Недзяржаўныя выданьні падчас падпісной кампаніі сутыкнуліся з сурьёзнымі перашкодамі.

2003 2003-12-18T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

24-га снежня сканчаецца падпісная кампанія на беларускія выданні на першае паўгоддзе 2004 года. На першую палову снежня прыпадае пік рэкламнай кампаніі, умовы правядзення якой павінны быць аднолькавымі для ўсіх выданняў, незалежна ад формы ўласнасці. Тым не менш, некаторыя недзяржаўныя газеты сутыкнуліся ў гэтай справе з сур'ёзнымі перашкодамі.
Недзяржаўная газета "Белорусский рынок" заключыла дамовы на размяшчэнне сваіх рэкламных улётак у вагонах метро і на слайд-боксах у тунэлі паміж станцыямі "Кастрычніцкая" і "Купалаўская". У цягніках рэклама правісела адзін тыдзень замест двух, а на слайд-боксах - 6 дзён замест месяца.
Паводле дамовы, якую ЗАТ "Белорусский рынок" заключыла з начальнікам Мінскага метрапалітэна, улёткі павінныя былі з'явіцца 1-га снежня ў 94 вагонах на абедзвюх лініях метро. Па назіраннях супрацоўнікаў рэдакцыі, якія адсочвалі выкананне гэтых умоваў, рэклама была змешчана не ва ўсіх вагонах, а з 8-га снежня знікла ўвогуле. Начальнік тэхнічнага аддзела метрапалітэна Аляксандр Хоміч, які адказвае за размяшчэнне рэкламных улётак у вагонах метро, адмовіўся тлумачыць прычыны знікнення плакатаў "Белорусского рынка". "Просто сняли - и всё!", - заявіў ён у адказ на адпаведнае пытанне прэс-службы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ).

Як паведаміла БАЖ намесніца генеральнага дырэктара "БР" Наталля Ждановіч, якая 25-га лістапада падпісвала дамову з боку рэдакцыі, яна даслала ліст на імя начальніка ТКУП Мінскі метрапалітэн сп-ра Андрэева, у якім паінфармавала яго пра зрыў часткі рэкламнай кампаніі газеты і запатрабавала выплаціць грошы за нявыкананыя паслугі. 17-га снежня рэдакцыі вярнулі суму перадаплаты.
Падобным чынам была сарваная рэкламная кампанія газеты ў тунэлі паміж станцыямі "Кастрычніцкая" і "Купалаўская", дзе размешчаны слайд-боксы. Рэклама "Белорусского рынка" павінна была правісець у пераходзе з 2-га снежня да 2-га студзеня, аднак знікла ўжо праз 6 дзён.

Уладальнікам гэтых светлавых экранаў з'яўляецца рэкламнае агенцтва, якое арандуе плошчы ў мінскім метро. Агенцтва папярэдне ўзгадняе кожны арыгінал-макет рэкламы з Аддзелам абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Упраўлення прадпрымальніцтва Мінгарвыканкама. Намесніца начальніка Аддзела Ірына Барышнікава не змагла патлумачыць прычынаў знікнення рэкламы "БР" у метро і пераадрасавала прэс-службу БАЖ да намесніка начальніка Ўпраўлення прадпрымальніцтва Аляксандра Кудраўцава, зазначыўшы, што "не давала ўказанняў здымаць гэтую рэкламу". Тое ж самае заявіў спадар Кудраўцаў, у сваю чаргу, пераадрасаваўшы пытанне да намесніка начальніка ўпраўлення інфармацыі Мінгарвыканкама Ўладзіміра Зубрыка. Сп. Зубрык выказаў меркаванне, што рашэнне зняць рэкламу прыняла мастацкая рада, якая працуе пры Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва і якраз цяпер займаецца распрацоўкай новых падыходаў да вонкавай рэкламы ў горадзе. Сп. Зубрык лічыць, што рэклама "Беларускага рынка" не задаволіла раду з нейкіх "мастацкіх меркаванняў".
"Хутчэй за ўсё, нейкі чыноўнік пабачыў у метро нашу рэкламу і вырашыў гэткім чынам "праявіць сябе", - так пракаментаваў сітуацыю галоўны рэдактар "Белорусского рынка" Вечаслаў Хадасоўскі.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international