.

Ёсць у кіраўніка Гарадзенскай абласной арганізацыі і прэтэнзіі да складання матэрыялаў міліцыяй.

"Гарадзенская Вясна" паведамляе, што суддзя Кастрычніцкага суда Гародні Гергель Таццяна  не стала разглядаць фота і відэаматэрыялы затрымання Мікалая Саляніка невядомымі людзьмі ў цывільным. Гэтыя фота і відэаматэрыялы хацелі прадставіць суду журналісты і сведкі інцыдэнта для ўстанаўлення ісціны. Але яны так і не былі разгледжаныя судом. Відэаматэрыялы ж міліцыі некуды прапалі. Не захаваліся да суда.
Суд у сваім рашэнні кіраваўся сведчаннямі міліцыянтаў. Сведкі з боку абвінавачваемага расказвалі зусім іншую гісторыю затрымання, чым міліцыянты. Аднак іх сведчанні, якія яны хацелі падмацаваць фота і відэаматэрыялямі, не аказалі ўплыву на судовае рашэнне.
Мікалая Саляніка, кіраўніка Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП прызналі вінаватым у тым, што ён арганізаваў пікет у інтэрнеце і аказваў міліцыі непадпарадкаванне пры затрыманні ажно ў двух месцах гораду. У выніку яго аштрафавалі на 25 базавых велічынь.

Грамадска-палітычныя актывісты ў знак пратэсту супраць такога вядзення суда, які быў над Мікалаем Салянікам, выйшлі з залі.

Мікалая Саляніка разам з іншым актывістам АГП Аляксандрам Лаўрэнцьевым 3 ліпеня бягучага году гвалтоўна і брутальна затрымалі людзі ў цывільным каля дома, дзе жыве Лаўрэнцьеў. Актывісты хацелі ў паласатых турэмных робах зладзіць флэш-моб і паказаць як парушаюцца грамадзянскія канстытуцыйныя правы ў Беларусі. 
Мікалай Салянік мае інваліднасць другой групы, у яго хворае сэрца. Неўзабаве пасля гвалтоўнага затрымання ён быў дастаўлены ў шпіталь. Праз дзень актывіст дакументальна зафіксаваў збіццё супрацоўнікамі сілавых структур. Пасля гэтага разгляд адміністрацыйнай справы быў адкладзены.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства