На віцебскага апазіцыянера ціснуць напярэдадні "Славянскага базару"

2018 2018-06-20T15:01:19+0300 2018-06-21T12:16:33+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/hamajda_svaboda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Барыс Хамайда. Фота "Радыё Свабода"

Барыс Хамайда. Фота "Радыё Свабода"

У Віцебску 19 чэрвеня супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС затрымалі апазіцыянера і распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду. Па інфармацыі Радыё Свабода, гэта адбылося ў цэнтры гораду – ля дома № 28 насупраць амфітэатру, дзе ён звычайна распаўсюджвае беларускія выданні і сімволіку.

У пастарунку яму патлумачылі, што Віцебск рыхтуецца да «Славянскага базару». А таксама ідзе падрыхтоўка да Дня гораду, які прызначаны на бліжэйшыя выходныя. Таму праводзіцца «зачыстка» ад усяго непажаданага, што можа трапіць на вока гасцям абласнога цэнтру.

Як паведаміў ПЦ “Вясна” Барыс Хамайда, із гутаркі міліцыянтаў ён зразумеў, што на яго складаецца пратакол па артыкуле 23.34 КаАП (“парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства”), аднак чытаць і падпісваць паперы ён адмовіўся.

“Я не захацеў чытаць тое, што яны там напісалі. А можа і ўвогуле складуць пратакол ранейшай датай, як гэта часта бывае. Сказалі, каб я чакаў выкліку ў міліцыю для ўдакладненняў, альбо адразу ў суд ”, - адзначыў апазіцыянер.

Барыс Хамайда сказаў міліцыянтам, што выходзіць на сваё «працоўнае месца» незалежна ад афіцыйных святкаванняў. І што зноўку выйдзе туды і заўтра, і паслязаўтра — як выходзіць ад канца 1980-х.

Паводле Хамайды, гэтая сітуацыя нагадвае яму сёлетнія падзеі Дня Волі: 25 сакавіка ён быў затрыманы, але праз некалькі гадзін яго адпусцілі. Неўзабаве міліцыянты прывезлі яму пратакол «на ўдакладненне» проста дахаты, і праз два тыдні ён быў асуджаны да штрафу.

Па дадзеных ПЦ “Вясна”, за апошнія 12 гадоў Барыс Хамайда 29 разоў падвяргаўся адміністрацыйнаму пераследу з боку дзяржавы. Палова з гэтых пратаколаў была складзена па арт. 23.34 КаАП.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства