Андрэй Бяляўскі абскарджвае год “хатняй хіміі” ў Вярхоўным судзе

2018 2018-07-10T14:44:47+0300 2018-07-10T14:44:47+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiauski-1pg.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Бяляўскі. Фота: Радыё Свабода.

Андрэй Бяляўскі. Фота: Радыё Свабода.

Былы фігурант справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” мастак-дызайнер Андрэй Бяляўскі накіраваў у Вярхоўны суд скаргу на прысуд Ленінскага раённага суда Мінска, які пакараў яго адным годам “хатняй хіміі” за захоўванне аднаго патрона.

Спачатку Бяляўскі з дапамогай адваката спрабаваў абскардзіць прысуд у Мінскім гарадскім судзе. Аднак апеляцыйная калегія суддзяў Мінгарсуда, у якой старшынстваваў Уладзімір Сцяпурка, на паседжанні 27 сакавіка пакінула яго скаргу без задавальнення. У пачатку красавіка прысуд уступіў у законную сілу.

Затым Бяляўскі, ужо адбываючы пакаранне, накіраваў надзорную скаргу на імя старшыні Мінскага гарадскога суда, аднак і там довады асуджанага і яго адваката не былі пачутыя. Наступны крок – скарга ў Вярхоўны суд.

Бяляўскі і яго адвакат лічаць, што год абмежавання волі, хоць і без накіравання ў папраўчую ўстанову, пры прызнанні віны і пры раскаянні, якія мусяць змягчыць віну, - гэта вельмі жорсткае і неадэкватнае ўчынку пакаранне. Захоўванне аднаго патрона не можа несці ў сябе грамадскай небяспекі. Да таго ж суд ніяк не улічыў тыя два з паловай месяцы, якія Бяляўскі правёў за кратамі падчас следства па справах "Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" і "Аб незаконным узброеным фармаванні".

Як паведаміў Андрэй Бяляўскі ПЦ “Вясна”, ён адразу вырашыў у сваёй справе ісці да канца. “Усё ж такі яшчэ застаюцца спадзевы, што здаровы сэнс возьме верх і Вярхоўны суд прыме адэкватнае рашэнне”, - падзяліўся думкамі Бяляўскі.

Нагадаем, Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 21 сакавіка 2017 года і абвінавачаны па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу - "Навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках" і арт. 287 Крымінальнага кодэкса - “Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання”. Адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе 2 чэрвеня са спыненнем справы па арт. 293 КК. Падчас ператрусу адразу пасля затрымання ў яго быў знойдзены спраўны патрон.

Як толькі напрыканцы лістапада Следчы камітэт спыніў справу "Аб незаконным узброеным фармаванні", у адносінах Бяляўскага была заведзена новая справа – аб захоўванні боепрыпаса (ч.2 арт.295 КК РБ). 12 снежня Следчы камітэт прад’явіў маладому чалавеку абвінавачванне, а роўна праз месяц, 12 студзеня, у судзе Ленінскага раёна быў агучаны прысуд па гэтай справе. Суддзя Марына Запаснік прызнала Бяляўскага вінаватым па ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса («Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў”) і прызначыла пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія").

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства