Пракуратура прапануе Дзмітрыю Серадзе звяртацца ў суд

2018 2018-02-14T16:43:54+0300 2018-02-14T17:34:11+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dzmitry_serada.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пацярпелы ад міліцэйскага самавольства Дзмітрый Серада

Пацярпелы ад міліцэйскага самавольства Дзмітрый Серада

Мінскі ўрач-педыятр Дзмітрый Серада атрымаў з Пракуратуры горада Мінска адказ на сваю чарговую скаргу аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы за збіццё супрацоўнікамі міліцыі пры жорсткім затрыманні ў сваёй кватэры і ў спецтранспарце пры дастаўленні ў РУУС.

За подпісам намесніка пракурора горада Дзмітрыя Касцюкевіча ў лісце адзначаецца, што следчым камітэтам па г. Мінску праведзена праверка, па выніках якой неаднаразова прымаліся рашэнні аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, а апошні раз такая адмова была прынятая 18 верасня 2017 года ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях супрацоўнікаў органаў унутранных спраў складу злачынства.  

Намеснік пракурора сцвярджае, што праверка была праведзена ў адпаведнасці з патрабаваннямі закона, а довады заяўніка – ўсебакова правераныя.

“У аснову рашэння аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы пакладзены высновы аб тым, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў дзейнічалі ў рамках паўнамоцтваў, прадастаўленых арт. 25 Закона «Аб органах унутраных спраў». З прынятым працэсуальным рашэннем пагадзіліся, падстаў для яго адмены не ўстаноўлена”, - падкрэсліваецца ў адказе.

Аднак, у сваёй скарзе Дзмітрый Серада ўказваў, што яго збівалі не толькі пры затрыманні, але і пасля – у службовым аўтамабіле пры дастаўленні ў РУУС. А гэта супярэчыць арт. 27 Закона, дзе сказана, што супрацоўнік органаў унутраных спраў ўжывае фізічную сілу, у тым ліку баявыя прыёмы барацьбы, падручныя сродкі для спынення злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў, затрымання асобаў, якія іх учынілі, самаабароны, пераадолення процідзеяння яго законным патрабаванням, калі негвалтоўнымі спосабамі гэта зрабіць немагчыма.

“Падстаў для прымянення фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў у выпадку з маім затрыманнем не было: ніякіх спробаў затрымаць мяне і даставіць да месца вядзення крымінальнага працэсу не рабілася; я не судзімы, маю сталае месца працы і жыхарства. Злачынства, у здзяйсненні якога мяне падазравалі, не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, не носіць гвалтоўнага характару. Такім чынам, супрацоўнікі органаў унутраных спраў відавочна перавысілі свае паўнамоцтвы, ужылі фізічную сілу і спецсродкі не ў мэтах, указаных у законе, а, відавочна, у мэтах паказаць сваю фізічную і ўладную перавагу; зняважыць і запалохаць мяне, зламаць маю волю да правядзення следчых дзеянняў”, - падкрэсліваў у сваёй скарзе ўрач-педыятр.

Аднак, Дзмітрый Касцюкевіч быццам бы не заўважыў гэтае супярэчанне і прапанаваў пацярпеламу па кампенсацыю прычыненай маёмаснай шкоды звяртацца ў суд. Туды ж накіраваў яго намеснік пракурора ў выпадку нязгоды з пастановай аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыя, якія перавысілі службовыя паўнамоцтвы пры яго затрыманні.

Нагадаем, раніцай 4 жніўня 2016 года ў кватэру Дзмітрыя Серады, выбіўшы ўваходныя дзверы і шкло балконнай дзверы ў кухні, уварваліся невядомыя ў масках, паклалі яго тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, апранулі кайданкі і, працягнуўшы збіваць ў спецаўтатранспарце, даставілі ў РУУС Заводскага раёна Мінска. Затрыманы быў дапытаны ў якасці падазраванага ў хуліганстве на падставе ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і адпушчаны толькі на наступны дзень, паколькі ў следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай». 

Неаднойчы на скаргі, падрыхтаваныя пры дапамозе праваабаронцаў "Вясны", заяўнік атрымоўваў адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы за перавышэнне службовых паўнамоцтваў асобамі, якія праводзілі затрыманне. На пачатку студзеня 2017 года пракуратура ўсё ж узбудзіла крымінальную справу, аднак ніякіх зменаў гэта не прынесла - ніхто з супрацоўнікаў АМАПу не быў прыцягнуты да адказнасці. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства