viasna on patreon

Круглы стол па "мове варожасці": адказваем на пытанні

2018 2018-03-30T11:30:53+0300 2018-04-02T10:10:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/2018-03-29-10.21.13-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау 29 сакавіка адбыўся круглы стол на тэму “Мова варожасці ў кантэксце свабоды слова”, на якім абмяркоўвалі, якая мова варожасці павінна быць забаронена, а што павінна абараняцца як свабода слова, і іншыя актуальныя пытанні.

Мерапрыемства арганізавалі ІГ “Журналісты за талерантнасць" сумесна з ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” пры падтрымцы міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Article 19”. У ролі мадэратара мерапрыемства выступіў праваабаронца ПЦ “Вясна” Андрэй Палуда.

У дыскусіі таксама прынялі прадстаўнікі ПА “Human Constanta”, РПГА “Беларускі Хельсінскі Камітэт”, ПУ “Офіс па правам з інваліднасцю”, каардынатарка праграмы лабіравання і адвакацыі “Genderdoc-m” Малдовы Анжэліка Фралова і іншыя.

У прыватнасці былі разгледжаны падыходы да вызначэння тэрміна “мова варожасці”, а таксама яе міжнародная і нацыянальная тыпалогія. Удзельнікі круглага стала абмеркавалі, якія заканадаўчыя акты і інструменты самарэгулявання могуць быць ужытыя ў Беларусі для супрацьдзеяння "мове варожасці".

У прывітальным слове арганізатараў старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец адзначае вострую актуальнасць праблемы "мовы варожасці" ў Беларусі на сённяшні дзень:

"У беларускім заканадаўстве слова “варожасць” фігурыруе ў складзе злачынства, і вось тут узнікаюць пэўныя праблемы. Таму гэты круглы стол - гэта вялікі пачатак грунтоўнай працы з імі," - падкрэслівае ён.

Што такое “мова варожасці”?

Праграмны афіцэр ПА “Article 19” Йаана Шыманскі адзначае, што ў міжнародным праве адсутнічае адзінае вызначанне "мовы варожасці". У агульным сэнсе пад ёй разумеецца выкарыстанне лексікі, якая нясе рэзкае адмоўнае стаўленне да людзей, якія па якой-небудзь прыкмеце адрозніваюцца ад большасці.

На круглым стале эксперты прыйшлі да высновы, што ў Беларусі наспела неабходнасць прыняцця своеасаблівага гласарыя, які б уяўляў сабой вынік дыялогу паміж журналістамі і праваабаронцамі. Яны павінны выглядаць у форме рэкамендацый, якія растлумачвалі бы, чаму не варта ўжываць той ці іншы тэрмін. 

Каардынатарка ПА “Article 19” у Еўропе і Цэнтральнай Азіі Кэйці Морріз адзначае, што пры гэтым важна арыентавацца на тое, як людзі самі сябе называюць. А СМІ павінны прытрымлівацца іх пажаданняў. Экспертка прыводзіць прыклад пра ірландскіх цыганаў, якія сябе называюць “Irish Travellers”, таму брытанскія СМІ ў адносінах да іх выкарыстоўваюць менавіта такі тэрмін. І асобна адзначае, што ў такіх пытаннях трэба арыентавацца на праваабаронцаў.

Якія існуюць меры рэагавання на выкарыстанне “мовы варожасці”?

Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Article 19” распрацавала тыпалогію мовы варожасці, у крытэрый класіфікацыі якой была пакладзена сур’ёзнасць выказванняў.

Калі некарэктная лексіка ўжываецца ў СМІ, то любы чалавек, незалежна ад таго, ці належыць ён да ўразлівай групы, можа звярнуцца ў камісію па этыцы «Беларускага саюза журналістаў» або «Беларускай асацыяцыі журналістаў» з заявай разгледзець канкрэтны тэкст на адпаведнасць Кодэксу журналісцкай этыкі.

У Беларусі існуе вострая праблема недахопу мадэратараў сайтаў, якія б “фільтравалі” каментары на прадмет наяўнасці “мовы варожасці”. У Малдове, напрыклад, дзяржава абавязала адсочваць іх, таму інтэрнэт-парталы ці ўвогуле закрылі магчымасць каментавання, ці перадалі гэтую функцыю спецыяльна прызначаным людзям - мадэратарам.

Як суадносяцца мова варожасці і свабода слова?

Па прычыне таго, што адсутнічае адзіная думка па вызначэнню “мовы варожасці”, часта нават зніжаную лексіку адносяць да яе. Йаана Шыманскі ўказвае на існаванне «мяккай» мовы варожасці, якая часта выкарыстоўваецца журналістамі ненаўмысна. У такім выпадку важна праводзіць праваабронцамі больш асветніцкіх праграм для журналістаў.

Якая практыка па “мове варожасці” ў іншых краінах?

Пазітыўным досведам падзялілася каардынатарка незалежнай арганізацыі “Genderdoc-m”, якая абараняе і прасоўвае права ЛГТБ у Малдове Анжэліка Фралова. На падставе ўласнага досведа экспертка адзначае, што трэба сваечасова пачынаць працу з мовай варожасці, вывучаць яе і спыняць, бо калі яна пераходзіць межы, то гэта абавязкова прыводзіць да дыскрымінацыі, фізічнаму гвалту, знішчэнню. І тое, што гавораць аўтарытэтныя людзі краіны, можа прывесці да сур’ёзных зменаў у грамадстве. Таму важна па кожнаму падобнаму выпадку прадпрымаць меры.

У Малдове дзейнічае Закон “Аб свабодзе выразе думак” 2010 года і Закон “Аб забяспячэнні равенства” 2012 года, якія з'яўляюцца асноўнымі інструментамі барацьбы з "мовай варожасці" ў краіне.

Анжэліка Фралова агучыла некаторыя судовыя справы з уласнай практыкі ў адносінах да распальвання нянавісці і падбухторвання да дыскрымінацыі, якія дзякуючы намаганням арганізацыі “Genderdoc-m” удалося спыніць. У Малдове існуе практыка прад’яўлення iска аб спагнанні кампенсацыі за маральную шкоду і прынясенні публічнага выбачэння. На думку эксперткі, найбольшы эфект мае менавіта грашовае спагнанне. На практыцы яна таксама з’яўляецца спыняльнай мерай. Публічныя асобы, якія раней выказваліся "мовай варожасці", пасля рашэння суда спыняюць падобныя выказванні ў адносінах да любой уразлівай групы. Асаблівасцю такіх кейсаў з’яўляецца тое, што заяўнікамі могуць выступаць грамадскія арганізацыі, якія могуць падаць іск у інтарэсах чалавека ці групы людзей. У Беларусі такая магчымасць адсутнічае.

Хоць у Малдове і адсутнічае рэпрэсіўнае заканадаўства, у адрозненні ад Беларусі, усё роўна суды часта палітызаваны, таму вельмі важна мець альтэрнатыўны механізм абскарджавання.

"Мы шчаслівы, што ў нас працуе такі механізм як ЕСПЧ," - адзначае экспертка.

Якія меры ў адносінах да “мовы варожасці” трэба прадпрымаць?

Каардынатарка ПА “Article 19” Кэйці Морріз раіць у Беларусі больш актыўна развіваць дыялогі паміж журналістамі, праваабаронцамі, меншасцямі і прыходзіць да агульнага славарнага апарату. А таксама на базе школ талерантнасці праводзіць па гэтай тэме адукацыйныя праграмы.

Прадстаўнікі “Article 19” выказаліся, што і далей будуць супрацоўнічаць з Беларуссю па напрамках супраць рэпрэсіўнага заканадаўства, якое абмяжоўвае свабоду слова, і прасоўвання новых ініцыятыў па самарэгуляванню СМІ.

Каардынатарка ПА “Article 19” Кэйці Морріз

Чаму так важна самарэгуляванне СМІ ў Беларусі?

Праваабаронца ПА “Article 19” Кэйці Морріз падкрэслівае, што для Беларусі інструмент самарэгулявання СМІ з’яўляецца важным, паколькі ён будзе абмяжоўваць уплыў і магчымасці ўлады ўключаць механізмы цэнзуры. Орган самарэгулявання мусіць выступаць інструментам абароны для журналісцкай супольнасці ад нападак і спроб ушчаміць свабоду выказвання журналістаў.

Напрыканцы мадэратар Андрэй Палуда адзначыў, што круглы стол стаў лагічным працягам нацыянальнай кансультацыі і адпраўной кропкай для складанай сумеснай працы шматлікіх арганізацый і СМІ. Такім чынам, круглы стол парадзіў новыя тэмы для далейшых дыскусій і дыялогаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства