viasna on patreon

"Дзень Волі" ў Мінску: затрыманні, РУУСы, пратаколы і вызваленні Дапоўнена

2018 2018-03-25T11:02:02+0300 2018-03-25T22:11:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/den_voli_7_2018.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З 10 гадзінаў раніцы пачаліся рухі каля Тэатра опера і балета ў Мінску. Да месца правядзення канцэрта сцягнуты спецтранспарт - каля 15 бусаў, адна машына хуткай дапамогі, дзяжурыць каля 200 супрацоўнікаў міліцыі па форме, каля дзесятку ў цывільным.

Каля 10 гадзінаў да адной з назіральніц "Валанцёрскай службы" грукаліся ў дзверы супрацоўнікі міліцыі. Стаялі каля 10 хвілін і потым сышлі. 

Паведамляецца, што затрыманы палітык Мікалай Статкевіч, якому было адмоўлена ў правядзенні шэсця ад пл. Якуба Коласа да святочнага канцэрта. Некалькі дзён яго пільнавалі супрацоўнікі міліцыі каля дома. 

Па вуліцы Дарашэвіча калона больш, чым з дзесяць аўтазакаў, ёсць машыны для перавозкі затрыманых. На вуліцы Чырвоная, а таксама каля ст.м. Якуба Коласа таксама стаяць аўтазакі. 

Перакрыт рух па дарозе за Тэатрам оперы і балета. 

Мікалай Статкевіч дастаўлены ў РУУС Ленінскага раёна. 

Каля ЦУМа затрымана тры-чатыры чалавекі, іх вядуць ад метро да аўтазакаў. Гэта Валянцін Троцкі, Рыгор Пагарцаў, Фурс.

Затрымана группа назіральнікаў "Вясны" каля плошчы Якуба Коласа. Шэсць чалавек зараз знаходзіцца ў аўтазаку: Максім Кавалёў, Таццяна Мастыкіна, Андрусь Крэчка, Ганна Саханкова, Наста Лойка

den_voli_7_2018.jpg
Фота Насты Лойка з аўтазаку

На Коласа таксама затрыманыя журналісты Белсату Кацярына Андрэева і Сяргей Кавалёў. Затрыманы і людзі з бела-чырвона-белымі кветкамі, колькасць невядома.

Тым часам на месцы канцэрта растаўленыя рамкі, стаіць шыльда з абазначынымі забароненымі для праносу рэчамі. 

Затрыманні працягваюцца: каля БелДзяржФілармоніі затрымліваюць людзей з бела-чырвона-белымі сцягамі і кветкамі, садзяць у аўтазакі. 

На плошчы Якуба Коласа затрымліваюць людзей і садзяць у аўтазакі. Ужо каля 30 затрыманых, таксама затрымліваюць журналістаў.

На плошчы Коласа затрыманыя таксама Сяргей Спарыш, Алена Талстая і Андрэй Пракаповіч.

Затрымана Вольга Нікалайчык. Ёй удалося незаўважна выйсці з дому, даехаць на таксоўцы да Я.Коласа. Але з таксоўкі ёй нават не далі выйсці: АМАП зацягнуў актывістку адразу ў свой транспарт.

Затрымана і актывістка Майя Навумава. 

На сувязь перастаў выходзіць праваабаронца Зміцер Салаўёў. Магчыма ён сярод затрыманых на Якуба Коласа.

Каля тэатру пачалі запускаць людзей на "святочны" канцэрт. 

Дагляд ажыцяўляюць восем супрацоўнікаў міліцыі.

Па перыметру каля Опернага праз кожныя 50-100 метраў стаяць міліцыянты.

Затрыманы на плошчы Якуба Коласа Анатоль Лоўкіс паспеў перадаць, што аўтазак, у якім яго вязуць, перапоўнены людзьмі. Затрыманні на Коласа скончыліся. Ад плошчы ад'ехалі аўтазакі, людзей на плошчы амаль не засталося. 

Па інфармацыі БелаПАН, сярод затрыманых - карэспандэнт тэлеканала "Белсат" Ігар Ільяш, журналістка Любоў Лунёва, прадпрымальнік Сяргей Балыкін.

"На праходзе з боку Багдановіча ўсё прыемна і ветліва", - адзначаюць назіральнікі.

Валанцёры пераносяць агароджванне, каб павялічыць бяспеку тэхнічнай зоны. Колькасць супрацоўнікаў міліцыі дакладна не вядома, на кожным уваходзе дагляд, гендарны прынцып захоўваецца, рамак няма, ёсць ручныя металашукальнікі ва ўсіх. 

Назіральнікі адзначаюць складанасці ў працы інтэрнэта на канцэртнай пляцоўцы.

den_voli_29_2018.jpg
Аўтобус з супрацоўнікамі міліцыі на вуліцы Куйбышэва

Тым часам стала вядома, што Міколу Статкевічу прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Паведамляецца пра затрыманне сябры Сойму Партыі БНФ Ігара Лялькова.

Ёсць інфармацыя, што актывістаў з "Матчынага руху 328" папрасілі ўбраць плакат са словамі "Вярніце нашых дзяцей" і спыніць збор подпісаў. 

Каля 15 гадзін з Першамайскага РУУС выпусцілі затрыманых: Сяргея Каваленку, Алеся Славінскага, Андрэя Ліпніцкага, Андрэя Лук’янчыка, Рамана Цюкіна, Ганну Амяльчэню. Пачалі выпускаць і з Савецкага РУУС, але пакуль толькі пару чалавек на волі.

Паведамляюць, што Сяргей Спарыш не падпарадкоўваўся патрабаванням міліцыянтаў у РУУС. За гэта на яго апранулі кайданкі і пасадзілі асобна ад асноўнай масы затрыманых, ёсць інфармацыя, што яго збілі. На яго і Троцкага склалі пратаколы за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства па арт. 23.34 КаАП.

"Трымаюць ля сценкі ў РУУС. Нічога не кажуць", - перадае затрыманая назіральніца Таццяна Мастыкіна з РУУС Савецкага раёна. 

den_voli_37_2018.jpg
Затрыманыя ў Савецкім РУУС г. Мінска. Фота Алены Талстой

Пры гэтым юрысты "Вясны" тэлефануюць у РУУС кожныя 20 хвілін, аднак, супрацоўнікі сцвярджаюць, што затрыманых да іх не дастаўлялі.

З Савецкага РУУС выпускаюць людзей, у тым ліку ўжо адпусцілі без складання пратаколаў журналістаў телеканалу "Белсат" - Сяргея Кавалёва і Кацярыну Бахвалаву

У 16.30 усіх затрыманых адпусцілі з Першамайскага РУУС, акрамя блогера з Баранавічаў і чалавека сталага ўзросту.

Як паведамляе Радыё Свабода, на вуліцы Няміга ў цэнтры Мінска людзі ў цывільным пачалі кропкава «адлоўліваць» мінакоў, якія трымаюць нацыянальную сімволіку — стужкі, сцяжкі, балёнікі. Сярод затрыманых — аўтарка Радыё Свабода Галіна Абакунчык. Па словах журналісткі, яе скруцілі два мужчыны без апазнавальных знакаў на вопратцы і заштурхнулі ў сіні мікрааўтобус. Патлумачылі, што ёсць неабходнасьць праверыць яе асобу на прадмет «учыненага злачынства». Яна спрабавала паказаць пашпарт, але дакумент міліцыянтаў не цікавіў. Па тэлефоне Галіна Абакунчык паспела сказаць, што гэтаксама гвалтоўна затрымалі некалькі чалавек са сцяжкамі. Праз нейкі час яе і іншых перасадзілі ў легкавы аўтамабіль і павезлі ў Цэнтральны РАУС.

"Мяня скруцілі пяць человек, прымянілі сілу, адкаталі пальцы і сфоткалі", - паведамляе з РУУС Савецкага раёна Таццяна Мастыкіна. 

 Тыя, хто выходзяць паведамляюць, што да суда могуць пакінуць актывістаў Арцёма Чарняка і Андрэя Шарэнду

Выбіраемся ад опернага ў краму. Падыходзім да выхаду, чую два хлапкі. Паварочваю галаву - на выхадзе амапаўцы лопаюць паветраныя шарыкі, з якімі выходзяць людзі, каб па горадзе з сімволікай не гулялі. Сюр.

Яўген Харужы

За тэрыторыяй опернага тэатра затрыманая журналістка Адар'я Гуштын з нацыянальным сцягам.

Як паведамляе Радыё Свабода, на вуліцы Янкі Купалы затрымалі Багуслава Цыганкова. Ён выйшаў з бацькамі з пляцоўкі Опернага тэатру, прайшоў каля пяці мэтраў і спыніўся сфатаграфаваць і два супрацоўнікі ў цывільным пацягнулі яго ў сіні бус. Бацькі паехалі разбірацца ў Цэнтральны РУУС.

З Савецкага РУУСа выпускаюць астатніх затрыманых. Так на Бычкоўскага Валерыя склалі пратакол па арт. 23.34 КаАП, заўтра ў судзе Савецкага раёна адбудзецца разгляд справы супраць яго. Аналагічны пратакол складзены і на назіральніка Андруся Крэчку, суд у той час у тым жа месцы.

Такая ж сітуацыі і ў адпушчаных Артура Журава, Анатоля Лоўкіса, Галіны Цярэнцьевай, Алены Талстой: пратакол па 23.34 і суд у 12.00. 

Выпусцілі з РАУС усіх затрыманых назіральнікаў, у большасці з іх заўтра адбудзецца разгляд справы ў судзе Савецкага раёна. 

З Цэнтральнага аддзялення міліцыі адпушчаная Адар'я Гуштын.

У Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў збіраліся везці Сяргея Спарыша, Валянціна Троцкага, Андрэя Шарэнду, Кузняцова, Арцёма Чарняка, Віктара Кавалькова (святар), Юры Татур. Аднак, усіх затрыманых адпусцілі, склаўшы пратаколы. 

Жонка палітыка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч паведаміла, што ён патэлефанаваў ёй і сказаў, што яго адпусцілі з Ленінскага РУУС.

Акрамя таго, былі адпушчаныя Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, Леанід Кулакоў, Максім Вінярскі, Яўген Афнагель. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства