Суддзі Барысаўскага раёна забыліся на нормы ПВКаАП?

2018 2018-02-16T17:15:04+0300 2018-02-16T17:34:12+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sud_11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцам Алегам Мацкевічам зафіксаваны некалькі выпадкаў, якія, на яго думку, сведчаць аб невыкананні суддзямі суду Барысаўскага раёну нормаў абскаржвання судовых пастановаў аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Ад 4 студзеня 2014 года пад №120-З у Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях былі ўнесеныя змены: ч. 1 арт. 12.4 была дапоўнена выразам – “Пры паступленні заявы аб вырабе матывацыйнай часткі пастановы скарга можа быць пададзеная асобай, якая звярнулася з гэтакай заявай, цягам дзесяці сутак са дня атрымання копіі матывацыйнай часткі пастановы”.

Аднак, на практыцы суддзі ці то забываюцца на гэтую норму, ці то не ведаюць пра яе ўвогуле.

Так, суддзя Барысаўскага суда Сяргей Герасімовіч палічыў скаргу, пададзеную на дзевяты дзень пасля атрымання Алегам Мацкевічам пастановы з матывацыйнай часткай па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, з прапушчаным тэрмінам на абскарджанне. Суддзя вырашыў, што пастанова магла быць абскарджанай у тэрмін 10 дзён з моманту судовага паседжання, на якім праваабаронца прысутнічаў. Не пагадзіўшыся з суддзёй, Алег Мацкевіч абскардзіў як саму пастанову, так і незаконныя, на яго думку, дзеянні суддзі. На цяперашні момант яго скарга знаходзіцца на разглядзе ў Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Гэтакая ж “гісторыя” адбылася з іншым барысаўскім актывістам – Алесем Абрамовічам. Яго скарга, пададзеная ў межах 10 дзён з моманту атрымання на рукі пастановы з матывацыйнай часткай (суддзя – С. Герасімовіч), не была разгледжаная судом касацыйнай інстанцыі з прычыны пропуску тэрміну на абскарджанне.

Яшчэ адзін падобны выпадак здарыўся з галоўным рэдактарам газеты “Борисовские новости”. Справа аб адміністратыўным правапарушэнні ў дачыненні да яго была разгледжаная судом Барысаўскага раёну (суддзя – Яўген Манышэў) 1 снежня 2017 г. Адразу ж пасля суда Анатолій Букас напісаў заяву з просьбай вырабіць матывацыйную частку пастановы. Яна была ім атрыманая 6 снежня 2017 г., а ўжо 14 снежня галоўны рэдактар падаў скаргу на пастанову па справе. У выніку ў Барысаўскім судзе запатрабавалі, каб А. Букас пісаў хадайніцтва аб аднаўленні тэрміну абскарджання.

Да прыняцця зменаў, згодна з ч. 1 арт. 12.4 ПВКаАП, скаргу (пратэст) на пастанову аб адміністратыўным правапарушэнні можна было падаць цягам дзесяці сутак з дня аб’яўлення пастановы, а асобай, якая адсутнічала пры разглядзе справы, – не пазней дзесяці сутак з дня атрымання копіі пастановы.

Як лічыць Алег Мацкевіч, сэнс прыняцця дапаўнення да ч. 1 арт. 12.4 ПВКаАП палягаў у тым, каб павялічыць тэрмін на абскарджанне і даць магчымасць грамадзянам атрымаць матывацыйную частку пастановы, а толькі пасля гэтага на працягу дзесяці дзён падаць скаргу на пастанову па справе аб адміністратыўным правапарушэнні (па аналогіі з нормамі грамадзянска-працэсуальнага права).

mackevich-mini.png

“Гэта абсалютна самастойная норма, з асобнай гіпотэзай і дыспазіцыяй, па характары – імператыўная,  з наяўнасці якой вынікае права абскарджання пастановы цягам 10 дзён пасля атрымання копіі матывацыйнай часткі і абавязак ўпаўнаважаных асобаў дзейнічаць вызначаным чынам – лічыць скаргу, пададзеную цягам дзесяці сутак ад моманту падачы заявы аб вырабе матывацыйнай часткі, пададзенай своечасова, – кажа А. Мацкевіч. - Але, відавочна, што практыка правапрымянення новаўвядзення ў ПВКаАП “кульгае”.

Алег Мацкевіч мяркуе, што дзеянні суддзяў, якія адмаўляюцца лічыць своечасовай скаргу, пададзеную цягам 10 дзён пасля атрымання на рукі пастановы з матывацыйнай часткай, з’яўляюцца незаконнымі, парушаюць патрабаванні ПВКаАП адносна тэрміну абскарджання пастановы па справе аб адміністратыўным правапарушэнні, а таксама канстытуцыйнае права грамадзян на абарону правоў і свабодаў кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом у вызначаныя законам тэрміны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства