Спэцдакладчык ААН: Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не змянілася. Патрэбны мой наступнік

2018 2018-06-25T17:28:25+0300 2018-06-25T17:28:56+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/haraszti2017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасці. Фота ПЦ "Вясна"

Спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасці. Фота ПЦ "Вясна"

Сёньня на сэсіі Рады ААН па правах чалавека, якая адбываецца ў Жэнэве, спэцыяльны дакладчык Міклаш Харасьці агучвае свой апошні даклад аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі. 

Напярэдадні сэсіі ў Жэнэве Радыё Свабода пагутарыла зь Міклашам Харасьці пра ягоны апошні даклад у прыватнасьці і ацэнку ягонай амаль шасьцігадовай працы ў агульнасьці.

Міклаш Харасьці стаў спэцыяльным дакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі ў 2012 годзе. Ягоны мандат, які скончыцца 31 кастрычніка 2018, Рада ААН па правах чалавека працягвала пяць разоў. Афіцыйны Менск адмовіўся супрацоўнічаць са спадаром Харасьці і ні разу не ўпусьціў яго ў Беларусь у якасьці спэцдакладчыка ААН.

— Ці ў вашым дакладзе, які ахоплівае пэрыяд ад 1 красавіка 2017 да 30 красавіка 2018, вы адзначаеце нейкае паляпшэньне становішча з правамі чалавека ў Беларусі ў параўнаньні з папярэднім справаздачным пэрыядам?

— На жаль, я ня бачу ніякага паляпшэньня ні ў кароткатэрміновай пэрспэктыве, ні ў доўгатэрміновай на працягу маёй шасьцігадовай справаздачнай дзейнасьці. Са смуткам мушу дадаць, што і ў самай доўгай пэрспэктыве — цягам больш чым двух дзесяцігодзьдзяў кіраўніцтва цяперашняга прэзыдэнта Беларусі — я таксама ня бачу ніякага практычнага паляпшэньня становішча, а хутчэй адзначаю паглыбленьне абмежавальных захадаў рэжыму, каб, як кажуць, «ня выпусьціць джына з бутэлькі».

Я таксама адзначаю цыклічнае выкарыстаньне беларускімі ўладамі жорсткага падаўленьня выступаў людзей, якія хочуць пакарыстацца сваім правам на свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў — улады такім чынам перасьцерагаюць маладыя пакаленьні, што вырасьлі за час кіраваньня гэтага прэзыдэнта, перад зьменай сытуацыі.

— Назавіце галоўныя праблемы, якія Рада ААН па правах чалавека бачыць у Беларусі.

— Рэч у тым, што Беларусь распрацавала вельмі своеасаблівы спосаб заканадаўчага рэгуляваньня грамадзкага жыцьця. Гэта тычыцца ўсіх аспэктаў публічнага жыцьця, уключна з правамі на свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў, свабоду выказваньняў і СМІ, і нават права на жыцьцё. Сутнасьць гэтага рэжымнага заканадаўства ў тым, што яно грунтуецца, так сказаць, на дазваляльным прынцыпе. Заканадаўства надзяляе ўлады правам адвольна вырашаць — дазволіць нейкія грамадзкія захады ці не.

Тут мы маем тры праблемныя пласты, якія вельмі характэрныя для Беларусі — унікальнай лябараторыі бюракратычнага ўціску правоў чалавека ва ўсім паўшар’і, калі можна так сказаць. Па-першае, атрымаць дазвол на любое мерапрыемства вельмі цяжка ці нават немагчыма, з увагі на мноства дадатковых патрабаваньняў і адвольнасьць рашэньняў — гэта па сутнасьці кафкіянская сытуацыя. Па-другое, калі нешта не дазволенае, дык яно адразу ўспрымаецца як супрацьзаконнае: любы ўдзельнік афіцыйна не дазволенага мерапрыемства de iure зьяўляецца парушальнікам закону. І па-трэцяе, de facto існуе поўная адвольнасьць пакараньняў турэмнымі тэрмінамі. Гэтае патройнае напластаваньне стрыножыла грамадзкае жыцьцё ў Беларусі на дзесяцігодзьдзі. Гэта асноўная справа.

Далей, як я ўжо згадваў, праваахоўныя органы цыклічна ўжываюць адкрыты гвалт супраць мірных дэманстрацый. Мой мандат мае свой пачатак якраз у жорсткім падаўленьні пратэсту пасьля выбараў у сьнежні 2010 году, калі зьявіліся палітычныя вязьні. Улады іх вызвалілі, але потым набралі новых. Так што і тут назіраецца цыклічнасьць.

Наступная праблема — свабода СМІ. Беларусь — адзіная краіна ў кантынэнтальнай Эўропе, у якой няма прыватнага каналу агульнанацыянальнага вяшчаньня. Дзяржава цалкам дамінуе ў вяшчаньні, а гэта азначае ня толькі дзяржаўную цэнзуру, але і выкарыстаньне вяшчаньня ў якасьці прапагандысцкай машыны. Да таго, дзясятак розных дзяржаўных ведамстваў надзелены правам выносіць папярэджаньні газэтам ці інтэрнэтным сайтам, і такія папярэджаньні служаць потым падставай для прыпыненьня дзейнасьці СМІ або скасаваньня іх рэгістрацыі. Гэтыя сродкі выкарыстоўваюцца выключна супраць незалежных журналістаў.

Яшчэ адна праблема — папраўкі ў закон аб СМІ, якія рыхтуюць улады. Гэта вельмі абмежавальны законапраект, які ў практыцы можа пакончыць са свабодай у інтэрнэце ў Беларусі, таму што ён абавяжа кожны сайт у Беларусі рэгістраваць карыстальнікаў і камэнтатараў. Усе сайты будуць вымушаныя ня толькі рэгістравацца фізычна ў Беларусі, але і прасіць аб атрыманьні статусу СМІ, то бок таго статусу, які адносіцца да клясычных СМІ і абкладзены рознага тыпу абмежаваньнямі.

— Вы атрымалі мандат спэцыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі амаль шэсьць гадоў таму. Аднак беларускія ўлады не дазволілі вам ні разу наведаць краіну ў гэтай якасьці. Чаму? Як яны абгрунтоўваюць сваю адмову ўпусьціць вас у Беларусь?

— Сапраўдная прычына ў тым, што яны проста ня хочуць супрацоўнічаць з гэтым мандатам. Яны лічаць, што гэты мандат нелегітымны, і на гэтым іхныя аргумэнты спыняюцца. Як ён можа быць нелегітымны, калі Рада ААН па правах чалавека аднаўляла яго штогод пяць гадоў запар? Мандат аднаўлялі, бо сытуацыя ў Беларусі не мянялася. Але краіна афіцыйна мяне не запрашае.

Я быў удзячны уладам, калі яны дазволілі мне наведаць краіну летась па запрашэньні ад Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая праводзіла сваю сэсію ў Менску і запрасіла мяне на круглы стол па пытаньнях правоў чалавека. Тады Міністэрства замежных справаў Беларусі афіцыйна заявіла, што я не зьяўляюся іхным госьцем. Я быў удзячны міністэрству за гэтую заяву, бо празь яе шмат грамадзян Беларусі даведалася аб маёй прысутнасьці ў краіне.

Я быў заўсёды гатовы да палітыкі «малых крокаў» у супрацоўніцтве зь беларускімі ўладамі адносна пытаньняў, якія ўваходзілі ў мой мандат. Але яны не былі гатовыя да супрацоўніцтва са мною. Галоўная рэкамэндацыя ў маім апошнім дакладзе датычыць таго, што Рада ААН па правах чалавека павінна зрабіць намаганьне, каб падоўжыць мандат спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі. Я адпрацаваў у гэтай якасьці шэсьць гадоў, што зьяўляецца максымальным тэрмінам для аднаго чалавека, і цяпер гэты мандат павінен атрымаць іншы чалавек. Першая прычына падоўжаньня мандату: адсутнасьць прагрэсу ў ажыцьцяўленьні рэкамэндацый ААН Беларусьсю. І другая, пра якую я толькі што сказаў: адсутнасьць ахвоты беларускіх уладаў супрацоўнічаць з гэтым мандатам.

— На ваш погляд, Рада ААН па правах чалавека схільная назначыць новага дакладчыка па Беларусі?

— Адчуваю, што так. Зразумела, у Радзе ААН па правах чалавека ёсьць таксама група краінаў — назавем іх «кааліцыяй неахвотных» — якія, як і Беларусь, выступаюць супраць такога мандату, але краіны, якія падзяляюць заклапочанасьць становішчам з правамі чалавека ў Беларусі, заўсёды былі там у большасьці.

— Якія практычныя мэханізмы ўплыву на Беларусь знаходзяцца ў распараджэньні Рады ААН па правах чалавека? Магчыма, іх зусім няма?

— Дзякую за гэтае пытаньне. На першы погляд скептыцызм, заключаны ў вашым пытаньні, падаецца апраўданым. Таму што галоўная выснова майго апошняга дакладу: становішча ў Беларусі не зьмянілася. Але з другога боку я адчуваю, што мне можна ганарыцца менш відавочнымі вынікамі свайго мандату. Праўда, у Беларусі мы назіралі цыклічнае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека, але той афіцыйны перасьлед ніколі не ператварыўся ў крывавую расправу, як часта бывае зь перасьледам, за якім ніхто ня сочыць. Я лічу, што, напрыклад, вызваленьне палітвязьняў з турмы, зьмякчэньне некаторых судовых прысудаў ці замена зьняволеньня штрафамі, што здаралася час ад часу — адбывалася і таму, што дакладчык ААН інфармаваў сусьветную супольнасьць пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі і называў імёны парушальнікаў гэтых правоў. Гэта заўсёды дапамагае. Такія высілкі не заўсёды прыводзяць да паляпшэньня сытуацыі, але яны прадухіляюць яе пагаршэньне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства