viasna on patreon

Суд адмовіў былым фігурантам справы "Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" у маральнай кампенсацыі Дапоўнена

2018 2018-04-03T19:07:22+0300 2018-04-04T11:40:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/001_bas_20180327_bellegion_dsc7336.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Былыя фігуранты справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" у судзе. Фота: БелаПАН.

Былыя фігуранты справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" у судзе. Фота: БелаПАН.

Трэцяга красавіка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска працягнуўся разгляд калектыўнага пазова чатырох былых фігурантаў справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадках” да Міністэрства фінансаў. Сяргей Стрыбульскі, Віктар Мароз, Віктар Данілаў і Андрэй Дундукоў просяць кампенсаваць маральную шкоду, якую яны атрымалі ў выніку незаконнага затрымання, прыцягнення іх у якасці абвінавачаных, утрымання пад вартай, а таксама прымянення падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах. Першае паседжанне па справе адбылося 27 сакавіка.

У сваім пазове былыя фігуранты справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” спасылаюцца на артыкулы 939 і 968-970 Грамадзянскага кодэксу РБ, якія прадугледжваюць пакрыццё маральнай шкоды за кошт дзяржаўнай казны незалежна ад віны таго, хто нанёс шкоду. Пазоўнікі лічаць, што яны мусяць атрымаць грашовую кампенсацыю, бо ўвесь той час, які правялі за кратамі, а таксама пасля вызвалення адчувалі вялікія маральныя пакуты. Так, адзін з пазоўнікаў Сяргей Стрыбульскі кажа, што вырашыў дамагацца кампенсацыі менавіта з-за сваёй трывогі за блізкіх, сяброў і з-за іх перажыванняў за ягоны лёс. Былы фігурат гучнай справы больш за ўсё шкадуе пра скрадзены час. Таксама пазоўнікі звязваюць свае маральныя пакуты з пачуццём прыніжэння гонару і годнасці ў выніку дыскрэдытацыі ў дзяржаўных СМІ, з пачуццём прававой неабароненасці, з прымяншэннем для некаторых з іх сацыяльнага і прафесійнага статусу і г.д.

Другое паседжанне распачалося каля 15.00. Віктар Мароз папрасіў далучыць да матэрыялаў справы копіі дакументаў аб стане здароўя яго самога, жонкі і сына. Па яго словах, яны паказваюць, якім негатыўным чынам утрыманне пад вартай паўплывала на яго здароўе і здароўе яго родных. Суддзя Вольга Гусакова пагадзілася далучыць дакументы да матэрыялаў справы.

Да справы былі далучаныя таксама сертыфікаты і пасведчанні Андрэя Дундунова і Віктара Данілава аб валантэрстве у арганізацыі “Чырвоны крыж”. А вось наконт далучэння матэрыялаў СМІ, якія дыскрэдытавалі пазоўнікаў, у суддзі было іншае меркаванне. Яна адмовіла ў далучэнні да справы нумару газеты “СБ: Беларусь сегодня” ад 11.04.2017, дзе ўтрымліваецца артыкул “Имя им – легион” і дыск з прапагандысцкім фільмам “Белый легион черных душ" і запісамі тэматычных навінаў з тэлеканалаў “СТВ” і “Беларусь-1”. Адмову Вольга Гусакова матывавала тым, што дадзеныя матэрыялы не маюць дачыненне да справы, бо адказнымі за іх з’яўляюцца сродкі масавай інфармацыі, а ў судзе разглядаецца шкода, якую прычынілі праваахоўныя органы, а не СМІ. Суддзя прапанавала пазоўнікам звяртацца ў суд з асобным пазовам па абароне гонару і годнасці.

Суддзя спытала ў былых фігурантаў справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, ці прызнавалі яны ў ходзе крымінальнага працэсу сваю віну і ці пісалі яўку з павіннай. Усе чацвёра хлопцаў адказалі адмоўна.

Падчас спрэчак бакоў адвакаткі пазоўнікаў яшчэ раз нагадалі пра тыя маральныя і фізічныя пакуты, якія былыя фігуранты гучнай справы атрымалі падчас зняволення і наступствы якіх працягваюць адчуваць і дагэтуль. Абаронцы казалі, што калі крымінальная справа супраць хлопцаў закрытая і яны прызнаныя невінаватымі, то гэта аўтаматычна з’яўляецца падставай для прызнання дзеянняў органаў, якія вялі працэс, незаконнымі і для магчымасці атрымаць кампенсацыю. Прадстаўнік Міністэрства фінансаў як і раней лічыць, што адсутнасць дакумента, які пацвярджаў бы наяўнасць права на кампенсацыю, з’яўляецца падставай для адхілення пазова. Пазіцыю Мінфіна падтрымаў і пракурор, які ў сваім выступе рабіў акцэнт на тое, што пакуль не даказана незаконнасць дзеянняў адпаведных органаў, гутаркі пра грашовую кампенсацыю ісці не можа.

Чацвёртага красавіка ў 9.30 суд вынес рашэнне, згодна з якім было адмоўлена ў пазове. Заяўнікі намераны абскардзіць рашэнне.

Нагадаем, крымінальная справа "Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" (ч.3 арт. 293 КК) была распачатая КДБ напярэдадні акцыі 25 сакавіка 2017 года. У межах яе былі затрыманыя больш за 30 асобаў, якія ўтрымліваліся ў следчых ізалятарах КДБ і МУС, паступова частка з іх была вызваленая з-пад варты і крымінальны пераслед супраць іх быў спынены, а 16-ці фігурантам было прад’яўленае дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК - "Аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. На момант, калі за кратамі заставаліся 14 фігурантаў справы, СК паведаміў, што прыняў да вытворчасці справу аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання, а крымінальны пераслед тых жа асобаў на падставе ч.3 арт.293 КК КДБ спыніў. 

Пасля з’яўлення інфармацыі пра катаванні ў СІЗА КДБ праваабарончыя арганізацыі Беларусі запатрабавалі вызвалення з-пад варты ўсіх фігурантаў гэтай крымінальнай справы. 27 - 30 чэрвеня, у сувязі са зменай меры стрымання на падпіску аб нявыездзе, з-пад варты былі вызваленыя ўсе 14 абвінавачаных па крымінальнай справе аб арганізацыі незаконнага ўзброенага фармавання, якія заставаліся ў следчых ізалятарах. 27 лістапада Следчы камітэт спыніў крымінальны пераслед ўсіх фігурантаў справы па арт. 287 КК РБ. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства