Праваабаронца дамагаецца прыёму ў генпракурора: пытанне тычыцца масавых мерапрыемстваў у Барысаве

2018 2018-03-15T14:34:24+0300 2018-03-15T14:39:38+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/barysau-stadyjon-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Месца для правядзення масавых мерапрыемстваў у Барысаве.

Месца для правядзення масавых мерапрыемстваў у Барысаве.

Пасля шэрагу безвыніковых зваротаў у Генеральную пракуратуру з просьбай апратэставаць рашэнне Барысаўскага райвыканкама ад 13 ліпеня 2010 г. “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Барысаўскім раёне”, як неадпавядаючага дзеючаму заканадаўству праваабаронца з Барысава Алег Мацкевіч падаў заяўку Аляксандру Канюку на асабісты прыём.

У пісьмовым звароце ён адзначыў, што шэраг пытанняў у адказах супрацоўнікаў Генеральнай пракуратуры засталіся без разгляду па сутнасці.

Напрыклад, у адказах намесніка генпракурора  А. М. Лашына, начальніка упраўлення па нагляду за выкананнем заканадаўства й законнасцю прававых актаў А. В. Мальцава, начальніка аддзелу па нагляду за захаваннем правоў і свабод грамадзян М. В. Паповай аналізуецца змест закону “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” і робіцца выснова аб адпаведнасці згаданага закона Канстытуцыі краіны і міжнародных абавязальніцтваў Беларусі.

Аднак у скаргах А. Мацкевіч прасіў вынесці пратэст на рашэнне Барысаўскага райвыканкама “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Барысаўскім раёне”, як неадпаведнае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закону Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Пры гэтым аналізу рашэння № 851 Барысаўскага выканкаму ў адказах на скаргі не ўтрымліваецца.

У адказах не аналізуецца, якім чынам інтарэсы дзяржаўнай або грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб, уплываюць на неабходнасць вызначэння адзінага на ўвесь Барысаўскі раён месца для правядзення мірных сходаў.

“Улічваючы, што плошча Барысаўскага раёну больш чым плошча такіх еўрапейскіх краін як Люксембург, Андора, Мальта, Ліхтэнштэйн, Сан-Марына, Манака, Ватыкан, дык  чаму права на мірныя сходы дыскрымінуецца для іншых жыхараў Барысаўскага раёну, якія не жывуць у горадзе Барысаве? Што рабіць, напрыклад, жыхарам Зембіна, Мсціжа або Барані, якія знаходзяцца за дзясяткі кіламетраў ад раённага цэнтру ў выпадку, калі ў іх узнікне патрэба правесці масавае мерапрыемства?  Ехаць ў Барысаў?” – задаецца рэзонным пытаннем Алег Мацкевіч.

Ён падкрэслівае, што без адказу засталося пытанне аб тым, якім чынам можна публічна праводзіць любы з відаў масавых мерапрыемстваў, вызначаных законам,– сход, мітынг, пікетаванне – у месцы, агароджаным з усіх бакоў высокім бетонным плотам, ў аддаленні ад месцаў масавай прысутнасці грамадзян.

Яшчэ больш цікавае пытанне можа ўзнікнуць пры спробе правесці ў вызначаным выканкамам месцы вулічнае шэсце або дэманстрацыю. Ці можна лічыць прыстасаваным для гэтых відаў масавых мерапрыемстваў замкнутую прастору ў некалькі сотняў квадратных метраў? Як у такім выпадку можна арганізаваць “масавы рух”?

Атрымліваецца, што месца для правядзення масавых мерапрыемстваў у Барысаве прызначанае не для ўсіх яго відаў?

Пункт 1 рашэння Барысаўскага раённага выканкаму ад 13 ліпеня 2010 г. № 851 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Барысаўскім раёне”, вызначае толькі адно месца правядзення масавых мерапрыемстваў. Гэта супярэчыць норме, замацаванай у ч. 2 арт. 9 Закону, якая прадугледжвае вызначэнне “месцаў” для правядзення масавых мерапрыемстваў у множным ліку, а таксама месцаў, дзе іх правядзенне не дапускаецца, з паведамленнем аб гэтым у сродках масавай інфармацыі. Рашэнне № 851 месцы, дзе правядзенне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца, не вызначае наогул.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства