viasna on patreon

Сёння - прэзентацыя альтэрнатыўнага законапраекта і фотавыставы пра мірныя сходы. Запрашаем!

2018 2018-06-27T11:44:00+0300 2018-06-28T15:11:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sxod.by.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

28 чэрвеня ў Мінску адбудзецца прэзентацыя законапраекта "Аб свабодзе мірных сходаў", які быў падрыхтаваны беларускімі праваабаронцамі і міжнароднымі экспертамі ў гэтай галіне.

Альтэрнатыўны законапраект, падрыхтаваны праваабаронцамі, застаецца актуальным, бо змены ў існуючы закон Аб масавых мерапрыемствах, якія зусім нядаўна былі прынятыя Палатай Прадстаўнікоў у другім чытанні, не набліжаюць яго да міжнародных стандартаў у галіне свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў. У ім застаюцца істотныя абмежаванні правоў грамадзян Беларусі, адзначаюць праваабаронцы. Фактычна адзіным адносна пазітыўным момантам законапраекта, на іх думку, з’яўляецца ўвядзенне паведамляльнага прынцыпа пры правядзенні статычных мерапрыемстваў у спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. Пры гэтым для іншых месцаў, што не ўваходзяць у спіс дазволеных, паведамляльны прынцып дзейнічаць не будзе, вяртаецца дазваляльны.

У межах прэзентацыі выступіць Сяргей Остаф – адзін з распрацоўшчыкаў Кіруючых прынцыпаў АБСЕ па Свабодзе мірных сходаў, які прымаў удзел і ў працы над праектам беларускага альтэрнатыўнага законапраекта.

Таксама падчас мерапрыемства адбудзецца адкрыццё Фотавыставы, на якой можна будзе ўбачыць здымкі тых месцаў у розных гарадах Беларусі, дзе на дадзены момант дазволена правядзенне мірных сходаў.  Выстава з’яўляецца візуалізацыяй таго, што ўсе гэтыя месцы – бязлюдныя стадыёны ды паркі на ўскрайках гарадоў, удалечыні ад адміністрацыйных будынкаў – зусім не падыходзяць для рэалізацыі грамадзянамі свайго права на мірныя сходы.

Месца правядзення: Прэс-клуб (Мінск, вул. Веры Харужай 3, памяшканне 601)

Пачатак мерапрыемства: 28 чэрвеня (чацвер) ў 15.00 

З поўным абгрунтаваннем неабходнасці прыняцця зменаў у закон аб масавых мерапрыемствах можна азнаёміцца на сайце кампаніі за свабоду мірных сходаў у Беларусі SXOD.BY. Там жа, у «Бібліятэцы дакументаў», апублікаваны поўны тэкст законапраекта «Аб свабодзе мірных сходаў». 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства