viasna on patreon

5 тэндэнцый асвятлення ў беларускіх СМІ тэмы ЛГБТК+

2018 2018-05-21T11:45:33+0300 2018-05-21T12:02:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/j4t.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віола Ермакова і Алег Ражкоў расказваюць пра вынікі маніторынгу
Віола Ермакова і Алег Ражкоў расказваюць пра вынікі маніторынгу

У Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй, біфобіяй, 17 траўня, “Журналісты за талерантнасць” (J4T) прэзентавалі вынікі штогадовага даследавання мовы варожасці ў беларускіх медыя.

Эксперты праваабарончай ініцыятывы Віола Ермакова і Алег Ражкоў расказалі, як змянялася рыторыка ў адносінах ЛГБТК+ у СМІ Беларусі з 2014 па першы квартал 2018 года.

На падставе дадзеных маніторынгаў J4T прасочваюцца наступныя тэндэнцыі асвятлення ў беларускіх медыя тэмы ЛГБТК+.

1. Сярэдняя колькасць публікацый, у якіх згадваецца ЛГТБТК+, у апошнія гады павялічылася. Калі ў 2014 іх налічвалася каля 0,1 %, то ў 2017 - 0,87%.

Гэта сведчыць аб тым, што ў грамадстве тэма перастае быць маргінальнай, уключаецца ў больш шырокі кантэкст (погляды палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і актывістаў і г.д.).

Сацыёлаг Віола Ермакова адзначае, што змены методыкі тут безумоўна могуць быць скажоныя. На тэмп развіцця паўплывалі пэўныя гучныя падзеі, якія вызвалі грамадскі рэзананс (напрыклад, скандал з газетай “Вячэрні Магілёў”, справа Пішчэўскага, пераслед геяў у Чачні і г.д.). Але відавочна тэмпы росту публікацый на тэму ЛГБТК+ у беларускіх СМІ ёсць.

2. Рост публікацый са згадваннем тэмы ЛГТБТК+ характэрны для ўсіх катэгорый беларускіх СМІ, акрамя праўладных рэгіянальных.

Па даследаваннях ініцыятывы J4T рэспубліканскія незалежныя СМІ павялічваюць долю публікацый з кожнай буйнай інфармацыйнай нагодай. Пры гэтым рэспубліканскія праўладныя медыя, у сваю чаргу, звяртаюцца да тэмы асцярожней, але ўсё ж такі часцей, чым 4 гады таму. Што тычыцца беларускіх рэгіянальных СМІ, то праўладныя пазбягаюць гэтую тэмы ўвогуле, а незалежныя ўключаюцца ў яе абмеркаванне. Нават калі агульная колькасць публікацый са згадваннем тэмы ЛГТБТК+ ў студзені-сакавіке 2018 г. у параўнанні з 2017 г. знізілася, то ў рэгіянальных незалежных СМІ адсочваецца іх рост (на 0, 12 % больш).

3. Рыторыка беларускіх СМІ становіцца менш жорсткай у параўнанні з папярэднімі гадамі.

“Журналісты за талерантнасць” вызначаюць шэраг фактараў, якія ўплываюць на гэта:

  • рост талерантнасці да ЛГБТК+ да Захаду ад Беларусі (напрыклад, прызнанне гомасэксуальных шлюбаў і да т.п.);
  • шырокае распаўсюджанне інфармацыі пра ахвяры нецярпімасці (Пішчэўскі, геі Чачні, тэракт у Арланда і г.д. );
  • дзейнасць актывістаў і праваабаронцаў, якія актыўна выступаюць за талерантнасць.

4. Адсочваецца рост зацікаўленасці беларускіх журналістаў мерапрыемствамі па тэме ЛГБТК+.

Лідэр ініцыятыўнай групы J4T Алега Ражкоў адзначае, што раней існаваў міф, калі журналіст(ка) піша на гэтую тэму, то ён (яна) сам(а) нейкім чынам належыць да ЛГБТК супольнасці. Існаваў гэткі бар’ер сарамлівасці, і журналісты не наведвалі падобныя мерапрыемствы, бо гэта лічылася маветонам. Цяпер сітуацыя змянілася. І гэта дзякуючы, у тым ліку, школам, якія праводзяць “Журналісты за талерантнасць”. Сучасны трэнд сярод журналістаў можна звесці да выказвання: ”Пішы талерантна, пішы этычна, не будзь Вячэрнім Магілёвам!”

5. Публікацыі са згадваннем тэмы ЛГТБТК+ у беларускіх медыя сталі з’яўляцца ў адвязкі ад дат.

Алег Ражкоў тлумачыць, што раней журналісты пісалі па гэтай тэме толькі ў фіксаваныя даты, калі ЛГБТК актывісты праводзілі нейкія мерапрыемствы (пікеты, мітынгі і г.д.). У іншым кантэксце ЛГБТК супольнасць не з'яўлялася наогул. Не было ў беларускай журналістыцы сацыяльных тэкстаў, дзе пра людзей з ЛГБТК, пісалі б менавіта як пра асобаў. Такія супольнасці паказваліся як нейкія палітычныя партыі, удзельнікі якой займаліся толькі тым, што пратэставалі супраць чагосьці. Часцей за ўсё журналісты нават не апісвалі, за якія правы яны змагаюцца. У гэтым кантэксце сітуацыя на сённяшні дзень значна змянілася.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства