За фаташоп - 74 гадзіны ў ізалятары Фота Дапоўнена
У пятніцу, 1 чэрвеня актывіста Петра Маркелава выклікалі на прафілактычную размову ў Маскоўскае РУУС у 13 гадзін. Маркелаў паспеў паведаміць, што на яго складаюць пратакол па ч.3 арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, учыненае паўторна на працягу аднаго). Тэлефон актывіста недаступны, у РУУС адказваюць, што яго там няма.
Каля 17 гадзін праваабаронцам стала вядома, што над Пятром Маркелавым адбываецца суд. Суддзя - Таццяна Мотыль.
Аднак, абвяшчэнне пастановы суда чакаецца ў панядзелак, 4 чэрвеня. Адміністрацыйны разгляд справы па ч.3 арт. 23.34 КаАП адбываецца ў каб. 124 суда Маскоўскага раёна г. Мінска. У судзе Пётр Маркелаў заявіў, што парадак не парушаў, ніякі плакат не трымаў.
Актывіста падтрымаць прыйшло шмат людзей. Зала на словы "Прошу всех встать, суд идёт!" ніяк не рэагуе. На што суддзя Таццяна Мотыль адказвае: "Спасибо, можете садиться!" Пасля трох перапынкаў, пратакол Пятра Маркелава адправілі на дапрацоўку ў Маскоўскае РУУС. У супрацоўніка міліцыі Астаф'ева, які склаў пратакол, не было ніякіх доказаў здзяйснення актывістам правапарушэння 31 траўня, акрамя апублікаванага артыкула. У далейшым высвятлілася, што фотаздымак, за які склалі пратакол па ч.3 арт.23.34 КаАП - гэта фэйк, то бок адфаташоплены здымак. Пётр Маркелаў не праводзіў ніякіх пікетаў каля будынку МУС.
З пятніцы да панядзелка 4 чэрвеня Пётр Маркелаў утрымліваўся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. У суме актывіст правёў 74 гадзіны ў ЦІПе.
Нагадаем, актывіст Пётр Маркелаў 31 траўня нібыта сфатаграфаваўся каля будынка МУС з плакатам «Заблакуйце 86.57.250.202». Гэтыя лічбы абазначаюць IP-адрас сайта Міністэрства унутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Гэтым ён выказаў сваю нязгоду з блакіроўкай шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў, у тым ліку сайту Грамадскага руху «Дзея», сайту ініцыятывы за дэкрыміналізацыю 328 артыкула Крымінальнага кодэкса Legalize Belarus.