"Дзяржава магла б прадэманстраваць волю да пераменаў у барацьбе супраць катаванняў"

2018 2018-04-23T13:23:49+0300 2018-04-23T15:37:27+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/hulak-mzs.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Юрыст праваабарончага цэнтру "Вясна" Павел Сапелка і старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэт Алег Гулак 20 красавіка прынялі ўдзел у кансультацыях экспертнага ўзроўню «Практыка ўзаемадзеяння з дагаворнымі органамі па правах чалавека».

Алег Гулак падчас кансультацый экспертнага ўзроўню
Алег Гулак падчас кансультацый экспертнага ўзроўню

Мерапрыемства было арганізавана Міністэрствам замежных спраў у супрацоўніцтве з ПРААН у Рэспубліцы Беларусь і праводзілася ў межах выканання Міжведамаснага плана па рэалізацыі рэкамендацый, прынятых Беларуссю па выніках праходжання другога цыклу універсальнага перыядычнага агляду ў Савеце ААН па правах чалавека, і рэкамендацый, адрасаваных дзяржаве дагаворнымі органамі па правах чалавека.

Павел Сапелка прымаў удзел у дыскусіі «Забарона катаванняў і іншага жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага годнасць абыходжання і пакарання ў кантэксце справаздачнасці ў Камітэт ААН супраць катаванняў», дзе звярнуў увагу на шэраг важных інстытуцыйных праблемаў, якія маюць патрэбу ў заканадаўчым рэгуляванні і без вырашэння якіх паляпшэнне сітуацыі з выкананнем правоў чалавека ўяўляецца сумніўным.

Сярод іх:

  • адсутнасць у Крымінальным кодэксе прамой крыміналізацыі ўсяго спектру дзеянняў, якія падпадаюць пад вызначэнне катаванняў або іншых забароненых відаў абыходжання;
  • адсутнасць эфектыўнага нацыянальнага механізму абароны правоў чалавека і папярэджання актаў катаванняў і бесчалавечнага абыходжання;
  • недастаткова эфектыўнае супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі і органамі;
  • залежнасць суддзяў і адвакатуры ад выканаўчай улады ды інш.

На думку праваабаронцы, важным і першачарговым крокам, які павінна зрабіць дзяржава, будзе прызнанне кампетэнцыі Камітэта ААН супраць катаванняў у частцы разгляду заяў аб парушэнні абавязацельстваў, згодна з артыкуламі 21 і 22 Канвенцыі супраць катаванняў*. Акрамя таго, замацаваць прагрэс у адносінах з ААН можа запрашэнне ў Беларусь спецдакладчыка па катаваннях і прызнанне мандата спецдакладчыка па Беларусі, якія афіцыйна да гэтага часу не былі ў краіне.

Падчас свайго выступу, Павел Сапелка адзначыў:

Павел Сапелка.

«Я далёкі ад ілюзіяў адносна таго, што мы лёгка пераадолеем рознагалоссі ў ацэнках і падыходах да глабальных праблемаў, але дзяржава на першым этапе магла б прадэманстраваць волю да пераменаў у нейкіх асобных, хутчэй тэхнічных аспектах праблемы барацьбы супраць катаванняў».

Праваабаронца лічыць, што дзяржава, як прыклад, павінна рэалізаваць рэкамендацыі Камітэта супраць катаванняў па татальнай відэафіксацыі ўсіх дзеянняў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іншых сілавых ведамстваў, ўсяго часу знаходжання ў памяшканнях АУС кожнай грамадзянскай асобы, а таксама ажыццяўляць відэазапіс усіх допытаў і іншых формаў працэсуальных зносін. Акрамя таго, важна арганізаваць навучанне максімальнай колькасці супрацоўнікаў сілавога блока па правах чалавека з удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

«Толькі створаная ва ўсіх сілавых падраздзяленнях атмасфера нецярпімасці да ўсіх відах жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання і катаванняў у сукупнасці з эфектыўным расследаваннем кожнага такога выпадку дазволіць істотна палепшыць становішча ў гэтай галіне», - падкрэсліў Павел Сапелка.


Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання вызначае:

Артыкул 21

У адпаведнасці з гэтым артыкулам любая Дзяржава-удзельніца дадзенай Канвенцыі можа ў любы час заявіць, што яна прызнае кампетэнцыю Камітэта атрымліваць і разглядаць паведамленні, якія тычацца заяў аднай Дзяржавы-ўдзельніцы аб тым, што другая Дзяржава-удзельніца не выконвае сваіх абавязацельстваў па гэтай Канвенцыі. Такія паведамленні могуць прымацца і разглядацца ў адпаведнасці з працэдурамі, выкладзенымі ў гэтым артыкуле, толькі ў тым выпадку, калі яны прадстаўленыя Дзяржавай-удзельніцай, зрабіўшай заяву аб прызнанні ў адносінах да сябе кампетэнцыі Камітэта. Камітэт не разглядае паведамленняў па гэтым артыкуле, калі яны тычацца Дзяржавы-ўдзельніцы, якая не зрабіла такой заявы.

Артыкул 22

Дзяржава-удзельніца дадзенай Канвенцыі можа ў любы час заявіць у адпаведнасці з гэтым артыкулам, што яна прызнае кампетэнцыю Камітэта атрымліваць і разглядаць паведамленні асобаў, якія знаходзяцца пад яе юрысдыкцыяй і сцвярджаюць, што яны з'яўляюцца ахвярамі парушэння Дзяржавай-удзельніцай палажэнняў Канвенцыі, або паведамленні такога роду, якія паступаюць ад іх імя, Камітэт не прымае ніякіх паведамленняў, калі яны тычацца дзяржавы-ўдзельніцы, якая не зрабіла такой заявы.

Рэспубліка Беларусь ратыфікавала Канвенцыю без адпаведных заяваў па артыкулах 21 і 22.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства