viasna on patreon

"Маўчаць, я сказаў!", Ці што такое "падпіска аб неразгалошванні"?

2018 2018-08-10T12:10:31+0300 2021-03-10T13:56:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/nerazglashenie.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Іллюстрацыйная выява

Іллюстрацыйная выява

Следчыя СК актыўна выклікаюць людзей на допыты па розных крымінальных справах, пры гэтым часта бяруць з іх падпіску пра неразгалошванне дадзеных папярэдняга следства.

Што такое "падпіска аб неразгалошванні" і ці можна адмовіцца ад подпісу, разбіраемся ў прававым лікбезе ад "Вясны".

Што такое "падпіска аб неразгалошванні"?

Падпіска аб неразгалошванні - пісьмовае абавязацельства аб захаванні падпiсваючай асобай ў таямніцы звестак, якія сталі яму вядомымі.

Па сутнасці гэта такая папера, дзе ставіцца подпіс дапытваемага аб тым, што следчы забараняе распаўсюджваць дадзеныя, якія могуць стаць вядомымі у працэсе следчых дзеянняў, і папярэдзіў яго аб крымінальнай адказнасці за распаўсюд такой інфармацыі.

Што такое "дадзеныя папярэдняга следства па крымінальнай справе"?

Гэта тая інфармацыя, якую атрымлівае следчы з моманту ўзбуджэння крымінальнай справы да перадачы яе ў суд або спынення.

На практыцы, следчы ці дазнаўца выкарыстоўваюць у падпісцы максімальна шырокія фармулёўкі, што звязана часцяком з тым, што падпіску бяруць не дзеля захавання таямніцы следства, а для таго, каб максімальна «звязаць рукі» абароне.

Ці ўсе абавязаныя даваць такую падпіску?

Згодна з часткай 2 артыкула 198 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь пра недапушчальнасць разгалошвання без дазволу звестак справы следчы, асоба, якая робіць дазнанне, мае права папярэдзіць абаронцу, пацярпелага, грамадзянскага істца, грамадзянскага адказчыка, прадстаўнікоў, прадстаўніка памерлага падазраванага, абвінавачанага, асобы, якая падлягала прыцягненню ў якасці падазраванага, абвінавачанага, сведак, эксперта, спецыяліста, перакладчыка, панятых і іншых асобаў, якія прысутнічаюць пры вытворчасці следчых і іншых працэсуальных дзеянняў.

Важна адзначыць, што падазраваным і абвінавачаным па крымінальнай справе следчыя не маюць права забараняць што-небудзь выдаваць.

А якія абавязкі ёсць у падазраваных і абвінавачаных?

Згодна з арт. 41 і 43 КПК Рэспублікі Беларусь падазроныя і абвінавачаныя маюць толькі тры абавязкі:

  • з'яўляцца па выкліках органа, які вядзе крымінальны працэс;
  • падпарадкоўвацца законным распараджэнням органа, які вядзе крымінальны працэс;
  • удзельнічаць у следчых і іншых працэсуальных дзеяннях, калі гэта прызнана неабходным органам, які вядзе крымінальны працэс.

Абвінавачаны, апроч іншага, мае права заяўляць аб сваёй невінаватасці і наогул яму павінна быць забяспечана магчымасць абараняцца устаноўленнымі законам сродкамі і спосабамі (арт. 17 КПК). Так што абвінавачаныя маюць права публічна даваць ацэнку прад'яўленым ім абвінавачваннях, прадстаўляць аргументы аб сваёй невінаватасці, а таксама даводзіць да агульнага ведама факты парушэння іх правоў пры правядзенні папярэдняга следства.

Акрамя таго, абвінавачаныя і падазраваныя, як і іншыя грамадзяне, надзеленыя правам абараняць свой гонар і годнасць. Усе гэтыя дзеянні з'яўляюцца законнай формай і сродкам абароны, і адпаведна любыя іх абмежаванні органамі следства з'яўляюцца незаконным абмежаваньнем права на абарону.

Якая адказнасць прадугледжана за разгалошванне наяўных у справе звестак?

За наўмыснае разгалошванне звестак дазнання, папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння асоба, якая была папярэджана пра недапушчальнасць іх выдавання без дазволу дазнаўцы, следчага, пракурора або суда - караецца штрафам або арыштам (арт. 407 КК Рэспублікі Беларусь).

А ці ёсць адказнасць за адмову ад падпіскі?

Адказнасці за адмову ад подпісу аб неразгалошванні дадзеных следства - няма, але следчаму дастаткова нават вусна папярэдзіць аб адказнасці за рагалошванне дадзеных па справе і засведчыць адмову сведкі ад подпісу.

Г.зн. вызначальным фактам з'яўляецца не сама падпіска, а азнаямленне з адказнасцю за разгалошванне дадзеных.

І што нікому наогул нельга распавядаць? Нават родным?

Наогул нікому.

Але важна разумець, што менавіта нельга выдаваць - тое, што стала вядома сведку ў сувязі з удзелам у справе. Тое, што дапытваемаму было вядома раней, а таксама рознага роду парушэнні ў ходзе следства - можна разгалошваць.

І доўга трэба маўчаць?

Пакуль крымінальная справа не будзе перададзена ў суд або спыненая.

Аднак, як адзначае юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка, неабходна распаўсюджваць інфармацыю пра сам факт ўзяцця такой падпіскі, а працэсуальнае дзеянне - абскарджваць.

Калі ў вас засталіся пытанні, пішыце на пошту "Вясны" - viasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства