У Берасці забаранілі ўжо другі мітынг за месяц

2018 2018-06-06T13:10:03+0300 2018-06-06T13:10:03+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/brest_miting_2018_4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мітынг супраць будоўлі завода ў Берасце Фота: tut.by

Мітынг супраць будоўлі завода ў Берасце Фота: tut.by

Як паведамляе БелаПАН, улады забаранілі мітынг у сувязі з будаўніцтвам акумулятарнага завода, прызначанага на 10 чэрвеня ў цэнтры горада, на плошчы Леніна, з мэтай выказаць пратэст адносна будаўніцтва прадпрыемства, якое ўзводзіцца без уліку меркавання жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна.

Заяўнікамі мітынгу выступілі трое берасцейцаў. Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, падставай для адмовы стала рашэнне гарвыканкама, у адпаведнасці з якім на плошчы Леніна не дапускаецца правядзенне масавых мерапрыемстваў. Праваабаронца нагадаў, што раней з-за аналагічнай прычыны гарвыканкам забараніў мітынг супраць акумулятарнага завода, які планаваўся на 31 сакавіка на плошчы Свабоды, а таксама дэманстрацыю і мітынг „Марш супраць свінцу” 3 чэрвеня. Планавалася, што дэманстранты ад скрыжавання бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава пройдуць па бульвары Касманаўтаў, вуліцах Гогаля і Савецкай да пляцоўкі ля кінатэатра „Беларусь”. Там павінен быў адбыцца мітынг. Гэтыя пляцоўкі таксама знаходзяцца ў цэнтры Брэста.

„Я лічу, гарвыканкам спецыяльна стварыў фармальныя падставы для забароны акцый у цэнтры горада па заяве грамадзян. І гэта грубае парушэнне права людзей на мірныя сходы і свабоднае выказванне свайго меркавання, — заявіў Кісляк. — Забароны гэтых мерапрыемстваў будуць абскарджаныя спачатку ў судзе, а затым у Камітэце ААН па правах чалавека”.

Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода. 17 мая на гэты адказ камісіі была накіраваная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.

29 красавіка на ўскраіне Берасця, у парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, прайшоў мітынг, санкцыянаваны ўладамі, „Брастаўчанкі супраць свінцу”, на які сабралася прыблізна дзве тысячы чалавек.

11 траўня на імя Лукашэнкі быў накіраваны зварот жыхароў з просьбай вызваліць ад пасады старшыняў берасцейскіх аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама ў сувязі са стратай даверу. Пад гэтым дакументам падпісаліся 3.226 чалавек.

1 чэрвеня ў райвыканкам была пададзеная заяўка на правядзенне двух пікетаў „Брастаўчанкі супраць свінцу” — 19 чэрвеня і 26 чэрвеня, побач з будоўляй акумулятарнага завода.

З 25 лютага кожную нядзелю на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны стаяць групамі, гутараць, абмяркоўваюць навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, кормяць галубоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства