Рэха 25 сакавіка: актывісту забаранілі ўезд у Беларусь на 5 год, яго чакае дэпартацыя
Раніцай 25 сакавіка на чыгуначным вакзале ў Баранавічах быў прэвентыўна затрыманы актывіст Руслан Канавалаў, які збіраўся прыняць удзел у святочным мітынгу і канцэрце ў Мінску, прысвечаным 100-годдзю БНР.
Падчас праверкі дакументаў, высветлілася, што Руслан мае грамадзянства Расійскай Федэрацыі, а 90-дзённы тэрмін яго знаходжання на тэрыторыі Беларусі якраз завяршыўся.
Аддзел па грамадзянству і міграцыі Баранавічскага РУУС прыняў рашэнне аб забароне ўезду ў Беларусь для Канавалава на 5 год, а яго да моманту дэпартацыі змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.
Руслан дзесятак гадоў жыве ў Беларусі, мае тут шмат сяброў і працу. З-за расійскага грамадзянства быў вымушаны раз на тры месяцы выязджаць у Расію, а затым вяртацца ў Баранавічы. Аднак перад 25 сакавіка не паспеў у чарговы раз гэтага зрабіць і яму пагражае непазбежная дэпартацыя.
Ён, праўда, звярнуўся са скаргай на дзеянні АГІМ у пракуратуру Баранавічаў, аднак спадзяванняў, што будзе адмененае рашэнне аб высылцы, вельмі мала.