Судовыя выканаўцы зацята “перакрываюць кісларод” актывістам

2018 2018-01-18T09:25:53+0300 2018-01-18T09:28:47+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kulakou-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Кулакоў у судзе. Фота Радыё Свабода.

Леанід Кулакоў у судзе. Фота Радыё Свабода.

Актывісты апазіцыйных партый і рухаў, якія зведалі адміністратыўны пераслед і атрымалі штрафы за ўдзел у акцыях пратэсту, скардзяцца на дзеянні супрацоўнікаў упраўленняў прымусовага выканання - судовых выканаўцаў.

Пасля вынясення пастаноў аб адміністратыўным пакаранні ў выглядзе штрафу, не чакаючы нават падцверджання аб аплаце, яны проста пачынаюць літаральна тэрарызаваць грамадзян.

Актывіст “Еўрапейскай Беларусі Леанід Кулакоў распавёў праваабаронцам, што судовыя выканаўцы некалькі разоў прыходзілі да яго дамоў, калі ён знаходзіўся на лячэнні ў шпіталі. Ён кажа аб тым, што згодна з прадпісаннем, выдадзеным судовым выканаўцам А. Касцюк 8 студзеня 2018 года, аператарам «МТС», «Велком» і «Бест» забаронена выконваць абавязацельствы па дамовах аб аказанні паслуг электрасувязі.

Апроч гэтага ў чарговы раз была накладзеная забарона на адчужэнне (арышт) на ягоны аўтамабіль, а самога даўжніка прадпісана “падвергнуць прымусоваму прываду”. І гэта пры тым, што сам Кулакоў хадзіў да судовага выканаўцы, якога не было ў той час на працоўным месцы, звяртаўся ў суд Першамайскага раёна, які вынес пастанову аб пакаранні яго штрафам, каб прадставіць ім копію аб аплаце штрафа. Але копію плацёжнага дакумента да ўвагі ніхто не прыняў.

“Самае дзіўнае ў гэтай гісторыі, - кажа Кулакоў, -- што штраф я аплаціў своечасова, 19 кастрычніка, а дакумент аб аплаце адправіў поштай на адрас канцылярыі суда Першамайскага раёна Мінска, дзе квітанцыю дагэтуль не могуць адшукаць. Гэта поўны бардак!”

Каб нейкім чынам спыніць гэтае чынавенскае бязмежжа Леанід Кулакоў накіраваў скаргу на адрас начальніка ўпраўлення прымусовага выканання упраўлення юстыці Мінгарвыканкама, у якой просіць правесці праверку па агучаных фактах і прыцягнуць вінаватых асоб да ўстаноўленай заканадаўствам адказнасці за незаконнае парушэнне права ўласнасці на  аўтамабіль і забарону на карыстанне паслугамі электрасувязі.

У падобнай сітуацыі апынулася і кінарэжысёр Вольга Нікалайчык, калі вярнулася дамоў з працяглай паездкі ва Украіну. Высветлілася, што пад час яе адсутнасці судовыя выканаўцы вынеслі прадпісанне аб забароне аператарам сувязі МТС і Velcom аказваць паслугі мабільнай сувязі і тэлефанаванні ёй былі заблакаваныя. Вольга Нікалайчык яшчэ восенню выплаціла ўсе запазычанасці па штрафах і не можа зразумець логіку дзеянняў судовых выканаўцаў, акрамя як назваўшы яе ціскам уладаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства