Другая дадатковая праверка па заяве Галіны Лагацкай вынікаў не прынесла

2018 2018-01-08T13:35:08+0300 2018-01-08T15:55:22+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/lagackaia-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Галіна Лагацкая. Фота Радыё Свабода.

Галіна Лагацкая. Фота Радыё Свабода.

Следчы камітэт па Маскоўскаму раёну г. Мінска правеў дадатковую праверку па факту збіцця актывісткі Галіны Лагацкай супрацоўнікамі Маскоўскага РУУС у другі раз, аднак усё адно адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць службовых асобаў.

Гэтым разам праверку праводзіла ўжо іншая следчая - Е. Бяліцкая, якая апытала супрацоўнікаў Маскоўскага РУУС, саму Галіну Лагацкую, праслухала аўдыёзапіс, прадстаўлены пацярпелай, а таксама праглядзела запісы з камераў відэаназірання РУУС, азнаёмілася з вынікамі судова-медыцынскай экспертызы.

Цікава, што апытаны намеснік начальніка РУУС Мікалай Руцкі адмовіўся ад дачы тлумачэнняў, скарыстаўшыся сваім правам не сведчыць супраць самаго сябе (арт. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).

З тлумачэнняў памочніка дзяжурнага аператыўнай дзяжурнай службы Ю. Міхалёнка вынікае, што калі ён вывеў актывістку з кабінета М. Руцкага, тая стала крычаць, што яе збіваюць, прыцягваць да сябе ўвагу, пры гэтым па яго словах, ніхто Галіне Лагацкай ўдараў не наносіў. Жанчына патрабавала выклікаць хуткую дапамогу, аднак Ю. Міхалёнак паведаміў ёй, што тэлефон знаходзіцца на першым паверсе. Яны спусціліся ў файе, дзе Галіна Лагацкая нібыта лаялася, у сувязі з чым Ю. Міхалёнкам было прынятае рашэнне аб затрыманні жанчыны па арт. 17.1 КаАП - "Дробнае хуліганства". Што менавіта сказала актывістка, супрацоўнік РУУС патлумачыць не змог, аднак Галіну Лагацкую змясцілі ў пакой для затрыманых, дзе пратрымалі да прыбыцця хуткай дапамогі, якая даставіла жанчыну ў шпіталь.

Згодна з аўдыёзапісам, прадстаўленным Галінай Лагацкай, факт некарэктных паводзінаў Ю. Міхалёнка і М. Руцкага пацвярджаецца, у адносінах да іх былі прымененыя меры дысцыплінарнага спагнання.

Што тычыцца факта збіцця Галіны Лагацкай супрацоўнікамі РУУС, то Е. Бяліцкая прыходзіць да высновы, што прымяненне насілля і прычынення цялесных пашкоджанняў не знайшлі свайго аб'ектыўнага падцверджання. Аднак, факт прымянення фізічнай сілы не адмаўляецца.

"Разам з тым, фізічная сіла (суправаджэнне ў памяшканне АДС) у адносінах да Лагацкай Г. прыменена закона і абгрунтавана, на падставе заканадаўства", - адзначаецца ў адказе СК.

Па выніку Е. Бяліцкая не ўгледзела ніякіх супярэчанняў і складу злачынства ў дзеяннях М. Руцкага і Ю. Міхалёнка і вынесла пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць іх.

Нагадаем, яшчэ 1 марта жанчына прыйшла на сустрэчу да намесніка начальніка РУУС Маскоўскага раёна М. Руцкага, аднак атрымала “цёплы прыём”: яе зневажалі, цягалі за валасы, нецэнзурна лаяліся. Яна атрымала пры гэтым цялесныя пашкоджанні, што было зафіксавана судмедэкспертамі, якія ўстанавілі наяўнасць на целе кровападцёкаў і гематом. 

Галіна Лагацкая звярнулася з заявай на супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікаў РУУС М. Руцкага і Ю. Міхалёнка ў Маскоўскае раённае аддзяленне Следчага камітэту аб узбуджэнні крымінальнай справы. СК двойчы адмаўляў абараніць інтарэсы жанчыны, аднак і пракуратура двойчы адмяніла пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, накіраваўшы матэрыялы справы на дадатковую праверку. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства