viasna on patreon

“Кожны мае права”: Абмежаванні

2018 2018-07-31T12:35:00+0300 2018-12-14T12:35:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kozhny_mae_prava_p6_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“Я за свабоду. Свабода павінна быць для ўсіх, а не толькі для абраных,
а значыць, мусіць абмяжоўвацца разумным законам, менавіта законам, а не свавольствам улады”.

Кася Камоцкая, спявачка

Па слядах дапаможніка і перасоўнай экспазіцыі “Кожны мае права ведаць свае правы” у прававым лікбезе ад “Вясны” распавядаем ці могуць правы чалавека быць абмежаваныя і ў якіх выпадках?

Ці могуць права чалавека абмяжоўвацца?

Тое, што мы як чалавечыя істоты маем шэраг правоў, не азначае, што мы заўсёды можам дзейнічаць так, як нам захочацца. Часта нашы правы ўступаюць у канфлікт з правамі іншых людзей. Напрыклад, наша права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю можа ўступіць у канфлікт з правам іншай асобы абараняцца ад умяшальніцтва ў асабістае жыццё.

У выпадку, калі інфармацыя, якую мы збіраем і распаўсюджваем, не ўплывае на жыццё грамадства – напрыклад калі гэта проста чуткі пра людзей, з якімі мы разам вучымся ці працуем, - наша свабода слова можа і нават павінна быць абмежавана. А калі мы даносім да людзей інфармацыю аб несумленных учынках палітыка, ад рашэнняў якога залежыць лёс многіх, то права на прыватнасць гэтай публічнай асобы павінна быць абмежавана.

Чым абумоўліваецца абмежаванне ў правах?

Чалавецтва ўжо даўно зразумела, што карыстанне правамі звязанае з адказнасцю перад грамадствам. І менавіта гэтая адказнасць дыктуе неабходнасць абмежаванняў. І гэтак жа даўно філосафы і юрысты спрабавалі сфармуляваць прынцыпы, якія рэгламентуюць умяшальніцтва ўлады ў правы чалавека. Ці не ўпершыню ў заканадаўчым акце можна пабачыць іх у Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна, прынятай у 1789 годзе ў Францыі.

Там, у прыватнасці, было запісана наступнае:

“Свабода палягае ва ўладзе рабіць усё, што не шкодзіць іншым: ажыццяўленне натуральных правоў кожнага чалавека мае толькі тыя межы, якія забяспечваюць іншым членам грамадства карыстанне тымі ж правамі. Гэтыя абмежаванні могуць быць вызначанаыя толькі законам… Закон мае права забараняць толькі тыя дзеянні, што з’яўляюцца шкоднымі для грамадства… Закон можа прызначаць толькі тыя пакаранні, якія відавочна і бясспрэчна неабходныя”.

Якія правы нельга абмяжаваць ні ў якіх выпадках?

Астатнія правы чалавека могуць быць абмежаваныя ў пэўных сітуацыях. Аднак, абмяжоўваючы правы чалавека, улада павінна строга выконваць пэўныя ўмовы, інакш такое ўмяшанне будзе лічыцца ўжо не абмежаваннем, а парушэннем права.

Якія ёсць умовы абмежавання?

Улада не можа ўмешвацца ў правы беспадстаўна – абмежаванне павінна мець пэўную мэту. Да таго ж мэта такога ўмяшання ў права не можа быць адвольнай.

Вычарпальны пералік такіх мэтаў зафіксаваны ў міжнародных дагаворах па правах чалавека і ў нацыянальных законах. У яго ўваходзіць абарона правоў іншых асобаў і такіх каштоўнасцяў, як бяспека грамадства, тэрытарыяльная цэласнасць і суверэнітэт дзяржавы, грамадская мараль, аўтарытэт правасуддзя – таго, што ў дэмакратычных краінах прызнана вельмі важным для ўстойлівага развіцця грамадства.

Умяшальніцтва ў права павінна быць прапарцыйным пагрозе тым каштоўнасцям, якія дзяржава такім чынам імкнецца абараніць, і не можа перавышаць мінімальны ўзровень, неабходны для іх абароны.

А для Беларусі актуальна?

У Канстытуцыі Беларусі можна знайсці такі пералік каштоўнасцяў, для абароны якіх у асобных выпадках дзяржаве дазволена ўмешвацца ў правы і свабоды чалавека: гарантаванне нацыянальнай бяспекі, абарона суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, забеспячэнне грамадскага парадку з мэтай прадухілення хваляванняў ці злачынстваў, ахова здароўя і маральнасці насельніцтва, выратаванне жыцця людзей і маёмасці, абарона правоў і свабодаў іншых людзей, падтрыманне аўтарытэту і бесстароннасці правасуддзя. Каштоўнасці, дзеля якіх можа быць абмежаванае права, названыя ў тых жа артыкулах Канстытуцыі, якімі гэтае права гарантаванае. Любыя іншыя мэты для абмежавання правоў не могуць лічыцца легітымнымі.

 Але варта памятаць: 

Ці ёсць рызыка ў неабходнасці абмежавання правоў чалавека?

Такім чынам, правы чалавека не толькі можна, а часам і проста неабходна абмяжоўваць – часта не існуе іншага спосабу абараніць правы або захаваць бяспеку іншых людзей. Пошук адказу на пытанне “чые правы ў дадзеным канкрэтным выпадку маюць патрэбу ў большай абароне?” часта бывае вельмі скаладаным. Менавіта гэтым, сярод іншага, і займаюцца нацыянальныя і міжнародныя суды.

Але трэба памятаць, што дзяржаве ўласціва злоўжываць абмежаваннямі. Гісторыя даказвае, што часта пад нагодай абароны пэўных каштоўнасцяў дзяржава аказвае наступ на правы чалавека. Менавіта таму заўсёды трэба пільна сачыць за дзеяннямі заканадаўцаў і чыноўнікаў і быць гатовымі абараняць свае правы.

Чытайце таксама пра Паходжанне правоў чалавека, Чалавечую годнасцьПрынцыпы правоў чалавекаСалідарнасць і Недыскрымінацыю.

Беларускі варыянт выставы “Кожны мае права ведаць свае правы” быў адаптаваны Праваабарончым цэнтрам “Вяснам” у межах сумеснай дзейнасці Міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека праграмы “Дом Дому”.

У распрацоўнцы стэндаў выкарыстаны фотаздымкі і ілюстрацыі з конкурсаў, якія праводзіліся Усеўкраінскай асветнай праграмай “Разумеем правы чалавека”, Украінскім Хельсінкскім саюзам правоў чалавека, грамадскай арганізацыі “М’АРТ”.

Партнёрства

Сяброўства