У Мінску прайшла акцыя салідарнасці ў падтрымку Змітра Паліенкі

2018 2018-05-22T09:44:09+0300 2018-05-22T09:52:59+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/palienka-aibelapan.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Паліенка. Фота belapan.com

Дзмітрый Паліенка. Фота belapan.com

Валанцёрская служба ПЦ "Вясна" і сацыяльная ініцыятыва Alpha Omega зладзілі сумеснае мерапрыемства ў межах глабальнай акцыі салідарнасціміжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, прысвечанае хуткаму дню нараджэння палітвязня Змітра Паліенкі.    

"Радыё Свабода" піша, праз 5 дзён Змітру Паліенку споўніцца 24 гады, за кратамі ён сустрэне ўжо трэці дзень народзінаў. Удзельнікі акцыі падпісалі віншавальныя паштоўкі Змітру Паліенку: «Чакаем на волі!», «Дасылаем падарункі», «Ніхто не можа быць зусім вольны, пакуль не ўсе на свабодзе».

Чатыры гады таму, 29 красавіка 2016 году Зміцер Паліенка быў арыштаваны падчас акцыі «Крытычная маса» — роварнага прабегу па вуліцах Мінску, які ладзіўся, каб прыцягнуць увагу ўладаў, кіроўцаў і грамадскасьці да праблемаў роварнага руху.

«Мы збіраліся кожную апошнюю пятніцу месяца, нас прыяжджала ўсё болей», — згадваюць актывісты.

Марына Насенка

Прабег 29 красавіка 2016 году быў брутальна спынены міліцыяй, 6 чалавек арыштавалі, у тым ліку і Змітра Паліенку, які заступіўся за аднаго з затрыманых удзельнікаў.

Пазней Паліенку абвінавацілі ў нападзе на міліцыянта і асудзілі на 2 гады зняволення з адтэрміноўкай. Гэтага «выпрабавальнага тэрміну» Зміцер Паліенка, актывіст дэмакратычнага руху, ня вытрымаў — яго шмат разоў затрымлівалі на акцыях салідарнасці і ўрэшце судзілі зноў ды замянілі адтэрміноўку на рэальны тэрмін.

Ужо паўтара года Зміцер Паліенка за кратамі. У калоніі актывіст некалькі разоў трапляў у карцэр, так што ўзнікла пагроза новага суду — цяпер за шматразовыя парушэнні рэжыму.

Апошнія навіны ад Змітра Паліенкі такія: «Піша, што вызвалілі з карцэру, працуе 6 дзён на тыдзень, але перавялі з вязання пальчатак на ачыстку дратоў. Гэта небяспечная для здароўя праца», — кажа сяброўка Змітра Марына.

«Тратуары для пешаходаў»

Адкуль пачалася «Крытычная маса» і чаму яна знікла як грамадскі рух?

Беларуская «Крытычная маса» скапіявала досвед раварыстаў з Каліфорніі, якія пачалі змаганне за свае правы яшчэ ў канцы 1970-х гадоў. Сэнс — дамагчыся роўнасці з аўтамабілістамі і матацыклістамі.

Вячаслаў Касінераў

Вячаслаў Касінераў расказвае, што раварысты збіраліся ў адным месцы і ехалі разам па праезнай частцы, бо «тратуары толькі для пешаходаў».

«Цягам двух-трох гадоў да руху далучылася больш за сто чалавек, і тады, у 2016, пачаліся рэпрэсіі, — згадвае Касінераў. — Актывістаў пачалі затрымліваць, у тым ліку яшчэ да акцый».

«На мне ляжалі тры ровары»

Валанцёр Кірыл быў на «Крытычнай масе» 29 красавіка 2016 году як назіральнік «Вясны».

«Толькі пачаў здымаць на камеру затрыманні, як мяне схапілі і закінулі ў аўтобус. Зверху закідалі ровары, на мне прынамсі было тры ровары», — кажа валанцёр.

У міліцэйскім пастарунку з назіральнікам абыходзіліся гэтак жа жорстка, як і з затрыманымі раварыстамі.

«У тым ліку сапсавалі мне відэакамэру, якую не магу адрамантаваць дагэтуль», — кажа валанцёр Кірыл.

Паводле праваабаронцы з «Вясны» Валянціна Стэфановіча, разгон прабегу «Крытычная маса» быў самым жорсткім у 2016 годзе, а рэпрэсіі, якія ўлады абрынулі на актывістаў, асабліва на Змітра Паліенку, паказалі іх намер «любым чынам спыніць актыўнасць раварыстаў».

«Але ў тым годзе ўлады не хацелі з’яўлення палітычных вязняў, таму не пайшлі на тое, каб садзіць чалавека за краты. Аднак ужо праз год, пасля хвалі акцый „недармаедаў“, усё змянілася. Паліенку зноў забралі і ўжо адправілі за краты. У выніку 14 красавіка 2017 году беларускія праваабаронцы прызналі яго вязнем сумлення, і мы патрабуем яго вызвалення. Да нашай высновы далучылася і „Міжнародная амністыя“, якая ўдзельнічае і ў акцыях салідарнасці са Змітром Паліенкам», — кажа Валянцін Стэфановіч.

Валянцін Стэфановіч

Што да лёсу беларускай ініцыятывы «Крытычная маса», дык, паводле Вячаслава Касінерава, рух знік ня толькі з прычыны рэпрэсій.

«З'явіліся ініцыятывы, нібыта незалежныя, якія пачалі ва ўсім пагаджацца і супрацоўнічаць з гарадскімі ўладамі. Яны ва ўсім ідуць на саступкі, за што ім дазваляюць раз-два на год праехаць падчас гарадскіх фэстываляў па вуліцах. Але па сутнасці ад гэтага нічога не мяняецца. Так, зніжаюць вышыню бардзюраў на пераходах, але забарона рухацца па праезнай частцы засталася, а ўзровень агрэсіі да раварыстаў не змяншаецца як з боку супрацоўнікаў ДАІ, гэтак і шмат каго з аўтамабілістаў», — кажа Вячаслаў Касінераў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства