За фотаздымкі "Самі вы падробка" Віку Біран будуць судзіць у трох судах

2018 2018-06-04T14:20:13+0300 2018-06-04T15:10:53+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vika_biran_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Калаж з сацыяльных сетак

Калаж з сацыяльных сетак

Першае паседжанне па абвінавачванню ЛГБТ-актывісткі Вікі Біран у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч.1 арт. 23.34 КаАП) павінна адбыцца ўжо 6 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёна. 

Пра гэта паведаміла сама актывістка на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Раней яе выклікалі ў Маскоўскі РУУС для дачы тлумачэнняў па факце фотаздымкаў, размешчаных на старонцы дзяўчыны. Там на яе быў складзены пратакол па арт. 23.34 нібыта за правядзенне адзіночнага пікета. 

Віка Біран адзначыла, што звярнулася ў суд Маскоўскага раёна з просьбай аб пераносе даты разгляда, бо знаходзіцца за межамі краіны: 

Вельмі хачу быць на гэтым судзе, але не магу :( Але маю права! Разам з юрыстам склалі зварот. Так маўляў і так, рабяты:

"У сувязі з названымі абставінамі з'явіцца ў судовае паседжанне... не ўяўляецца магчымым, што перашкаджае майму ўдзелу ў разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Разам з тым, у адпаведнасці з... фізічная асоба, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, мае права ўдзельнічаць у разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні".

Папрасіла перанесці дату. Вярнуся са Штатаў, перавяду дух, разбяру фотачкі. Адправіла ліст па электроннай пошце. Прыклала копіі пасадачных і штамп аб перасячэнні мяжы. Чакаю адказу.

Vika Biran

 Акрамя таго, актывістцы прыйшлі павесткі яшчэ з Ленінскага і Цэнтральнага РУУС. Пра гэта напісаў сябр Вікі Біран Нік Анціпаў у фэйсбуку:

"Усе таксама хочуць скласці пратакол і адправіць справу ў суд. Справа ў тым, што Віка зрабіла тры асобныя фота каля кожнага будынка, і так атрымалася, што ўварвалася ў межы трох раёнаў, у якіх кіруе сваё РУУС.

Зараз Віка знаходзіцца з навучальным візітам у Амерыцы, пасля яе вяртання, будзем сачыць за сітуацыяй разам і пакажам, што ў кожным раёне Мінска яна знойдзе падтрымку".

Нагадаем, 24 траўня Віка Біран сфатаграфавалася з плакатам "Самі вы падробка" на фоне Дома Урада, будынкаў МУС і КДБ.

Пасля гэтага яна апублікавала фота на сваёй старонцы ў фэйсбуку з подпісам:

МУС кажа: «ЛГБТ-супольнасць, і ўся гэтая барацьба за «свае правы», і сам дзень супольнасці - усяго толькі падробка!»

А я кажу: «Самі вы падробка! Ваша публічная гамафобія, вашыя мэты ўстойлівага развіцця, ваша сяброўства ў ААН, ваша выкананне правоў чалавека - гэта падробка».

20 траўня на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутранных спраў з’явіўся артыкул гамафобнага зместу пад назвай “Мы за сапраўднае”, у якім МУС непрыязна выказвалася пра людзей ЛГБТК+ і вясёлкавы сцяг, які амбасада Велікабрытанія размясціла над сваім уваходам у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй –  17 траўня.

У адказ на артыкул, на наступны дзень неабыякавыя грамадзяне стварылі петыцыю “За сапраўдную міліцыю – для ўсіх”, у якой просяць Генеральную пракуратуру правесці праверку законнасці такіх выказванняў з боку МУС, прыбраць дадзены артыкул з афіцыйнага сайта дзяржоргана і надалей устрымацца ад каментароў падобнага кшталту. За тры дні петыцыю падпісала больш за 1 500 чалавек. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства