Хтось ад страху канаў, хтосьці так існаваў, хтосьці праўду шукаў і знаходзіў, або правы чалавека ў Смаргоні, год 2003

2003 2003-12-17T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аляксандр Дзергачоў

Вельмі часта даводзіцца чуць і чытаць ў дзяржаўных СМІ аб тым, што парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне – выдумкі заходніх палітыкаў. Маўляў, у нас усе задаволены і выбарчым працэсам, і станам свабоды слова, і станам сацыяльна-эканамічных правоў.
Не будзем казаць за ўсю Беларусь. Паразважаем аб стане правоў чалавека ў нашым рэгіёне.
Як вядома, год пачаўся з пагрозы жыхарам застацца без “Новай газеты Смаргоні”. Акурат перад Новым годам Смаргонскі райвыканкам падаў у гаспадарчы суд іскавую заяву аб ліквідацыі прадпрымальніцкай дзейнасці заснавальніка “НгС” Рамуальда Улана. Па ўсім відаць, меркавалася, што пазбаўлены статуса прадпрымальніка ён не зможа выдаваць газету.
Не згодныя з маім меркаваннем могуць сказаць, што правы чалавека тут ні пры чым. Улан жа парушыў працоўнае заканадаўства і заканадаўства аб пажарнай бяспецы. За паўторнае ж парушэнне прадугледжваецца спыненне дзейнасці.
Гэта так. Але паўстае пытанне: а чаму, бадай што, адзіным у Беларусі, чыя дзейнасць спынена на гэтай падставе ў 2003 годзе, аказаўся менавіта заснавальнік газеты? Па дадзеных жа кантралюючых органаў суб’ектаў гаспадарання, якія па два і больш разоў парушылі заканадаўства, дзесяткі. Чаму за такія парушэнні згодна з заканадаўствам можа быць спынена дзейнасць толькі прадпрымальнікаў, а прадпрыемстваў - не?
У той жа час Беларусь, згодна з адным з артыкулаў Канстытуцыі, абвясціла сябе прававой дзяржавай. Але чамусьці ўлада не звяртае увагу на сэнс гэтага словазлучэння. А яно азначае, у прыватнасці, што пакаранне на падставе заканадаўства павінны несці ўсе парушальнікі, а не асобныя з іх. Напрыклад, не згодныя з “генеральнай лініяй”.
У гаспадарчым судзе мы заяўлялі хадайніцтва аб прадстаўленні райвыканкамам пераліку суб’ектаў гаспадарання, якія больш аднаго разу парушылі заканадаўства. У такім разе можна было зрабіць выснову, ці з’яўляецца Р.Улан найбольш небяспечным з іх для грамадства.
Зразумела, прадстаўнік смаргонскай “вертыкалі” выказаў катэгарычныя пярэчанні. Хадайніцтва не было задаволена. Трымаць у таямніцы, відаць, ёсць што.
У тэорыі ж правоў чалавека прымаецца за аксіёму: у прававой дзяржаве пакаранне павінна быць непазбежным для парушальніка. Калі дзяржава не ў стане забяспечыць пакаранне за адступленне ад закона ўсіх парушальнікаў, то яна павінна змяніць закон. Інакш яе нельга лічыць прававой.
Паколькі мяркуецца, што сённяшнія носьбіты ўлады не забяспечваюць функцыянаванне дзяржавы як прававой, то дзеянні ў дачыненні Рамуальда Улана лічу дыскрымінацыяй, звязанай з выданнем газеты.
Магчыма, мае разважанні пададуцца не пераканаўчымі. Тады звернемся да наступнага факту.
Каб нейкім чынам забяспечыць выданне газеты пасля спынення прадпрымальніцкай дзейнасці Р.Улана, ягоная жонка, Вольга Куняўская, вырашыла зарэгістравацца ў якасці прадпрымальніка. Дзеля гэтага падала адпаведную заяву ў райвыканкам. А той, пратрымаўшы заяву больш двух месяцаў, паведаміў аб адмове ў рэгістрацыі.
Паспрабавала Вольга звярнуцца да сумлення членаў выканкама. Таму ў новай заяве напісала, маўляў, парушаеце, спадарства, заканадаўства. Адмяніце, даражэнькія, незаконнае рашэнне. Але, як і чакалася, глыбінь душы прадстаўнікоў улады зварот не крануў.
Не дапамаглі ў гэтаў справе і Міністэрства юстыцыі краіны, і Камітэт эканомікі Гродзенскага аблвыканкама, куды апелявала Вольга.
Як вы, пэўна, здагадаліся, наступная інстанцыя – гаспадарчы суд Гродзенскай вобласці. А там адносіны да паняцця законнасці аказаліся іншымі. Зразумела, рашэнне Смаргонскага райвыканкама суд прызнаў незаконным. У сваім рашэнні 21 мая 2003 года па справе №124-73 ён канстатаваў:
-…вынікае, што прычынай адмовы Куняўскай В.І. ў дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка паслужыла меркаванне членаў выканкама, што на тэрыторыі Смаргонскага раёна раённым вузлом паштовай сувязі здзяйсняецца распаўсюджванне розных перыядычных выданняў ў дастатковай колькасці.
Адсюль вынікае, што члены выканкама свядома прымалі рашэнне, якое абмяжоўвае свабоду слова, а таксама грамадзянскія правы Вольгі Куняўскай на заняцце прадпрымальніцкай дзейнасцю.
Дарэчы, пры пярэчанні рэгістрацыі Вользе Куняўскай як прадпрымальніка, выканкам на усякі выпадак сваім рашэннем ад 15.04.03 №290 рэкамендаваў аблвыканкаму не рэгістраваць і ўнітарнае прыватнае прадпрыемства “Регіён-Прэс”. Яго Вольга Куняўская спрабавала заснаваць таксама дзеля выратавання выдання, якое прыйшлося па душы многім смаргонцам – “НгС”. Адмовілі, як адзначана ў рашэнні, “на падставе вынікаў галасавання”. Зразумела, аблвыканкам прыслухаўся да такой рэкамендацыі і ў рэгістрацыі адмовіў. Неўзабаве і ён паўстане перад гаспадарчым судом, бо адмову Вольга таксама абскардзіла. Мяркую, што рашэнне ўжо можна прадбачыць.
Вы думаеце, што пакуты Вольгі Куняўскай у калідорах улады гэтым вычарпаныя? Памыляецеся.
Тыдзень таму Смаргонскі райвыканкам зноў быў выкліканы ў гаспадарчы суд Гродзенскай вобласці ў якасці адказчыка перад Вольгай. Разглядалася яе скарга на адмову выканкама ў рэгістрацыі дапаўненняў відаў дзейнасці ў пасведчанне прадпрымальніка. Яна прасіла выканкам зрабіць тры дапаўненні, у тым ліку відам “выданне газет”.
І на гэты раз гаспадарчы суд вынес вердыкт на карысць асобы, якая звярнулася са скаргай. Ён вырашыў:
-Прызнаць несапраўдным з моманту прыняцця рашэнне Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта ад 09.09.03 №807 у частцы адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі дапаўненняў відаў дзейнасці ў пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніка Куняўскай Вольгі Іванаўны г.Смаргонь.
На мой погляд, кульмінацыі барацьба супраць свабоды слова дасягнула ў чэрвені, калі журналіст Аліна Суравец была выдалена рашэннем дэпутатаў з залы паседжанняў Савета падчас сесіі. Рашэнне таксама аказалася вельмі далёкім ад стандартаў у галіне правоў чалавека. Падрабязная публікацыя аб гэтым выпадку размешчана ў мінулым выпуску газеты.
Лічу, што на сумленні дэпутатцкага корпуса раёна і ў адсутнасці захадаў у забеспячэнні канстытуцыйнага права жыхароў горада на удзел у кіраванні дзяржавай.
Мяркуйце самі. Як вядома, па выніках выбараў у раённы Савет дэпутатаў, якія адбыліся ў першай палове года, не абрана 8 дэпутатаў. Таму каля 10 тысяч выбаршчыкаў горада не маюць свайго дэпутата. Каб іх абраць, раённая выбарчая камісія павінна была прыняць рашэнне аб прызначэнні паўторных выбараў ў 8 акругах. Але чамусьці такога рашэння так і не прыняла. Раённы ж Савет дэпутатаў парушэнне правоў смаргонцаў па гэтаму пытанню, па ўсім відаць, не цікавіць.
Дзеля справядлівасці падкрэслю, што ў гэтым годзе раённая улада зрабіла шмат дзеля добраўпарадкавання горада. Жыхары з задавальненнем ходзяць па брукаваных дарожках. Цешыць вока адноўлены сучасны выгляд Смаргоні. Але ж наша жыццё вельмі разнастайнае. Не хлебам жа адзіным жыве чалавек. Таму не радуе, што ў галіне правоў чалавека мы пакуль што ходзім па калені ў брудзе, а не па бруку. Таму ёсць над чым папрацаваць членам Смаргонскага райвыканкама, дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, каб не было сорамна глядзець ў вочы смаргонцам. Калі ласка, агляніцеся вакол, уладныя людцы. Паглядзіце на вуліцу. Там жа крочыць аж 21 век. Давайце ж будзем жыць у нагу з часам і не будзем канаць ад страху ўбачыць вольнае слова на старонках СМІ.

“Новая газета Смаргоні”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international