Месцы правядзення мірных сходаў у Віцебску – нязручна і дорага

2018 2018-07-11T12:33:42+0300 2018-07-11T12:34:58+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/2-mazuryna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Цягам больш за дзясятак гадоў гарадскія ўлады Віцебску забаранялі грамадзянскім і палітычным актывістам праводзіць у горадзе масавыя мерапрыемствы. Забаранялі нават тады, калі актывісты згаджаліся на правядзенне гэтых мерапрыемстваў у месцах, якія адміністрацыі раёнаў вызначылі паводле рашэння №881 ад 10 ліпеня 2009 году. "Віцебская Вясна" распавяла, што гэта за месцы і чаму правядзенне там масавых мерапрыемстваў амаль не мае ніякага сэнсу.

Такіх месцаў у горадзе тры: раён цэнтральнай сцэнічнай пляцоўкі парку імя Савецкай арміі (парк “Мазурына”), парк культуры і адпачынку Чыгуначнікаў (цэнтральная сцэна) і парк 30-годдзя УЛКСМ, які знаходзіцца за СДзЮШАР “Камсамолец” (на скрыжаванні прысадаў).

Не адпавядаюць галоўнай мэце

Гэтыя месцы не адпавядаюць галоўнай мэце публічных акцый – данесці да грамадства меркаванне ўдзельнікаў. 

2-mazuryna.jpg
Сцэна ў Мазурына амаль заўжды пустуе

Відавочна, што тэрыторыі паркаў знаходзяцца ў такіх месцах, дзе гэтыя мэты ажыццявіць немагчыма. Яны размяшчаюцца на значнай адлегласці ад цэнтру гораду. Нават улетку там малалюдна, і гэта робіць іх не прыдатнымі для правядзення мітынгаў альбо пікетаванняў, не кажучы ўжо пра дэманстрацыі. 

3-mazuryna.jpg
Таксама Мазурына...

Тым больш яны не прыдатныя для гэтага ўзімку: калі паркі засыпаныя снегам, правядзенне масавых мерапрыемстваў немагчымае. 

5-vlksm.jpg
Скрыжаванне алей ў парку УЛКСМ

Такім чынам, можна сцвярджаць, што ўлады выбралі для правядзення масавых мерапрыемстваў вельмі нязручныя месцы. 

6-czyhunaczny-.jpg
Сцэна ў парку Чыгуначнікаў нагадвае прыбіральню...

Калі дадаць да гэтага неверагодна дарагія паслугі гарадзкіх службаў па ахове грамадскага парадку, медычным абслугоўванні і прыбіранні тэрыторыі, дзе праводзяцца публічныя акцыі, дык наўрад ці каму наогул захочацца звяртацца да ўладаў для арганізацыі акцый.

Леанід Свецік: падобная сітуацыя недапушчальная

Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік мяркуе, што падобная сітуацыя з правядзеннем масавых мерапрыемстваў у Віцебску недапушчальная і павінна змяніцца такім чынам, каб усе жадаючыя мелі магчымасць рэалізаваць канстытуцыйнае права на мірныя сходы.

У бліжэйшыя месяцы рэспубліканскія ўлады хочуць на заканадаўчым узроўні змяніць працэдуры атрымання дазволу на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Чыноўнікі абяцаюць грамадскасці пераход ад заяўнага прынцыпу да паведамляльнага, а таксама – распрацаваць адзіныя тарыфы на аплату паслугаў міліцыі, медычных работнікаў і службаў ЖКГ.

Ліберальныя змены нормаў закону, які рэгулюе заяўку і правядзенне масавых мерапрыемстваў – гэта слушны накірунак. Але, як гэта часта ў нас бывае, добрыя намеры рэспубліканскіх уладаў часцяком перакрэсліваюцца згубнай практыкай пры выкарыстанні нормаў закону на мясцовым узроўні. Віцебскія праваабаронцы будуць уважліва сачыць за тым, што ў канчатковым выніку атрымаюць віцябляне ад лібералізацыі Закону аб масавых мерапрыемствах”, – падсумоўвае Леанід Свецік.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства