Праваабаронцаў будуць судзіць за акцыю ў падтрымку Аюба Ціціева

2018 2018-08-06T17:29:06+0300 2018-08-06T17:30:21+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ganuskina_arlou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У сераду ў Чачні Шалінскі гарадскі суд працягне разглядаць справу Аюба Ціціева. У той жа час у Маскве будуць судзіць Алега Арлова і Святлану Ганушкіна за акцыю ў падтрымку Аюба. Пра гэта паведамляецца на сайце Праваабарончага цэнтра "Мемарыял".

8 жніўня ў 11:00 у Цвярскім судзе Масквы разгледзяць справу старшыні Камітэта «Грамадзянскае садзейнічанне» Святланы Ганушкінай і члена Савета Праваабарончага цэнтра «Мемарыял» Алега Арлова, якія 9 ліпеня выйшлі пад сцены Крамля з плакатамі «Свабоду Аюбу Ціціеву!».

Пікет доўжыўся не больш за дзесяць хвілін. Актывістаў правялі ў аддзел паліцыі «Кітай-горад», на іх склалі пратакол па частцы 5 артыкула 20.2 КаАП РФ (парушэнне ўстаноўленага парадку арганізацыі альбо правядзенні збору, мітынгу, дэманстрацыі, шэсця або пікетавання). Праваабаронцам пагражае штраф ад дзесяці да дваццаці тысяч расійскіх рублёў або абавязковыя працы на тэрмін да сарака гадзін. У судзе Арлова будзе прадстаўляць юрыст ПЦ "Мемарыял" Дзяніс Шэдаў. Святлана Ганушкіна прадставіць сябе сама.

Нагадаем, Аюб Ціціеў, які ўзначальвае Грозненскае аддзяленне Праваабарончага цэнтру "Мемарыял", быў затрыманы ў студзені нібыта за захоўванне марыхуаны. У траўні яму прад'явілі абвінавачванне ў незаконным захоўванне без мэты збыту наркотыкаў у буйным памеры (ч. 2 арт. 228 КК). Ціціеву можа пагражаць да трох гадоў пазбаўлення волі. Праваабаронца сцвярджае, што наркотыкі яму падкінулі пры затрыманні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства