viasna on patreon

Ці стане Мінгарсуд на бок беларускамоўных бацькоў?

2018 2018-08-20T07:58:36+0300 2018-08-20T08:08:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/belaruskamounyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сустрэча бацькоў  з намесніцай міністра адукацыі Беларусі Раісай Сідарэнкай. Фота: Радыё Свабода

Сустрэча бацькоў з намесніцай міністра адукацыі Беларусі Раісай Сідарэнкай. Фота: Радыё Свабода

У сакавіку гэтага года ў інтарэсах 24 беларускамоўных дзяцей іх бацькі звярнуліся ва Ўпраўленне адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна г.Мінска з просьбай стварыць рознаўзроставую беларускую групу ў адным з дзяцячых садкоў раёна. Бацькі прасілі ўлады стварыць рознаўзроставую групу для дзяцей, для якіх беларуская мова сапраўды родная, з тым, каб дзяцей выхоўвалі  ў атачэнні іншых носьбітаў роднай мовы, у атмасферы, дзе ўвесь працэс – ад пабытовых зносін да выхаваўчых праграм і гульняў – вядзецца па-беларуску. 

Бацькі прасілі аб спрыянні ў рэалізацыі іх канстытуцыйнага права на выкарыстанне дзяржаўнай беларускай мовы ў адукацыі і выхаванні сваіх малалетніх дзяцей. Упраўленне адукацыі і потым Мінгарвыканкам адмовілі  бацькам у іх просьбе, прапанаваўшы раскідаць дзяцей па “так званых беларускіх” групах у садках раёну, чый фармальна прысутны, але на практыцы далёка не такі беларускамоўны статус і быў першаснай прычынай звароту ініцыятыўных бацькоў. Таксама не задаволіла бацькоў і абяцанне ўладаў стварыць рознаўзроставую групу для беларускамоўных дзетак праз амаль 1.5 гады – на 2019/2020 навучальны год. Гэта пры тым, што ў раёне ўжо даўно дзейнічаюць 6 (!) рознаўзроставых груп з рускай мовай навучання/выхавання.

Частка бацькоў пайшла далей ў адстойванні свайго права і пры падтрымцы РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” звярнулася ў суд Першамайскага раёна г. Мінска з тым, каб аспрэчыць дзеянні чыноўнікаў ад адукацыі і дамагчыся выкання гарантаванага Канстытуцыяй права на рэальнае выкарыстанне дзяржаўнай беларускай мовы ў выхаваўчым працэсе. Аднак суд адмовіўся ад прыняцця скаргі бацькоў да разгляду, спаслаўшыся на тое, што справа не падведамасная суду. Рашэнне Першамайскага суда бацькі абскардзілі ў прыватнай скаргзе ў Мінскі гарадскі суд з тым, каб іх справу ўсё ж такі разгледзілі па сутнасці. Разгляд прыватнай скаргі бацькоў адбудзецца ў панядзелак 20 жніўня і будзе праходзіць у адкрытым судовым паседжанні.  

На паседжанні суддзя прыме рашэнне, ці дазволіць вырашыць спрэчку паміж бацькамі беларускамоўных дзетак і чыноўнікамі Перашамайскага раёна ў судовым парадку. 

Калі такое рашэнне будзе прынята, то далей павінен адбыцца адкрыты суд, дзе бацькі змогуць агучыць сваю пазіцыю, распавесці аб іх змаганні за права дзяцей на выхаванне і адукацыю ў асяродку роднай мовы, а таксама паспрабуюць пераканаць суд стаць на іх бок і вымусіць чыноўнікаў да актыўных дзеянняў па змяненні цяперашняй сітуацыі з дашкольным выхаваннем.

Паседжанне пачнецца ў 15.00 у будынку Мінскага гарадскога суда па адрасе г.Мінск, вул.Дуніна-Марцінкевіча, 1.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства