viasna on patreon

Дыфамацыйныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе Беларусі: адказваем на пытанні

2018 2018-07-13T14:46:00+0300 2018-07-16T14:37:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cenzura_logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Што такое “крымінальная дыфамацыя”?

Дыфамацыя — распаўсюджванне ганебнай інфармацыі пры дапамозе СМІ. У адрозненні ад паклёпу дыфамацыя выяўляецца ў тым, што ў публікацыях і іншых крыніцах можа распаўсюджвацца не толькі ілжывая інфармацыя, але і аб'ектыўная.

У Крымінальным кодэксе Беларусі змяшчаецца семь артыкулаў, якія замацоўваюць крымінальную адказнасць за дыфамацыю:

  • Паклёп (арт. 188) — абмежаванне волі да трох гадоў;
  • Абраза (арт. 189) — абмежаванне волі да трох гадоў;
  • Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 367) — пазбаўленне волі да пяці гадоў;
  • Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 368) — пазбаўленне волі да трох гадоў;
  • Абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369) — абмежаванне волі да трох гадоў;
  • Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (арт. 369.1) — пазбаўленне волі да двух гадоў;
  • Абраза суддзі ці засядальніка (арт. 391) — абмежаванне волі да трох гадоў.

Крымінальная адказнасць да аднаго года абмежавання волі прадугледжана і за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК). 

Як бачым, беларускае крымінальнае заканадаўства ўстанаўлівае больш жорсткае пакаранне за абразу і паклёп службовай асобы. Гэта значыць, што звычайны чалавек менш абаронены, чым асоба пры пасадзе. Пры гэтым, павышаная крымінальная адказнасць (пазбаўленне волі) прадугледжана за паклёп і абразу прэзідента Рэспублікі Беларусь.

Наяўнасць такіх нормаў у заканадаўстве краіны прыводзіць да іх злоўжывання дзяржаўнымі органамі. На думку праваабаронцаў, такія пытанні ўвогуле варта вырашаць ў парадку грамадзянскай судавытворчасці.

Якія міжнародныя стандарты існуюць?

Міжнародныя арганізацыі па правах чалавека разглядаюць дыфамацыю ў кантэксте права на выказванне меркавання і права на свабоду слова. Дэкрыміналізацыя дыфамацыйных правапарушэнняў з'яўляецца стандартам, сфармуляваным і абгрунтаваным у рашэннях шэрагу міжнародных арганізацый.

Міжнародная супольнасць пры падтрымцы праваабарончай арганізацыі "Article 19" ў 1995 годзе прыняла Ёханесбургскія прынцыпы. Яны прызначаныя для ўзмацнення артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якім кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў.

Згодна з сёмым прынцыпам ніхто не можа быць пакараны за крытыку ці абразу нацыі, дзяржавы або яго сімвалаў, урада, дзяржаўных ведамстваў або дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, калі толькі гэтая крытыка ці абразу не накіраваныя на падбухторванне да гвалтоўных дзеянняў або ж могуць пацягнуць такія дзеянні.

Ёханесбургскія прынцыпы ўключаюць у выказванне меркавання выказванні, якія не складаюць пагрозу нацыянальнай бяспекі, а таксама:

  • выступаюць за негвалтоўнае змяненне палітыкі ўрада ці змену самога ўрада;
  • уяўляюць сабой крытыку ці абразу нацыі, дзяржавы або яго сімвалаў, урада, дзяржаўных ведамстваў або дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў;
  • уяўляюць незадавальненне або прапагандуюць незадавальненне, па пытаннях рэлігіі, свабоды сумлення і перакананняў, супраць прызыву на ваенную службу або ваеннай службы як такой; канкрэтнага канфлікту або пагрозы прымянення сілы для дазволу міжнародных спрэчак;
  • накіраваны на перадачу інфармацыі аб меркаваных парушэннях міжнародных стандартаў правоў чалавека або міжнароднага гуманітарнага права.
Акцыя ў Гародні. Фота прадастаўлена з архіву ГА
Акцыя ў Гародні. Фота прадастаўлена ГА "БАЖ"

Што думаюць на гэты конт міжнародныя арганізацыі па правах чалавека?

Камітэт па правах чалавека ААН у 2011 годзе прыняў заўвагу агульнага парадку № 34. Згодна з арт. 19, недастакова аднаго толькі факту, што формы выказвання меркаванняў абражаюць якога-небудзь грамадскага дзеяча, для таго, каб абгрунтаваць усталяванне пакаранняў, хоць грамадскія дзеячы таксама могуць у сваіх інтарэсах выкарыстоўваць палажэнні Пакта.

КПЧ ААН звяртае ўвагу на тое, што ўсе грамадскія дзеячы, у тым ліку прадстаўнікі вышэйшай палітычнай улады (кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў), могуць на законных падставах станавіцца аб'ектам крытыкі і нападак палітычнай апазіцыі. Па гэтай прычыне Камітэт выказвае занепакоенасць у сувязі з крыміналізацыяй такіх дзеянняў у некаторых дзяржавах.

У 2011 годзе спецдакладчык ААН па свабодзе выказвання меркаванняў Франк Ла Рю ў сваім дакладзе заклікаў Беларусь дэкрыміналізаваць паклёп і абразы.

Ці ўжываюцца гэтыя артыкулы ў Беларусі?

Як правіла, на практыцы дыфамацыйныя артыкулы прымяняюцца ў дачыненні да журналістаў.

Справа Віктара Івашкевіча, жнівень 2001 г. 
Галоўнага рэдактара газеты "Рабочы" прыцягнулі да двух гадоў пазбаўлення волі за замах на злачынства, прадуглежданыя ч.2 арт. 367, ч.1,2 368 КК. Віктара Івашкевіча асудзілі за артыкул "Вор должен сидеть в тюрьме”. Ён уяўляў сабой перадрукоўку матэрыялаў з шэрагу інтэрнэт-сайтаў, у якіх распавядалася пра нелегальныя шляхі здабывання грошай Аляксандрам Лукашэнкам. Праз год журналіст вызваліўся па амністыі.

  • Справа Аляксандра Ігнацюка, 2003 г.
    Галоўнага рэдактара газеты “Вечерний Столин” асудзілі па арт. 369 КК. Суд прызнаў яго вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады, за што быў пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічыняў.
mazejko-mini.jpg
Павал Мажэйка

  • Справа Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі, 2002 г.
    Крымінальныя справы супраць галоўнага рэдактара газеты “Пагоня” Міколы Маркевіча і яе карэспандэнта Паўла Мажэйкі былі ўзбуджаныя па арт. 367-368 КК (паклёп і знявага прэзідэнта краіны). Яны былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за артыкулы, якія нават не дайшлі да чытача, бо нумар газеты быў арыштаваны яшчэ ў друкарні падчас вытворчасці. Іх асудзілі на два і паўтары гады абмежавання волі адпаведна. Мікола Маркевіч і Павел Мажэйка адбывалі пакаранне ва ўстановах адкрытага тыпу (“на хіміі”). Паводле закона “Аб амністыі” тэрмін абодвум быў скарочаны на год.
  • Справа Андрэя Пачобута, 2011 г.
    Гарадзенскага журналіста асудзілі за паклёп на прэзідэнта да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. У 2012 г. супраць Андрэя Пачобута была зноў распачатая справа па тым жа артыкуле. Паколькі тэрмін адтэрміноўкі пакарання яшчэ не скончыўся, яго павінны былі накіраваць у месцы пазбаўлення волі. Аднак у 2013 справа супраць яго была спыненая.

У 2005-м годзе намесніца галоўнага рэдактара выдання "БДГ. Деловая газета" Ірына Халіп за свае публікацыі атрымала афіцыйнае папярэджанне ад намесніка генеральнага пракурора БеларусіЖурналістку папярэдзілі, што яе могуць прыцягнуць да адказнасці па арт.369.1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), а таксама па арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). У папярэджанні гаварылася, што артыкулы Ірыны Халіп быццам бы “ўтрымлівалі несапраўдныя звесткі пра вынікі галасавання і пра парушэнні правоў выбарцаў, а таксама заведама ілжывыя звесткі пра Рэспубліку Беларусь, звесткі, што абражаюць гонар і годнасць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.


Гэта далёка не ўсе выпадкі, калі з дапамогай дыфамацыйных крымінальных артыкулаў, у Беларусі ажыццяўляецца ціск на журналістаў з-за іх прафесійнай дзейнасці. Але гэтыя артыкулы выкарыстоўваюцца таксама для абмежавання права на меркаванне і права на свабоду слова не толькі журналістаў. 

  • У 2004 годзе да крымінальнай адказнасці былі прыцягнуты гарадзенскія прадпрымальнікі В. Леванеўскі і А. Васільеў. Яны былі асуджаныя да двух гадоў пазбаўлення волі за публічную абразу прэзідэнта ў надрукаванай улётцы.

  • Суд Фрунзенскага раёна г. Мінска ў 2016 годзе разглядаў крымінальную справу 80-гадовага пенсіянера Аляксандра Лапіцкага. Яму інкрымінавалі здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных арт. 391, 369, 368 КК (“Абраза суддзі альбо народнага засядальніка”, “Абраза прадстаўніка ўлады”, “Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”). У дачыненні да Аляксандра Лапіцкага ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння.

   За дыфамацыю ў Беларусі блакуюць сайты? 

У кантэксте права на выказванне меркавання праваабаронцы разглядаюць праблему блакіроўкі сайтаў, распаўсюджанную ў апошнія часы. Такое адбываецца, у тым ліку, за публікацыю артыкулаў, у якіх нібы змяшчаецца «інфармацыя, распаўсюджванне якой здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Але фармуліроўка гэтага палажэння вельмі размытая і канкрэтных крытэрыяў шкоднасці інфармацыі няма.

Напрыклад, у 2016 г. быў заблакаваны сайт kyky.org з-за апублікаванага меркавання калумніста аб свяце 9 траўня, які ўяўляў сабой па сутнасці выказванне свайго меркавання. 

Экс-міністр іфармацыі Лілія Ананіч, каментуючы гэтую сітуацыю, адзначыла: "Для кожнага беларуса тэма Вялікай Перамогі і гістарычнай праўды павінна быць свяшчэннай. Там, дзе свяшчэнна, не павінна быць месца для інсінуацый і абразлівых выказванняў у адрас каго б там ні было". 

Згодна з папраўкамі ў Закон “Аб сродках масавай інфармацыі”, прынятых у другім чытанні, блакіроўка сайтаў цяпер магчыма ў пазасудовым парадку: "абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткаваму выданню ажыццяўляецца па рашэнню рэспублiканскага органа дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай iнфармацыi” (арт. 51.1).

Якая пазіцыя ў беларускіх праваабаронцаў?

У 2002 - 2003 гадах ГА "БАЖ" праводзіў агульнанацыянальную кампанію за адмену дыфамацыйных артыкулаў у Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь. У рамках яе было сабрана амаль 7 тысяч подпісаў. БАЖ звярнулася ў Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь з прапановай праверыць адпаведнасць артыкулаў 367-369 КК Канстытуцыі краіны. Канстытуцыйны суд прыняў рашэнне, у якім прапанаваў ніжняй палаце беларускага парламента "разгледзець пытанне аб удасканаленні адпаведных нормаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь", аднак гэта разгляд так і не адбыўся.

Валянцін Стэфановіч.

Сёння праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч адзначае:

“Праваабарончая супольнасць Беларусі ўжо даўно выступае за дэкрыміналізацыю дыфамацыйных артыкулаў. Мы працуем над прывядзеннем беларускага Крымінальнага кодэкса ў адпаведнасць тым міжнародным стандартам, якія на сённяшні дзень існуюць у галіне свабоды выказвання свайго меркавання, распаўсюджвання і атрымання інфармацыі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства