viasna on patreon

У Гомелі забаранілі пікет супраць пераследу прафсаюза РЭП

2018 2018-03-12T08:12:35+0300 2018-03-12T08:17:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rep-2.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прафсаюз РЭП.

Прафсаюз РЭП.

Намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Віталь Атаманчук забараніў прадстаўнікам гомельскага аддзялення незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Андрэю Стрыжаку і Леаніду Судаленку правядзенне 15 сакавіка ў Дзень беларускай Канстытуцыі пікета ў абарону свайго прафсаюза. Пра забарону паведамляе “Гомельская Вясна”

«Мы хацелі пратэставаць каля офіса абласнога ўпраўлення Следчага камітэта супраць ціску на наш прафсаюз. Краіна не памятае крымінальных спраў, дзе сотні сяброў арганізацыі выдзіралі на допыты, прымушалі падпісваць дакументы аб невыдаванні, пагражалі позвамі па месцы працы. Крымінальная справа супраць прафсаюза яркае сведчанне таго, што ўлада баіцца нашай рэальнай працы па абароне людзей працы», - заяўляе намеснік старшыні гомельскага офіса РЭП Андрэй Стрыжак.

Прафсаюзны юрыст Леанід Судаленка лічыць, што ўлада па-ранейшаму бярэ на сябе адказнасць за парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзян і заяўляе, што забарона чыноўнікаў ужо абскарджана ў судзе.

«У нас на руках маецца унікальны кейс, а менавіта, забарона на мірны сход па прычыне таго, што мы раней прыцягваліся да адказнасці за ўдзел у мірных сходах. Абсурднасць сітуацыі нават не ў тым, што падобнае непаразуменне прапісана ў беларускім законе, унікальнасць зыходзіць з практыкі - на сходы ў краіне накладзена фактычнае табу, а калі грамадзянін ўдзельнічае ў несанкцыянаванай акцыі, яго пераследваюць адміністрацыйнымі санкцыямі», - пракаментаваў сітуацыю прафсаюзны юрыст.

Нагадаем, у Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка актывісты прафсаюзу РЭП падалі заяўкі на 17 пікетаў у 14 гарадах Беларусі, патрабуючы спыніць крымінальную справу, масавыя допыты і ўмяшанне ва ўнутраныя справы прафсаюза. Аб прынятых рашэннях у іншых гарадах пакуль нічога не вядома.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства