На берасьцейскага блогера Пятрухіна завялі крымінальную справу за абразу
Блогер Сяргей Пятрухін атрымаў позву ў Берасьцейскі міжраённы сьледчы камітэт, дзе супраць яго распачатая крымінальная справа за абразу.
Як паведамляе Радыё Свабода, позву блогер атрымаў заказным лістом 24 ліпеня, аднак аказалася, што ён мусіў зьявіцца ў Сьледчы камітэт 23 ліпеня.
Сяргей Пятрухін кажа, што супраць яго распачатая крымінальная справа паводле часткі 2 артыкулу 189 Крымінальнага кодэксу — «абраза, нанесеная ў публічным выступе, або ў друкаваным ці ў публічна прадэманстраваным творы, або ў сродках масавай інфармацыі».
Санкцыя дадзенага артыкулу прадугледжвае штраф або папраўчыя працы на тэрмін да двух гадоў, або арышт, або абмежаваньне волі да трох год.
Сяргей Пятрухін пакуль не бярэцца камэнтаваць сытуацыю.
«Позву атрымаў сёньня на ўчора, і з чым гэта зьвязана, пакуль не магу сказаць», — сказаў ён.
Блогер Сяргей Пятрухін апошнім часам здымае шмат відэа на тэму пратэстаў супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. 12 траўня ў яго дома быў праведзены ператрус, падчас якога забралі кампутар, пляншэт, фотаапарат і тэлефон. Гэтыя рэчы яму не вярнулі дагэтуль.
Апроч таго, Пятрухін неаднаразова затрымліваўся міліцыяй, атрымліваў штрафы і адбываў суткі арышту.
Агульная сума штрафаў, атрыманая Пятрухіным за год— 140 базавых велічыняў, ён таксама быў арыштаваны на 15 сутак.