Прызначана дата суда па справе Бяляўскага

2018 2018-01-05T11:19:19+0300 2018-01-08T11:23:03+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiauski-1pg.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Бяляўскі. Фота: Радыё Свабода.

Андрэй Бяляўскі. Фота: Радыё Свабода.

Суд Ленінскага раёна 11 студзеня ў 10.30 пачне разгляд крымінальнай справы супраць мінскага мастака-дызайнера Андрэя Бяляўскага.

Былы фігурант справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў абвінавачваецца ў захоўванні аднага патрона (ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса). Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Такім чынам, адзіны патрон, які няведама колькі гадоў пыліўся ў шафе ў якасці сувеніра, можа стаць прычынай доўгатэрміновага зняволення для Андрэя Бяляўскага.

Нагадаем, Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 21 сакавіка і абвінавачаны па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу - "Навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках" і арт. 287 Крымінальнага кодэкса - “Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання”. Адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе 2 чэрвеня са спыненнем справы па арт. 287 КК. Пад час ператрусу адразу пасля затрымання у яго быў знойдзены спраўны патрон.

12 снежня Следчы камітэт прад’явіў абвінавачанне маладому чалавеку па ч. 2 арт. 295 “Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў” за захоўванне аднаго патрона.

Андрэй Бяляўскі пад час допыту перадаў следчаму, які вядзе справу, хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу, з просьбай прызнаць яго ўчынак з захоўваннем патрона не ўяўляючым грамадскай небяспекі і юрыдычна нязначным. 5 снежня яму было адмоўлена ў задавальненні гэтага хадайніцтва.

Праваабаронцы “Вясны” будуць пільна адсочваць гэтую крымінальную справу і ў выпадку, калі Андрэя Бяляўскага суд пакарае рэальным пазбаўленнем волі, такое пакаранне будзе расцэньвацца, як відавочна непрапарцыйнае і палітычна матываванае. У такім выпадку гаворка пойдзе аб прызнанні яго палітвязнем.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства