viasna on patreon

Справа супраць Святаслава Барановіча: пачатак судовага працэсу Дапоўнена

2018 2018-02-15T11:31:06+0300 2018-02-16T12:39:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/baranovich_sv.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Святаслаў Барановіч у залі суда

Святаслаў Барановіч у залі суда

15 лютага ў 10.30 у судзе Маскоўскага раёна г. Мінска распачаўся судовы працэс па крымінальнай справе Святаслава Барановіча, які быў сярод тых, хто 15 сакавіка 2017 года пасля санкцыянаванага “Маршу недармаедаў” у Мінску перашкаджаў брутальным затрыманням дэманстрантаў на прыпынку грамадскага транспарту “Плошча Бангалор”.  

Яму прад’яўлена абвінавачванне ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутранных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэксу), хаця першапачаткова справу распачалі па хуліганстве (арт. 339 Крымінальнага кодэксу). Святаслаў Барановіч быў затрыманы толькі 3 кастрычніка і да суда знаходзіўся ў СІЗА №1 г. Мінска. 

Паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу, Барановічу пагражае арышт на тэрмін да трох месяцаў, ці абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі – да шасці гадоў.

Справу разглядае суддзя Святлана Бандарэнка. Дзяржабвінаваўца - Валерыя Сяргеенка

Шмат хто з журналістаў і грамадзян ведалі, што разгляд справы пачнецца ў 14.00, аднак як аказался, справу пачалі разглядаць з самай раніцы - у 10.30. 

У судовым працэсе да абеду былі апытаныя сам абвінавачаны, пацярпелы - супрацоўнік АМАП Арцём Паўлаў, сёстры Святаслава Барановіча. Абвінавачаны сваю віну прызнаў, але падкрэсліў, што раней не ведаў пацярпелага і гэта не была помста. Пацярпелы адзначыў, што не мае прэтэнзій да Святаслава Барановіча, у тым ліку маральных. 

Пасля абеду на працэсе былі апытаныя сведкі. Первым выступаў Юры Гіль, супрацоўнік АМАпу, які распавёў, што ён з напарнікам неслі службу ў мабільнай группе на масавым мерапрыемстве "Марш недармаедаў" 15 сакавіка - назіралі за ўдзельнікамі каля кінатэатра "Кастрычнік". Там ён упершыню заўважыў абвінавачанага, бо той быў у яркай чырвонай куртцы з надпісам на спіне "Беларускі бокс". Сам сведка быў у грамадзянскай вопратцы: спартовы касцюм, куртка, пад ёй бронекамізэлька. Таксама ў яго была радыёстанцыя і гарнітура да яе. Юры Гіль з напарнікам сачылі за калонай. Яму не давалі загада каго-небудзь затрымліваць, а толькі сесці ў тралейбус і праследаваць за так званымі анархістамі. Аднак, на прыпынку пачалася валтузня, людзі пачалі крычаць, і сведка пабачыў, як Святаслаў Барановіч каля сярэдніх дзвярэй тралейбуса нанёс некалькі ўдараў супрацоўніку АМАПу, калі той знаходзіўся да яго спіной, з дзвюх рук не больш за два ўдары ў вобласць галавы. Ён заўважыў, што пасля гэтага пацярпелы адыйшоў у бок, не бачыў, што з ім адбывалася пасля. Таксама, не бачыў, што рабіў абвінавачаны. 

Раней Юры Гіль не быў знаёмы з Арцёмам Паўлавым, аднак вызначыў, што ён з'яўляецца яго калегам па вопратцы. Пазней з пацярпелым ён не камунікаваў, не казаў, што быў сведкай яго збіцця. 

Суддзя заўважыла супярэчанні паміж паказаннямі сведкі, дадзенымі на папярэднім следстве і ў суде. Яна ўдакладніла іх праўдзівасць, а менавіта, што ўдзельнікі акцыі не хацелі, каб супрацоўнікі міліцыі зайшлі ў тралейбус, тады сведка заўважыў Арцёма Паўлава і ў яго склалася ўражанне, што задачай пацярпелага было суправаджаць анархістаў. Да гэтага анархісты звярталіся да другіх удзельнікаў акцыі і прасілі, каб яны суправадзілі іх на прыпынак, бо супрацоўнікі міліцыі ў цывільным акружылі іх. Пры гэтым Барановіч знаходзіўся побач, у яго не быў закрыты твар, але быў апрануты каптур.

Наступным быў апытаны Уладзіслаў Мірановіч, таксама супрацоўнік АМАПу. Ён знаёмы з пацярпелым, таксама ў той дзень назіраў за правапарадкам на мерапрыемстве, таксама быў апрануты ў спартовую вопратку, меў пры сабе рацыю, суправаджаў калону ўдзельнікаў па маршруце, бачыў абвінавачанага ў чырвонай куртцы. Ён распавёў, што бачыў Арцёма Паўлава каля пярэдніх дзвярэй тралейбуса, калі завязалася валтузня, аднак, не бачыў, як і хто наносіў пацярпеламу ўдары. Звярнуў увагу, што Святаслаў Барановіч у нейкі момант пачаў уцякаць. 

"Калі б я бачыў ці ведаў, што ён біў некага з супрацоўнікаў, то я бы пачаў яго даганяць, бо гэта прадпісана інструкцыяй па ахове правапарадку", - сцвярждаў Уладзіслаў Мірановіч. 

Пасля да яго падыйшоў пацярпелы і запытаў, ці не бачыў ён, хто наносіў удары, на боль не скардзіўся. Пазней Уладзіслаў Мірановіч убачыў у інтэрнэце відэазапіс бойкі, пазнаў свайго калегу, падумаў, што ўдары наносіў чалавек у чырвонай куртцы, аднак не можа дакладна сцвярджаць быў гэта абвінавачаны ці не. 

Далей суд разгледзеў рэчавыя доказы, сярод якіх акрамя вопраткі, быў дыск з відэазапісам "Бойка анархістаў з КДБ". Удзельнікі працэсу праглядзелі гэты відэазапіс, абвінавачаны сказаў, што пазнае сябе па куртцы. Суддзя адзначыла, што з 15 секунды бачна, як чалавек у чырвонай куртцы наносіць удары. 

Пасля гэтага ў зал суда былі выкліканы яшчэ два сведкі - Максім (прозвішча неразборліва) і Аляксандр Мельнікаў. Абодна сутыкаліся з абвінавачаным па працы, мелі працоўныя стасункі.

Максім патлумачыў суду, што Святаслаў Барановіч распавядаў, што збіраецца пайсці на акцыю, але не казаў з якой мэтай. Пасля распавядаў, што хадзіў, што на прыпынку была патасоўка, але не казаў, што некага біў, толькі адцягваў некага, дапамагаў маладым людзям. Характарызуе абвінавачанага як звычайнага чалавека, спакойнага, аднак са сваім меркаваннем і кропкай гледжання. 

Аднак, і тут Святлана Бандарэнка звяртае ўвагу, што ёсць разыходжанне з тымі паказаннямі, якія Максім даваў на папярэднім следстве 11 снежня 2017 года: нібыта ён казаў, што Святаслаў Барановіч чалавек запальчывы, не вельмі любіў, калі нехта супярэчыў яго меркаванню, самаўпэўнены, не вельмі шчыры, але падаецца яго не падманваў, адкрыта заяўляў, што яму не падабаецца дзейсная ўлада, што ў яго апазіцыйныя ёй погляды. Дакладна ўвесну Святаслаў спытаў, ці бачыў Максім відэазапіс з валтузнёй на прыпынку "Плошча Бангалор", сказаў, што ён "ударыў супрацоўніка міліцыі "по гражданке". Суддзя запыталася, ці можа ён падцвердзіць тое, што казаў на папярэднім следстве, ці бачыў ён пратакол свайго допыта і ці падпісваў яго. Максім адказаў, што следчы зачытаў яму пратакол, дакладна ён не памятае, нічога не дадаваў у яго, падпісаў. Сцвярджаў, што не памятае, каб Барановіч казаў, што ён ударыў каго-небудзь, хаця такія паказанні ў пратаколе ёсць. 

Аляксандр Мельнікаў увогуле не вельмі хацеў адказваць на пытанні, казаў, што гэта не ягоная справа, што з абвінавачаным толькі працаваў, той яму нічога не распавядаў ні да, ні пасля "маршу". Даведаўся аб удзеле абвінавачанага ў акцыі ад следчага, пазнаў Святаслава на відэазапісе, бачыў на відэа, што была патасоўка, але не бачыў бойкі, каб нехта падаў, каб некага моцна збівалі. 

Суддзя ўказала зноў на супярэчанні: падчас допыту ў следчага Аляксандр Мельнікаў сцвярждаў, што летам падчас працы Святаслаў паведаміў, што быў на "Маршы недармаедаў", што падчас акцыі ён "стукнуў супрацоўніка "по гражданке", падрабязнасці не паведамляў.

Сведка доўга не мог ні падцвердзіць, ні абвергнуць гэтыя свае паказанні, пакуль суддзя некалькі разоў не перапытала: "Давалі вы такія паказанні ці не?". Спачатку Аляксандр Мельнікаў адказаў: "Няхай будзе, даваў". Пасля некалькіх перапытанняў казаў: "Ну, даваў", пакуль не зразумеў, што ад яго хочуць адназначнага адказу. Суддзя пацікавілася, чаму ён так неўпэўнена кажа, аднак прыняла такі адказ сведкі. 

Астатнія сведкі на працэс не з'явіліся, у судзе абвешчаны перапынак. На прыканцы працэсу слухачы выкрыкнулі: "Дзякуй ад анархістаў!"

Працяг разгляду адбудзецца 20 лютага, пачатак у 10.00.

Праваабаронцы “Вясны” сочаць за гэтай крымінальнай справай і манітораць судовы працэс.

Нагадаем, Святаслаў Барановіч – адзін з пакараных удзельнікаў акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 г. у Мінску (Плошча-2010).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства