У Змітра Паліенкі можа быць гангрэна, а турэмны доктар не ведае, як яго лячыць Дапоўнена

2018 2018-03-06T11:35:37+0300 2018-03-06T15:10:17+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/palienka123.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Паліенка. Фота "Радыё Свабода"

Дзмітрый Паліенка. Фота "Радыё Свабода"

Доктар Бабруйскай калоніі, не ведае, што адбываецца з нагою палітвязня Змітра Паліенка, рана на якой доўгі час не загойваецца, піша belsat.eu.

«Калі б я ведаў, што гэта, працаваў бы ў шпіталі, а не тут», – так адказаў ён Змітру, падае словы актывіста ягоная сяброўка Марына Насенка.

«Мы таксама не ведаем, што з нагой, каб даслаць адмысловыя лекі. Сам кажа, што падобна на гангрэну. Але гэта ўсе недакладна», – піша яна.

Акрамя гэтага, Змітра зноў вярнулі на старую працу па вырабе пальчатак, ад якой у яго абвастраецца алергія ды астма.

Кіраўніцтва калоніі намагаецца абмежаваць кантакты са зняволеным усімі магчымымі спосабамі.

«Камунікацыя з адвакаткай адбываецца праз шкло і трубку. АГК таксама не змаглі трапіць на асабістую размову з палітвязнем. Лісты з большага вымушаны дасылаць замоўнымі. У грошах, як і дагэтуль, абмежаваны. Тэлефанаваць мае права толькі бацьку», – піша Марына Насенка.

Аднак, па словах бацькі Аляксандра Паліенкі, ніякіх праблемаў са здароўем ў Змітра няма. 

«З нагой у яго цяпер нармальна. Сам піша, што рана ўжо загаілася, усё добра. Не ведаю, адкуль узялася інфармацыя, што былі падазрэнні на гангрэну, мне ён такога не паведамляў», — расказаў Свабодзе пра стан зняволенага сына Аляксандар Паліенка.

Бацька абверг і звесткі пра тое, што сына перавялі ў горшыя ўмовы працы.

«Наадварот. Яго перавялі з вырабу кардонных каробак, дзе шмат пылу, на пашыўку рукавіц. Ён сам папрасіўся, каб перавялі. У яго ж астма была, нельга дыхаць гэтым пылам. Дык цяпер лепш, бо пылу там няма. Хоць там і там амаль нічога не плацяць, можа, за год які рубель атрымае, недзе так. Але на рукавіцах яму лепей», — паведаміў Паліенка-старэйшы.

Змітра Паліенку амаль штомесяц змяшчаюць у штрафны ізалятар за надуманыя парушэнні. Палітвязень мяркуе, што такім чынам адміністрацыя стварае падставы для таго, каб распачаць супраць яго новую крымінальную справу – па арт. 411 ("злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы").

Як раней паведамлялася на сайце mspring.online, 21 лютага грамадская назіральная камісія па Магілёўскай вобласці наведала папраўчую калонію №2 г. Бабруйска, аднак, сустрэцца з палітвязнем так і не ўдалося.

Нагадаем, 12 кастрычніка 2016 Змітра Паліенку асудзілі на 2 гады зняволення з адтэрміноўкаю за нібыта напад на міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які прайшоў у Мінску.

7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Змітра Паліенку вязнем сумлення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства