Пракуратура не задаволіла скаргу затрыманага ў навагоднюю ноч валанцёра “Вясны”

2018 2018-02-06T13:58:43+0300 2018-02-06T14:11:36+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/yury_miatelski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пракуратура Слуцкага раёна не знайшла парушэнняў ва умовах утрымання ў камерах ізалятара часовага ўтрымання Слуцкага РАУС. Такі адказ на сваю скаргу атрымаў затрыманы ў ноч на першае студзеня валанцёр Праваабарончага цэнтру “Вясна” Юрый Мяцельскі. 

Юры Мяцельскі
Юрый Мяцельскі

Нагадаем, што Юрый Мяцельскі быў затрыманы супрацоўнікамі АМАПу ў родным горадзе Слуцку, калі гуляў са сваім сябрам. Аднаго з амапаўцаў абурыла, што падчас праверкі дакументаў Юрыя і яго сябра, валанцёр “Вясны” папрасіў і самаго амапаўца прад’явіць дакументы. Гэта і стала прычынай затрымання, хоць потым Юрыя і абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы (паводле арт. 17.1 КаАП).

Затым хлопца адвезлі ў выцвярэзнік для аналізу крыві на алкаголь, а далей у РАУС, дзе пад псіхалагічным і фізічным ціскам вымусілі падпісаць пратакол. Пасля гэтага яго змясцілі ў ізалятар, у якім ён прабыў да трэцяга студзеня.

Юрый Мяцельскі апісаў умовы знаходжання ў камеры наступным чынам:

"Пасцельную бялізну і ручнік проста не выдалі, матрацы былі скамечаныя, не было посуду для пітва. Прастора за акном было накрыта жоўтым, практычна непразрыстым пластыкам, таму святло ў камеры, нягледзячы на ​​наяўнасць свяцілень, было цёмна-жоўтым. З-за гэтага, немагчыма было чытаць, так як вочы стамляліся маментальна. Туалет быў у полі зроку камеры назірання і зачынены сценкай толькі з аднаго боку. На шпацыр не выводзілі. Чаравікі забралі і выдалі тапкі маленькага памеру, прычым абодва правыя. У першы дзень сняданак сумясцілі з абедам".

Праз некалькі дзён пасля выхаду ў ІЧУ валанцёр “Вясны” накіраваў скаргу ў Пракуратуру Слуцкага раёна з падрабязным апісаннем кепскіх умоваў утрымання і з просьбай правесці праверку па гэтым факце.

Напачатку лютага Юрый Мяцельскі атрымаў адказ ад пракуратуры за подпісам пракурора Слуцкага раёна, старшага саветніка юстыцыі Васіля Жыцкага, у якім паведамляецца, што яго скарга разгледжана. Аднак ніякіх парушэнняў Правілаў унутранага распарадку ў частцы матэрыяльна-бытавога забеспячэння затрыманых пракуратура не знайшла і не ўбачыла падставаў для прыняцця мераў пракурорскага рэагавання.

У сваім адказе пракурор спасылаецца на тое, што Юрый Мяцельскі ўласнаручна паставіў подпіс аб адсутнасці скаргаў у журнале ўліку. Да таго ж пракурор згадаў тлумачэнні супрацоўнікаў ІЧУ, а таксама іншых асобаў, што ўтрымліваліся разам з Мяцельскім у камеры №5. Паводле іх, падчас знаходжання ў камеры хлопец сваіх скаргаў на умовы ўтрымання не выказваў і не падаваў у пісьмовай форме. Таксама Васіль Жыцкі пазначыў, што ўмовы ўтрымання ў слуцкім ІЧУ, у тым ліку і ў камеры №5, дзе знаходзіўся валанцёр “Вясны”, адпавядаюць патрабаванням Правілаў утрымання адміністрацыйна затрыманых асобаў.

Юрый Мяцельскі не згодны з такім рашэннем і плануе абскарджваць яго ў Мінскай абласной пракуратуры.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства